Дата стварэння: 21.05.2025 15:27:35
Дата змены: 29.12.2025 10:47:15
Лахва́
Рака ў Шклоўскім, Магілёўскім і Быхаўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Даўжыня 90 км.
Правы прыток ракі Дняпро. Асноўныя прытокі: Лахвіца, Жыварэзка, Праціўніца (правыя).
Плошча вадазбору 731 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,6 ‰.
Пачынаецца за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Старая Вадва Шклоўскага раёна, вусце на ўсходняй ускраіне вёскі Залахвенне Быхаўскага раёна.
Цячэ пераважна па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.
Даліна трапецападобная, шырынёй 0,5–0,8 км у верхнім цячэнні, 1–1,5 км у ніжнім.
Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, вышынёй 10–25 м. Пойма двухбаковая, шырынёй 0,4–0,6 км, слабаперасечаная, пераважна пад лесам.
Берагі вышынёй 0,5–1 км, у ніжнім цячэнні да 2 м. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 52 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка. Максімальная вышыня над самай нізкай межанню да 2,2 м (1956) у ніжнім цячэнні.
Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка.
Водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, верхаводка, карась сярэбраны і залаты, пячкур, галавень, язь, ялец, плотка, краснапёрка, лінь, сом, мянтуз, джгір звычайны, акунь, у вусці — жэрах, чахонь, джгір-насар.
Рэчышча каналізавана на працягу 22,2 км у Магілёўскім раёне: у 1963 г. (ад пункта за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Селішча да пункта за 0,8 км на захад ад вёскі Лужкі, 2,2 км; ад пункта за 1,2 км на поўдзень ад пасёлка Лахва да вёскі Нізкая Вуліца, 6 км) і ў 1979 г. (ад пункта за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Ямніца да моста на аўтамабільнай дарозе Бабруйск — Магілёў, 14 км); на астатнім працягу рэчышча звілістае, шырыня яго 15–20 м, месцамі да 40 м.
Рэжым ракі вывучаўся ў 1932–1957 гг.
Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.
На рацэ знаходзіцца зона адпачынку мясцовага значэння Лахва, санаторый-прафілакторый «Зарніца» ў вёсцы Сумарокава, санаторый «Энергетык» у аграгарадку Мяжысеткі Магілёўскага раёна.