УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА
pdf

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Дата стварэння: 18.02.2025 10:17:53

Дата змены: 27.02.2025 16:10:27


location Google location Yandex

Ушацкі музей народнай славы імя У. Е. Лабанка


УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Будынак Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Частка экспазіцыі партызанскай карціннай галерэі ва Ушацкім музеі народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Чацвёртая зала ваенна-гістарычнай экспазіцыі Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Трэцяя зала ваенна-гістарычнай экспазіцыі Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Фрагмент ваенна-гістарычнай экспазіцыі Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Фрагмент манументальнага роспісу «У імя жыцця на зямлі» ва Ушацкім музее народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка (мастак У. В. Крываблоцкі).

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Палотны М. І. Абрыньбы ў партызанскай карціннай галерэі Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Першая зала ваенна-гістарычнай экспазіцыі Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Другая зала ваенна-гістарычнай экспазіцыі Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.

УШАЦКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА У. Е. ЛАБАНКА

Вітрына з рэчамі Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка ў экспазіцыі Ушацкага музея народнай славы.

Уша́цкі музе́й наро́днай сла́вы імя́ Геро́я Саве́цкага Саю́за У. Е. Лабанка́

Дзяржаўная ўстанова культуры. Музей комплекснага профілю.

Заснаваны 6 студзеня 1968 г. у г. п. Ушачы Віцебскай вобласці як музей народнай славы. Адкрыты для наведвальнікаў 7 лістапада 1970 г.

У 1978 г., у сувязі з пастановай Бюро ЦК КПБ аб стварэнні партызанскай карціннай галерэі пры музеі, было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага будынка (праект распрацаваны інстытутам «Віцебскграмадзянпраект», аўтар В. В. Ягадніцкі).

Будаўніцтва будынка музея скончылася ў 1982 г. Праект афармлення музея і інтэр’ера быў падрыхтаваны Мінскім мастацка-вытворчым камбінатам (аўтар праекта мастак-графік, заслужаны работнік культуры БССР Э. К. Агуновіч). Афармленнем фасада займаўся мастак Ю. М. Любімаў (манументальная кампазіцыя «Прарыў», 1984). У вестыбюлі размешчаны манументальны роспіс «У імя жыцця на зямлі» плошчай 320 м², які складаецца з 5 кампазіцый: «Фашызму не прайсці», «Хлеб зямлі Ушаччыны», «Вызваленне», «Барацьба за жыццё» «Крах фашызму» (аўтар — мастак-манументаліст У. В. Крываблоцкі).

Музей быў адкрыты для наведвальнікаў 9 мая 1985 г. (па вул. Ленінскай, 29). Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 сакавіка 1999 г. музею прысвоена імя аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху, Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.

У структуру музея ўваходзяць 3 аддзелы: ваенна-гістарычны (роспіс, ваенна-гістарычная экспазіцыя), мастацкі (партызанская карцінная галерэя, выставачная зала) і аддзел фондавай работы. Музей мае два філіялы: мемарыяльны комплекс «Прарыў» музей-сядзібу сям’і В. Быкава.

Агульная плошча музейных памяшканняў — 1 375 м². Пастаянная экспазіцыя займае 381 м². Асноўны музейны фонд складае 16 552 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 8 494 адзінкі (на 1.1.2024).

Музей прысвечаны гісторыі партызанскага руху на Ушаччыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Матэрыял у фондах музея ілюструе перыяд Вялікай Айчыннай вайны і знаходзіцца ў калекцыях: «Дакументы» (даведкі, пасведчанні, характарыстыкі, граматы, кнігі, віншаванні, запрашэнні і інш.), «Фотадакументы», «Мастацтва» (карціны, малюнкі, бюсты, скульптуры, адбіткі лінагравюр, плакаты, лістоўкі, паштоўкі), «Зброя» (аўтаматы, вінтоўкі, гільзы, карпусы снарадаў, мін, пісталеты, кулямёты, стрэльбы, рэвальверы), «Нумізматыка» (казначэйскія білеты, таксама прадстаўлены ордэны, медалі, знакі, значкі, жэтоны), «Рэчавыя» (адзенне, абутак, сувеніры, посуд, медыцынскія інструменты, дзяржаўная сімволіка і інш.), «Газеты» (падшыўкі раённай газеты «Патрыёт», абласныя і рэспубліканскія газеты), «Графіка», «Кінафонадакументы».

