Ле́льчыцы
Гapадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, на р. Убарць. За 215 км на паўднёвы захад ад г. Гомель, за 363 км ад Мінска, 67 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (на лініі Калінкавічы — Оўруч); на аўтадарозе Глушкавічы — Мазыр.
У 1939 г. у Лельчыцах было 2 552 жыхары.
У ліпені — жніўні 1941 г. у раёне Лельчыцаў трымалі абарону Лельчыцкі ўмацаваны раён, пагранічны атрад і Лельчыцкі знішчальны батальён. Фашысты захапілі Лельчыцы 10 ліпеня 1941 г., але пагранічнікі і байцы знішчальнага батальёна выбілі ворага з пасёлка. У сярэдзіне жніўня 1941 г. часці Чырвонай арміі пакінулі Лельчыцкі ўмацаваны раён. На базе партыйна-савецкага актыву Лельчыцкага раёна быў сфарміраваны партызанскі атрад Лельчыцкі, якому камандаванне ўмацаванага раёна перадало 10 станковых кулямётаў. Пасля баёў 3–4 верасня 1941 г. гітлераўцы ўварваліся ў пасёлак, але, блакіраваныя партызанамі, 9 верасня пакінулі яго.
Лельчыцы акупіраваны 23 верасня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 2 148 чалавек, у т. л. у Лельчыцах 685 мясцовых жыхароў і 750 мірных жыхароў з іншых раёнаў Палескай вобласці. Ва ўрочышчы Загор’е каля Лельчыцаў 4 верасня 1941 г. было расстраляна 750 (па іншых дадзеных, 800) яўрэяў з гарадскога пасёлка, сярод якіх знаходзіліся бежанцы з Тураўскага раёна (па іншых звестках, у 1941–1942 загублена ад 790 да 850 яўрэяў).
Гітлераўцы спалілі раённы цэнтр і ўсе вёскі раёна (з 7 314 двароў, якія былі да вайны, 7 305 з усімі надворнымі пабудовамі былі спалены і разбураны, у Лельчыцах былі знішчаны ўсе 473 двары; паводле акта Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў ацалелі толькі 32 дамы ў в. Дубніцкае).
На тэрыторыі раёна дзейнічалі: Лельчыцкі падпольны райкам КП(б)Б і Лельчыцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 130‑я Петрыкаўская, партызанская брыгада 50‑я Жыткавіцкая, партызанская брыгада 37‑я Ельская, партызанская брыгада Лельчыцкая, партызанскі атрад Тураўскі; выдавалася падпольная газета «По сталинскому пути», орган Лельчыцкага падпольнага райкама КП(б)Б.
У час рэйду з Бранскіх лясоў у Правабярэжную Украіну партызанскае злучэнне пад камандаваннем С. А. Каўпака пры ўдзеле Ельскага партызанскага атрада ў ноч на 26 лістапада 1942 г. знішчыла фашысцкі гарнізон у Лельчыцах (больш за 300 гітлераўцаў, у т. л. гебітскамісара), 2 бронемашыны, электрастанцыю, вузел сувязі, 3 нямецкія прадпрыемствы і 2 масты цераз Убарць; вызваліла з турмы каля 100 савецкіх грамадзян.
Вясной 1943 г. намаганнямі ўкраінскіх партызанскіх фарміраванняў (А. Ф. Фёдарава, Я. I. Мельніка, М. I. Навумава, С. Ф. Малікава і інш.) і мясцовых партызан Лельчыцкі раён стаў цэнтрам партызанскага краю, які ахопліваў 14 раёнаў БССР і УССР. Партызаны ўкраінскага злучэння А. М. Сабурава і мясцовыя жыхары каля в. Дубніцкае Лельчыцкага pаёна абсталявалі пасадачную пляцоўку для самалётаў, праз якую забяспечваліся ўзбраеннем і боепрыпасамі партызаны Украіны, Беларусі, Малдавіі і Польшчы. Тут 28–29 мая 1943 г. члены падпольнага ЦК КП(б)У на чале з сакратаром ЦК Д. С. Каротчанкам правялі нараду каманднага палітычнага саставу ўкраінскіх партызанскіх фарміраванняў. У сакавіку, маі і чэрвені 1943 г. у Лельчыцкім раёне на базе дастаўленых самалётамі груп малдаўскіх партызан пры садзейнічанні беларускіх і ўкраінскіх партызан сфарміраваны 3 атрады, якія былі зведзены ў 1‑е Малдаўскае партызанскае злучэнне (камандзір — палкоўнік В. А. Андрэеў). Партызаны папоўнілі свае рады добраахвотнікамі з ліку мясцовага насельніцтва, правялі шэраг баявых аперацый супраць фашыстаў у Лельчыцкім і суседніх раёнах і пайшлі ў рэйд на поўдзень.
Лельчыцы вызвалены 23 студзеня 1944 г. часцямі 14‑й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі (палкоўнік Р. П. Коблаў) 7‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса і 117‑м стралковым палком (падпалкоўнік Ф. I. Вінакураў) 23‑й стралковай дывізіі 89‑га стралковага корпуса 61‑й арміі Беларускага фронту 1943–1944 гг. у ходзе асенне-зімовага наступлення 1943–1944 гг. У вызваленні Лельчыцаў прымала ўдзел Лельчыцкая партызанская брыгада (камандзір К. М. Дамбоўскі) і партызанская брыгада Мазырская імя Аляксандра Неўскага (камандзір А. Л. Жыльскі).
У Лельчыцах знаходзяцца:
брацкая магіла членаў аператыўнай групы ЦК ВЛКСМ, лётчыкаў і партызана, якія загінулі ў 1943 г.; магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях устаноўлены помнікі);
помнік ахвярам фашызму (на месцы расстрэлу яўрэйскага насельніцтва Лельчыцаў);
памятны знак падпольшчыкам;
мемарыяльная дошка ў памяць пра баявую аперацыю партызанскага злучэння С. А. Каўпака.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 4: Кадэты—Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997.
Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 2: Кн 2: Гомельская вобласць / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лельчыцкага раёна / Рэдкал.: У. А. Мірановіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Палiграфафармленне, 2002.
Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.
Памяць Беларусі. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
Численность населения СССР на 17 января 1939 года. По районам, районным центрам, городам, рабочим посёлкам и крупным сельским населённым пунктам. – Москва: Госпланиздат, 1941.
Свидетельствуют палачи: уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941–1944 гг.: документы и материалы / сост.: В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь, 2009.
Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; – Москва: Фонд «Историческая память», 2021.
Холокост в Беларуси: трагедия и память: документы и материалы / сост.: В. Д. Селеменев (руководитель) [и др.]. – Минск: Колорград, 2022.
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983.
Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.
Смиловицкий Л. Л. Евреи Беларуси в годы Холокоста: Сборник избранных статей. – Тель-Авив: б. и. 2021.
Ботвинник М. Б. Памятники геноцида евреев Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2000.
Винница Г. Р. Холокост на оккупированной территории Восточной Белоруссии в 1941 – 1944 годах: монография. – Минск: Ковчег, 2014.