Бе́лае
Возера ў Брэсцкім раёне.
Размешчана ў басейне ракі Серадовая Рэчка, за 30 км ад горада Брэст, за 3 км на паўночны ўсход ад вёскі Дубіца.
Плошча 0,5 км², даўжыня 1,05 км, максімальная шырыня 0,62 км, максімальная глыбіня 21,5 м. Абʼём вады 2,6 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 2,8 км. Плошча вадазбору 140 км².
Схілы катлавіны невысокія, пясчаныя, парослыя лесам.
Берагі пясчаныя, з паўночнага боку багністыя, зарослыя балотнай расліннасцю (дрыгва, сплавіна).
Дно да глыбіні 2 м складзена глеістым пяском, глыбей сапрапелістае. У розных месцах катлавіны ёсць крыніцы, якія жывяць возера.
Зарастае слаба. Каналамі злучана з азёрамі Рагазнянскае (на паўночным усходзе) і Чорнае (на поўдні).
Водзяцца шчупак, карась залаты і сярэбраны, плотка, акунь.
Каля возера размешчаны курорт Возера Белае: турысцка-аздараўленчы комплекс «Белае возера», базы адпачынку.