Найбольш каштоўнымі матэрыяламі з’яўляюцца арыгіналы карцін і малюнкаў мастакоў-партызан (заслужанага мастака РСФСР М. І. Абрыньбы, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР М. Ц. Гуціева); імянная зброя і кнігі Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка, падпісаныя ім для музея; імянная зброя Маршала Савецкага Саюза І. Х. Баграмяна; узнагароды, дакументы, асабістыя рэчы ураджэнца Ушаччыны, Героя Савецкага Саюза, Ф. Ф. Дуброўскага; дакументы партызанскіх брыгад, якія дзейнічалі на тэрыторыі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны; зброя часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Стацыянарная экспазіцыя музея падзяляецца на 2 асноўныя аддзелы: ваенна-гістарычны і мастацкі.

Праект ваенна-гістарычнай экспазіцыі распрацоўваўся пры ўдзеле супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яна размяшчаецца ў чатырох экспазіцыйных залах агульнай плошчай 381 м² і змяшчае матэрыялы аб гістарычным мінулым Ушаччыны: аб рэвалюцыйных падзеях 1917 г., грамадзянскай вайне, калектывізацыі, рэпрэсіях 1930‑х гг., зараджэнні і развіцці партызанскага руху ў рэгіёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а таксама матэрыялы пра знакамітых землякоў, вядомых дзеячаў літаратуры, мастацтва і навукі, воінах-інтэрнацыяналістах і інш.

Важнае месца ў экспазіцыі займае тэма нямецкіх карных аперацый супраць партызан — «Котбус», «Дробны дождж», «Лівень», «Веснавое свята»; адлюстраваны падзеі Полацка-Лепельскай бітвы 1944 г. У цэнтры адной з зал знаходзіцца карта абароны Полацка-Лепельскай партызанскай зоны і прарыву партызанскімі брыгадамі нямецкай блакады (5.5.1944), выкананая мастаком У. К. Зубаравым з металу. Вакол яе размешчаны матэрыялы, прысвечаныя 16 партызанскім брыгадам, якія ўтрымлівалі самую вялікую партызанскую зону Беларусі і абаранялі яе насельніцтва. Тут можна азнаёміцца з біяграфіямі Герояў Савецкага Саюза А. Ф. Данукалава, Ф. Ф. Дуброўскага, П. М. Раманава, І. М. Цімчука, М. А. Ягорава, І. Х. Баграмяна, поўнага кавалера ордэна Славы А. А. Клопава. Экспануюцца шматлікія фотадакументы, дакументы, баявыя ўзнагароды, асабістыя рэчы і баявая зброя ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, брыгадныя сцягі, партызанскія газеты і лістоўкі, баявыя трафеі.

Мастацкі аддзел экспазіцыі прадстаўлены дзвюма выставачнымі заламі агульнай плошчай 244 м² — мемарыяльнай часткай (партызанская карцінная галерэя) і залай для правядзення зменных выставачных праектаў.

Партызанская карцінная галерэя, якая дзейнічала зімой 1942–1943 гг. у партызанскай брыгадзе Чашніцкай «Дубава» — унікальны выпадак стварэння мастацкіх і графічных работ і арганізацыі мастацкіх выстаў, прысвечаных барацьбе савецкага народа з фашыстамі, на акупаванай тэрыторыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Героі ўшацкай ваеннай эпапеі адлюстраваны на палотнах партызан-мастакоў: М. Ц. Гуціева («Чапаеў у баі», «Выезд брыгады Дубава на заданне», «Бой на шашы», «Бой пад Пышна») і М. І. Абрыньбы (партрэты камандзіраў і партызан, антыфашысцкія сатырычныя плакаты і інш.). Зімой 1944 г. з партызанскай зоны творы былі перапраўлены ў Маскву, дзякуючы чаму яны захаваліся. Многія з гэтых твораў экспануюцца ў мемарыяльнай частцы — партызанскай карціннай галерэі, адноўленай у музеі ў 1978 г. Частка экспазіцыі стылізавана пад штаб партызанскай брыгады і дапоўнена комплексам экспанатаў: самаробнымі пэндзлямі, палітрай, трафейнымі фарбамі і алоўкамі.

У адным з памяшканняў установы знаходзіцца кіназала на 54 месцы для сядзення — «Кабінет патрыятычнага выхавання», дзе дэманструецца дакументальны фільм «Балада пра мужнасць і каханне» (1972). Фільм заснаваны на кадрах, знятых у 1942–1944 гг. на тэрыторыі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны кінааператарамі М. І. Сухавай (загінула падчас прарыву блакады), І. Н. Вейняровічам, А. Б. Рэйзман.