Рагазня́нскае
Іншая назва: Збунінскае.
Возера ў Брэсцкім раёне.
Размешчана ў басейне ракі Серадовая Рэчка, за 30 км на поўдзень ад горада Брэст, за 3,5 км на захад ад вёскі Рагозна. Уваходзіць у Брэсцкую групу азёр.
Злучана каналам з возерам Белае, выцякае ручай, які ўпадае ў Серадовую Рэчку.
Плошча 0,4 км², даўжыня 0,97 км, максімальная шырыня 0,72 км, максімальная глыбіня 5,8 м. Абʼём вады 1,05 млн м³. Берагавая лінія (даўжыня 3,4 км) звілістая. Плошча вадазбору 13,33 км².
Катлавіна суфазійна-карставага тыпу, выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад, складаецца з 2 плёсаў.
Схілы вышынёй 3–4 м, спадзістыя, пад лесам, на поўначы і ўсходзе возера акружана выдмамі.
Дно выслана пясчанымі адкладамі і сапрапелем, мелкаводдзе шырынёй да 100 м. Зарастае ўздоўж берагоў.