Дата стварэння: 22.05.2025 10:20:28
Дата змены: 01.07.2025 10:27:50
Лясна́я
Рака рака ў Брэсцкім і Камянецкім раёнах Брэсцкай вобласці Беларусі і ў Польшчы. Даўжыня 85 км.
Правы прыток ракі Заходні Буг. Асноўныя прытокі: Крывуля, Тачыя, рака без назвы каля вёскі Трасцяніца, Лютая (правыя), Градаўка (левы).
Утвараецца ад зліцця рэк Лясная Правая і Лясная Левая за 1 км на ўсход ад вёскі Вугляны Камянецкага раёна, вусце за 0,5 км на захад ад вёскі Церабунь Брэсцкага раёна. Працякае па Высокаўскай раўніне і нізіне Брэсцкага Палесся.
Плошча вадазбору 2 650 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 13 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,2 ‰.
Даліна шырынёй 2–4 км.
Схілы вышынёй да 15–20 м (месцамі да 30 м), умерана стромкія, перасечаны лагчынамі, ярамі, асушальнымі каналамі.
Пойма двухбаковая, шырынёй 200–400 м (максімум 1 км), лугавая, радзей — зарослая хмызняком; у час разводдзя затапляецца вадой на глыбіню 0,3–0,8 м тэрмінам да трох тыдняў.
Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае, шырыня ў межань 20–30 м; каналізаванае ў 1970 г. па ўсёй даўжыні ракі.
Берагі вышынёй 1–1,5 м (месцамі 3–4 м), адкрытыя, пад хмызняком, забалочаныя.
Максімальны ўзровень вясновага разводдзя ў канцы 2‑й дэкады сакавіка, сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 1,5 м, максімум 2,1 м (1958). На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 43 % гадавога сцёку.
Замярзае ў 3‑й дэкадзе снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка.
Вясновы крыгаход працягваецца 6 сутак.
Водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, верхаводка, карась залаты і сярэбраны, язь, плотка, краснапёрка, пячкур, лінь, мянтуз, акунь, ёрш.
Рэжым ракі вывучаецца з 1928 г. на гідралагічных пастах у горадзе Камянец і вёсцы Цюхінічы Брэсцкага раёна.
Выкарыстоўваецца як прыёмнік меліярацыйных сістэм.
На рацэ знаходзіцца горад Камянец, каля вёскі Цюхінічы размешчана плаціна.