Дата стварэння: 11.06.2025 14:07:06
Дата змены: 13.03.2026 09:56:16
Агракліматы́чныя рэсу́рсы
Сукупнасць агракліматычных умоў, якія вызначаюць велічыню атрыманай сельскагаспадарчай прадукцыі на канкрэтнай тэрыторыі. Характарызуецца трыма асноўнымі паказчыкамі: колькасцю цяпла і вільгаці ў вегетацыйны перыяд і ўмовамі перазімоўкі сельскагаспадарчых культур.
На тэрыторыі Беларусі дастаткова спрыяльныя для развіцця сельскай гаспадаркі агракліматычныя ўмовы. Аднак няўстойлівае надвор’е часам прыводзіць да ўзнікнення з’яў, неспрыяльных для развіцця культур, а часам да частковага іх пашкоджання і нават поўнай гібелі. Да найбольш неспрыяльных з’яў надвор’я адносяцца: у цёплы перыяд — замаразкі; засуха, звязаная з працяглым бездажджоўем і высокай тэмпературай паветра; моцныя ліўні і ападкі, якія суправаджаюцца градам і шквальнымі вятрамі; працяглыя дажджлівыя перыяды, якія пагаршаюць рост культур з прычыны пераўвільгатнення глебы; у халодны перыяд — адлігі, моцныя маразы, прыцёртая ледзяная корка; у ранні веснавы перыяд — вымаканне, выправанне пасеваў, вяртанне халадоў і інш.
Па тэрмічных рэсурсах вегетацыйнага перыяду, умовах забеспячэння вільгаццю тэрыторыя Беларусі падзелена на 3 агракліматычныя вобласці: Паўночную, Цэнтральную і Паўднёвую. У выніку пацяплення клімату і ўзнікнення новай зоны на поўдні Беларусі названыя характарыстыкі змяніліся і патрабуюць удакладнення.