Дата стварэння: 12.04.2023 11:13:34
Дата змены: 11.09.2024 16:10:52
І́ўе
Горад, цэнтр Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, на р. Івенка. За 158 км на паўночны ўсход ад г. Гродна, за 131 км ад Мінска, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Гаўя (на лініі Ліда — Маладзечна); аўтадарогамі звязаны з Валожынам, Лідай, Навагрудкам.
У 1940–2000 гг. гарадскі пасёлак.
У 1940 г. у Іўі было 3 100 жыхароў.
У першыя дні вайны ў раёне Iўя часці 24‑й Самара-Ульянаўскай Жалезнай стралковай дывізіі (генерал-маёр К. М. Галіцкі) вялі баі з нашмат большымі сіламі праціўніка.
Іўе акупіравана 29 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 2 621 мірнага жыхара, у т. л. больш за 2,5 тыс. вязняў гета. Іўе было моцна разбурана.
У раёне дзейнічалі Іўеўскі падпольны райкам КП(б)Б і Іўеўскі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада імя С. М. Кірава, партызанская брыгада «Уперад» і партызанская брыгада імя Аляксандра Неўскага (усе Баранавіцкай вобласці); выдавалася падпольная газета «Мститель», орган Іўеўскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Іўе вызвалена 7 ліпеня 1944 г. воінамі 32‑й кавалерыйскай дывізіі (генерал-маёр I. П. Калюжны) 3‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса 3‑га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944 г.
У Iўі знаходзяцца:
воінскія могілкі; брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў і партызан; адзіночныя магілы савецкіх воінаў; на магілах пастаўлены помнікі;
за 2 км ад горада — мемарыяльны комплекс «Стоневічы» на месцы загубы і пахавання вязняў гета;
памятны знак у гонар землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.