Карэ́лічы
Гарадскі пасёлак, цэнтр Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, на р. Рута. За 200 км на паўднёвы ўсход ад г. Гродна, за 125 км ад Мінска, 42 км да чыгуначнай станцыі Гарадзея (на лініі Мінск — Баранавічы); на аўтадарозе Навагрудак — Нясвіж.
Да 1958 г. вёска.
Карэлічы акупіраваны 26 чэрвеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне і раённым цэнтры загінула 1 082 мірныя жыхары. У Карэлічах летам 1941 г. гітлераўцы стварылі гета, дзе ўтрымлівалася 989 чалавек. У ліпені 1941 г. па дарозе на г. Навагрудак было расстраляна 105 яўрэяў з Карэлічаў. Каля 700 вязняў было пераведзена ў гета ў Навагрудку і там загублена ў канцы 1942 г.
На тэрыторыі раёна дзейнічалі Карэліцкі падпольны райкам КП(б)Б і Карэліцкі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада «Камсамолец», партызанская брыгада «25 гадоў БССР», партызанская брыгада 1‑я Баранавіцкая, партызанская брыгада 1‑я Беларуская кавалерыйская; партызанскі атрад «Громава» і партызанскі атрад Д. I. Семянцова; выдавалася падпольная газета «Чырвоны партызан», орган Карэліцкага падпольнага райкама КП(б)Б.
Карэлічы вызвалены 8 ліпеня 1944 г. воінамі 283‑й стралковай дывізіі (палкоўнік В. А. Канавалаў) ва ўзаемадзеянні з 269‑й стралковай дывізіяй (генерал-маёр А. В. Кубасаў) 41‑га стралковага корпуса 3‑й арміі 2‑га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 г. У вызваленні Карэліцкага раёна вызначыліся воіны 120‑й гвардзейскай стралковай дывізіі, камандзір якой, генерал-маёр Я. Я. Фогель, быў смяротна паранены каля в. Малюшычы Карэліцкага раёна.
У Карэлічах знаходзяцца:
вайсковыя могілкі, дзе ў брацкіх і адзіночных магілах пахаваны савецкія воіны і партызаны, якія загінулі пры вызваленні Карэлічаў ці сканалі ад ран у шпіталі; на могілках устаноўлены помнік;
мемарыяльны комплекс «Зорка» на ўшанаванне памяці 227 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Карэліцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 1 864 землякоў, што аддалі жыццё за Радзіму ў час Вялікай Айчыннай вайны.