ВЕДЗЬМА, рака ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці і Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці
pdf

ВЕДЗЬМА

Дата стварэння: 31.10.2024 14:14:03

Дата змены: 23.06.2025 09:44:51


Ве́дзьма

Іншая назва: Вядзьмянка.

Рака ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці і Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Даўжыня 35 км.

Левы прыток ракі Шчара. Асноўны прыток — рака Шавялёўка.

Пачынаецца каля вёскі Пагарэльцы Нясвіжскага раёна. Вусце на паўночны ўсход ад вёскі Задвор’е Ляхавіцкага раёна.

Плошча вадазбору 267 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,6 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,8 ‰. Вадазбор у межах Баранавіцкай раўніны, лясістасць каля 5 % тэрыторыі (пераважна ў нізоўях).

Даліна не выражана.

Схілы спадзістыя, на вялікім працягу зліваюцца з прылеглай мясцовасцю.

Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, яе шырыня 300–700 м.

На працягу 18,9 км рэчышча каналізавана: ад вытоку да вёскі Сваятычы Ляхавіцкага раёна (9,5 км) і ад вусця ракі і Шавялёўка да горада Ляхавічы (9,4 км). Шырыня рэчышча ў межань 2‒10 м.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 45 % гадавога сцёку.

У пойме — меліярацыйныя каналы, каля вёскі Кавалі Ляхавіцкага раёна — сажалка (плошча 0,15 км² ).