pdf

УШАЦКІ БОЙ 1942 г.

Дата стварэння: 18.02.2025 10:17:36

Дата змены: 27.02.2025 16:10:27


Уша́цкі бой 1942 г.

Бой у Вялікую Айчынную вайну паміж партызанскімі брыгадамі Чашніцкай «Дубава», М. М. Нікіціна і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў г. п. Ушачы 28 верасня 1942 г.

Падрыхтоўка да разгрому гітлераўскага гарнізона ў г. п. Ушачы праводзілася паводле ўказання Віцебскага падпольнага абкама КП(б)‌Б і Беларускага штаба партызанскага руху. План аперацыі распрацаваў начальнік штаба Чашніцкай брыгады С. Я. Барадаўкін, кіраваў баявымі дзеяннямі камандзір брыгады Ф. Ф. Дуброўскі.

За тыдзень да аперацыі была праведзена разведка боем. Даныя разведкі дазволілі партызанам скрытна сканцэнтравацца на рубяжах атакі і ў ноч на 28 верасня нанесці першы ўдар па гарнізоне. Увечары 28 верасня 1942 г. партызаны пачалі штурм умацаваных пазіцый гітлераўцаў, авалодалі будынкамі камендатуры, паліцэйскага ўпраўлення, разграмілі турму і вызвалілі з яе людзей, якіх акупанты прыгаварылі да пакарання смерцю, знішчылі больш за 40 гітлераўцаў, спалілі склад з фуражом. Цяжкія для партызан баі разгарэліся за авалоданне будынкам школы і з падмацаваннем з г. Лепель, якое рвалася на дапамогу акружаным ва Ушачах гітлераўцам. У выніку баёў праціўнік страціў не менш за 50 салдат забітымі і параненымі. У пачатку кастрычніка рэшткі Ушацкага гарнізона пад аховай палявых матарызаваных падраздзяленняў вермахта былі эвакуіраваны ў Лепель. Ушачы былі заняты партызанамі, якія пакінулі ў пасёлку гарнізон на чале з У. С. Максімовічам (гл. ў артыкуле Партызанская брыгада 2‑я Ушацкая імя П. К. Панамарэнкі).


Літаратура
  1. Няскораны край // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / Рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2003.

  2. З дзённіка баявых дзеянняў партызанскай брыгады «Дубава» з 22 ліпеня па 29 верасня 1942 г. // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / Рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2003.

  3. Баі за Ушачы // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / Рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2003.