Дата стварэння: 07.08.2025 14:53:29
Дата змены: 26.01.2026 09:54:39
До́басна
Іншыя назвы: Дабасна́, До́бысна.
Рака ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці, Рагачоўскім і Жлобінскім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня 81 км.
Правы прыток ракі Дняпро. Асноўныя прытокі — рэкі Беліца (левы) і Язнач (правы). На рацэ знаходзіцца вадасховішча Добасна.
Плошча вадазбору 874 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,6 ‰.
Пачынаецца каля пасёлка Скачок Кіраўскага раёна, вусце на паўднёвай ускраіне горада Жлобін.
Цячэ ў межах паўднёвай часткі Гомельскага Палесся.
Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шырынёй 700–900 м.
Схілы слабапаздзеленыя, спадзістыя, месцамі ўмерана стромкія, вышынёй 6–10 м, пясчаныя і супясчаныя, пераважна пад раллёй.
Пойма двухбаковая, шырынёй 200–300 м. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 55 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў пачатку 3‑й дэкады сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,8 м (у ніжнім цячэнні).
Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у 3‑й дэкадзе сакавіка. Вясновы крыгаход 3–5 сутак.
Рэчышча шырынёй 5–15 м, каналізаванае ў 1963 г., 1968–1975 гг. на працягу 69,9 км (ад вытоку да вёскі Гарбачоўка, 51,4 км; ад вёскі Краснабярэжская Слабодка Жлобінскага раёна да чыгункі Калінкавічы — Жлобін, 18,5 км); у 2000 г. праведзена паўторнае паглыбленне і пашырэнне на ўчастку ад вёскі Пархімкаўская Слабада да вёскі Вялікія Філіпкавічы Рагачоўскага раёна (2,4 км).
Рэжым ракі вывучаўся ў 1931–1941 гг., назіранні вядуцца на гідралагічным пасту вёскі Малевіцкая Рудня Жлобінскага раёна.