Дата стварэння: 14.10.2024 10:22:45
Дата змены: 25.03.2025 12:13:03
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Дзеразападобныя Lycopodiopsida Bartl. |
Сямейства Дзеразовыя Lycopodiaceae P. Beauv. ex Mirb. |
Дзеразо́выя (Lycopodiaceae P. Beauv. ex Mirb.), сямейства вышэйшых споравых раслін класа Дзеразападобныя.
Сямейства аб’ядноўвае каля 40–60 відаў раслін, якія складаюць 9 родаў. Ва ўмеранай зоне Паўночнага паўшар’я распаўсюджаны пераважна: дыфазіястр (Diphasiastrum Holub), каля 20 відаў; дзераза (Lycopodium L.), каля 15 відаў; дэндралікаподыум (Dendrolycopodium A. Haines), 4–5 відаў; спінулюм (Spinulum A. Haines), 3–4 віды. У Паўднёвым паўшар’і пераважна: аўстралікаподыум (Austrolycopodium Holub), 7–8 відаў; дыфазіум (Diphasium C. Presl ex Rothm.), 4–5 відаў; манатыпныя лікападыяструм (Lycopodiastrum Holub ex R. D. Dixit), ілжэдыфазіум (Pseudodiphasium Holub), а таксама ілжэлікаподыум (Pseudolycopodium Holub).
У Беларусі растуць 3 роды і 5 відаў гэтага сямейства.
Шматгадовыя вечназялёныя расліны з анізатомна галінаванымі парасткамі: доўгімі паўзучымі па паверхні глебы, радзей падземнымі, па ўсёй даўжыні ўкаранёнымі плагіятропнымі парасткамі, ад якіх адыходзяць артатропныя галінкі, што маюць абмежаваны рост. Прыдаткавыя карані прарастаюць праз кару амаль перпендыкулярна сцяблу. Спарафілы адрозніваюцца ад вегетатыўнага лісця, жывуць нядоўга, шчытападобныя або плевачныя, фарміруюць сядзячыя або на ножцы спараносныя каласкі, размешчаныя адзіночна або групамі. Спарангіі часцей за ўсё размешчаны на аснове спарафіла; бакавыя сценкі эпідэрмісу спарангіяў звілістыя, тонкія, адраўнелыя (лігніфіцыраваныя) па ўсёй даўжыні. Споры сеткаватыя, з перыядам спакою. Гаметафіт падземны, няфотасінтэзуючы.
Згодна з данымі малекулярнай сістэматыкі, з’яўленне асноўных родаў у сямействе адносіцца да часавага прамежку (202–) 210,4 (–236) млн гадоў таму мезазойскай эратэмы (эры). У гэты час род лікападыяструм аддзяліўся ад астатняй часткі сямейства. Самымі маладымі з’яўляюцца роды ілжэдыфазіум і аўстралікаподыум, якія вылучыліся 35–66 млн гадоў таму ў час палеагенавай сістэмы (перыяду).