Дата стварэння: 11.06.2025 14:11:41
Дата змены: 11.08.2025 10:16:08
Азія́цкі антыцыкло́н
Іншыя назвы: Азіяцкі максімум, Сібірскі антыцыклон.
Вобласць высокага атмасфернага ціску над Цэнтральнай Азіяй і Сібір’ю з цэнтрам над тэрыторыяй Манголіі; адзін з сезонных цэнтраў дзеяння атмасферы.
З вобласці Азіяцкага антыцыклону асобныя антыцыклоны або грабяні перыядычна ссоўваюцца на Ціхі акіян, папаўняючы субтрапічную зону высокага ціску.
Утварэнне такіх адгалінаванняў звязана з уцягваннем у Азіяцкі антыцыклон сістэмы антыцыклонаў паўночна-заходняга паходжання і прасоўваннем на захад грэбеня Азіяцкага антыцыклону.
Назіраецца пераважна зімой з прычыны моцнага ахаладжэння Еўразіі. Сярэдні ціск у цэнтры Азіяцкага антыцыклону ў студзені перавышае 1030 гПа, у некаторых выпадках можа даходзіць да 1050 гПа.
У летні перыяд Азіяцкі антыцыклон замяняецца Азіяцкай дэпрэсіяй.
На надвор’е ў Беларусі ўплывае заходняе адгалінаванне Азіяцкага антыцыклону: усталёўваецца малавоблачнае сонечнае надвор’е з тэмпературамі паветра каля −10…−20 °С у зімовыя месяцы; вясной і восенню ноччу магчымыя замаразкі.
У Беларусі сярэднегадавая паўтаральнасць надвор’я са значным уплывам Азіяцкага антыцыклону складае 18–20 % часу ў зімовыя месяцы, 10–15 % — у вясновыя і восеньскія.
У сувязі з глабальным пацяпленнем інтэнсіўнасць і ахалоджвальны эфект Азіяцкага антыцыклону будуць слабнуць.