ДАЎЖАНКА, рака ў Бялыніцкім і Клічаўскім раёнах Магілёўскай вобласці
pdf

ДАЎЖАНКА

Дата стварэння: 21.05.2025 15:25:49

Дата змены: 26.01.2026 09:54:02


Даўжа́нка

Рака ў Бялыніцкім і Клічаўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Даўжыня 37 км.

Правы прыток ракі Друць (басейн ракі Дняпро). Асноўны прыток — рака Рудка (правы).

Плошча вадазбору 272 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,3 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 1 .

Пачынаецца з меліярацыйнай канавы за 0,8 км на паўночны захад ад вёскі Журавок Бялыніцкага раёна, вусце на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі Даўжанка Клічаўскага раёна.

На вадазборы пераважае лес.

Даліна невыразная, у ніжнім цячэнні трапецападобная, дробнаўрэзаная, шырынёй 1 км.

Цячэ па паўднёва-ўсходняй ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны па тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Астравы Дулебы».

Схілы спадзістыя, пясчаныя і супясчаныя, парэзаныя далінамі прытокаў, да аграгарадка Доўгае Клічаўскага раёна зараслі мяшаным лесам, ніжэй адкрытыя, пад раллёй.

Пойма двухбаковая, лугавая, у верхняй частцы забалочаная, пад хмызняком або лесам, шырынёй 100–300 м.

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 55 % гадавога сцёку.

Рэчышча звілістае, каналізаванае на працягу 9,1 км (ад вытоку да 4,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Дручаны); у 1982 г. праведзена паўторнае рэгуляванне ад вытоку на працягу 1,2 км, таксама ніжэй ад Дручан на працягу 0,3 км.