ВАБІЧ, рака ў Круглянскім, Шклоўскім і Бялыніцкім раёнах Магілёўскай вобласці
pdf

ВАБІЧ

Дата стварэння: 21.05.2025 15:20:42

Дата змены: 29.12.2025 14:11:58


Ва́біч

Рака ў Круглянскім, Шклоўскім і Бялыніцкім раёнах Магілёўскай вобласці. Даўжыня 74 км.

Левы прыток ракі Друць (басейн ракі Дняпро). Асноўныя прытокі: Чарнаводка, Васілеўка, Лімнічанка (злева), Свяці (справа).

Плошча вадазбору 565 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,5 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,6 ‰, гушчыня рачной сеткі 0,38 км/км².

Пачынаецца за 1,7 км на паўднёвы ўсход ад в. Бураўшчына Круглянскага раёна, вусце за 2 км на ўсход ад вёскі Пры́бар Бялыніцкага раёна.

Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Пад лесам 17 % тэрыторыі вадазбору.

Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэднім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шырынёй 0,6–1 км.

Схілы спадзістыя. Пойма двухбаковая, пераважае шырыня 0,2–0,4 км, падчас разводдзя затапляецца на глыбіню 0,4–1 м (да двух тыдняў). Берагі нізкія, забалочаныя.

Рэчышча звілістае, шырынёй 10–25 м, каналізаванае ад вытоку на працягу 27 км да вёскі Забалацце Бялыніцкага раёна і ад вёскі Рудня Бялыніцкага раёна да вусця (12 км).

Максімальны ўзровень разводдзя ў 3‑й дэкадзе сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 2 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом адбываецца ў 3‑й дэкадзе сакавіка. На веснавы перыяд прыпадае 52 % гадавога сцёку.

У рацэ водзяцца шчупак, верхаводка, пячкур, ялец, плотка, ёрш, акунь і інш.