Дата стварэння: 07.05.2025 14:03:30
Дата змены: 01.07.2025 09:47:03
Зальвя́нка
Рака ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці і ў Ваўкавыскім, Зэльвенскім, Мастоўскім і Свіслацкім раёнах Гродзенскай вобласці. Даўжыня 170 км.
Левы прыток ракі Нёман. Асноўныя прытокі: Шчыба, Ружанка, Іванаўка (правыя), Сасва, Самараўка, Юхнаўка (левыя).
Пачынаецца паміж вёскамі Лідзяны і Кулявічы Свіслацкага раёна.
Плошча вадазбору 1 940 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11 м³/с.
Даліна трапецападобная, шырыня ў ніжнім цячэнні ад 0,5 да 3–4 км.
Рэчышча моцна звілістае, шырыня ў межань 15–20 м; каналізавана на двух участках агульнай працягласцю 36,9 км (у 1968 і 1974 ад вытоку да вёскі Краскі Ваўкавыскага раёна, 16 км; у 1979–2 км на поўнач ад гарадскога пасёлка Зэльва — 2 км на поўнач ад вёскі Ліхінічы, 20,9 км).
Берагі пясчаныя, стромкія і абрывістыя.
Замярзае ў 3‑й дэкадзе снежня, лёд трымаецца да сярэдзіны сакавіка.
Максімальны ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пачатку 3‑й дэкады сакавіка.
Водзяцца шчупак, гусцяра, верхаводка, ялец, плотка, мянтуз, акунь, ёрш; выдра, андатра, норка.
На рацэ размешчаны: горад Масты, гарадскі пасёлак Зэльва. На рацэ вадасховішчы Зэльвенскае і Паперня.