Жы́ткавічы
Горад, цэнтр Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. За 233 км на паўднёвы захад ад г. Гомель, за 228 км ад Мінска, чыгуначная станцыя (на лініі Калінкавічы — Лунінец). Звязаны з аўтамагістраллю Брэст — Гомель.
З 1924 г. цэнтр раёна.
Да 1938 г. мястэчка, у 1938–1971 гг. гарадскі пасёлак.
У 1939 г. у Жыткавічах было 4 349 жыхароў.
Жыткавічы акупіраваны 20 жніўня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў Жыткавічах і раёне 1 384 чалавекі, у т. л. у гарадскім пасёлку са жніўня 1941 г. да лютага 1942 г. 167 яўрэяў.
У раёне дзейнічалі Жыткавіцкае партыйна-камсамольскае падполле, Жыткавіцкі падпольны райкам КП(б)Б і Жыткавіцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 25‑я імя П. К. Панамарэнкі, партызанская брыгада 50‑я Жыткавіцкая, партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР, партызанская брыгада 130‑я Петрыкаўская, партызанская брыгада 225‑я, партызанскі атрад П. А. Дудаля, партызанскі атрад «Храбрацы».
Жыткавічы вызвалены 6 ліпеня 1944 г. воінамі 55‑й стралковай дывізіі (палкоўнік К. М. Андрусенка) 89‑га стралковага корпуса 61‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 г.
У Жыткавічах знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму (у лясным масіве каля горада); на пахаваннях пастаўлены помнікі;
памятны знак ваеннапалонным салдатам і афіцэрам Чырвонай арміі;
памятны знак спаленай карнікамі і не адноўленай пасля вайны в. Надубава Жыткавіцкага раёна (за 2 км ад горада).