Луніне́ц
Горад, цэнтр Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. За 228 км на ўсход ад г. Брэст, за 241 км ад Мінска. Вузел чыгуначных ліній на гарады Брэст, Баранавічы, Сарны (Украіна), Гомель. Аўтадарогамі звязаны з гарадамі Пінск, Ганцавічы, Калінкавічы.
Да 1920 г. сяло.
З 1940 г. цэнтр раёна.
У 1939 г. у Лунінцы было 8,3 тыс. жыхароў.
Лунінец акупіраваны 10 ліпеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у горадзе і раёне загінула 16 637 чалавек (з іх 3 242 — ваеннапалонныя), у т. л. у Лунінцы 5 384 мірныя жыхары; 2 319 чалавек было вывезена на катаргу ў Германію.
У жніўні 1941 г. ва ўрочышчы Мачула (Магула) каля райцэнтра гітлераўцы расстралялі 1 312 яўрэяў; у сакавіку 1942 г. у Лунінцы было створана гета (утрымлівалася 3 тыс. чалавек), 2 932 вязні якога былі загублены ў верасні 1942 г. ва ўрочышчы Бараўшчына каля горада; у кастрычніку 1942 г. расстраляна звыш 100 яўрэяў-рамеснікаў. Масавыя расстрэлы ў ваколіцах Лунінца адбываліся таксама ва ўрочышчы Баханова, дзе было забіта 805 мірных жыхароў і 2 813 савецкіх ваеннапалонных (паводле акта Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў).
На тэрыторыі раёна дзейнічалі: Лунінецкі падпольны райкам КП(б)Б і Лунінецкі падпольны райкам ЛКСМБ, партыйна-камсамольскае (у вёсках Сінкевічы, Чарабасава) і камсамольска-маладзёжнае (у Лунінцы, кіраўнікі: А. А. Жук, I. В. Лімант; у вёсках Бастынь, Дзятлавічы, Дрэбск, Лунін) падполле, партызанская брыгада імя С. М. Кірава (Пінскай вобласці), партызанскі атрад Лунінецкі; выдавалася падпольная газета «Авангард», орган Лунінецкага падпольнага райкама КП(б)Б.
Падпольшчыкі Лунінца падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі брыгады імя С. М. Кірава, перадалі ім карту размяшчэння ваенных аб’ектаў фашысцкага гарнізона ў Лунінцы, якая была накіравана камандаванню Чырвонай арміі. На падставе гэтых звестак савецкая авіяцыя разбамбіла ваенныя аб’екты гарнізона.
На працягу 1942 г. партызанскія атрады В. З. Каржа, імя С. М. Кірава і імя М. Ц. Шыша часткова ачысцілі ад акупантаў Лунінецкі раён, а да канца 1943 г. была створана адна з першых партызанскіх зон у паўднёва-заходняй частцы Беларусі (чатырохкутнік Ганцавічы — Жлобін — Калінкавічы — Лунінец).
Лунінец вызвалены 10 ліпеня 1944 г. воінамі 23‑й (палкоўнік I. В. Басцееў) і 55‑й (палкоўнік К. М. Андрусенка) стралковых дывізій 89‑га стралковага корпуса 61‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе наступлення на баранавіцка-брэсцкім напрамку ва ўзаемадзеянні з 1‑й (капітан 2‑га рангу С. М. Лялько) і 2‑й (капітан 2‑га рангу У. М. Міцін) брыгадамі рачных караблёў Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі і партызанамі брыгады імя С. М. Кірава.
У баях за вызваленне горада вызначылася 6 часцей і адно злучэнне Чырвонай арміі, ім прысвоена ганаровае найменне «Лунінецкія» (гл. Лунінецкія вайсковыя злучэнне і часці).
У Лунінцы знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан; партызан; магілы Герояў Савецкага Саюза П. М. Багданава, М. С. Давыдава, І. В. Пяцяры, падпольшчыка і партызана А. А. Жука; магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
Курган Бессмяротнасці на брацкай магіле савецкіх воінаў, партызан і ахвяр фашызму;
мемарыяльныя дошкі ў гонар воінаў-вызваліцеляў і партызан, С. В. Панцялееву (былы пракурор Лунінецкага раёна, загінуў у ліпені 1941 пры выкананні задання Цэнтральнага камітэта КП(б)Б па арганізацыі падпольнага і партызанскага руху).