Дама́наўскае
Вадасховішча ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Размешчана ў сутоку рэк Шчара і Грыўда, за 16 км на паўночны ўсход ад горада Івацэвічы, каля аграгарадка Даманава.
Пабудавана ў 1954 г.
Плошча 1,5 км², даўжыня 7 км, максімальная шырыня 0,2 км, максімальная глыбіня 3,5 м. Аб”ём вады 1,82 млн м³.
Плошча вадазбору 4160 км². Вадазбор раўнінны, месцамі хвалісты, слабаперасечаны (разаранасць 40 %, залесенасць 18 %, забалочанасць 31 %), на вадазборы найбуйнейшыя азёры Выганашчанскае і Бабровіцкае.
Сярэдні гадавы сцёк 523 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 1,1 м.
Рэчышчавае, сезоннага рэгулявання.
Чаша вадасховішча — частка поймаў Шчары і Грыўды, якія агароджаны дамбай даўжынёй 6,75 км. Напаўняецца вадой з ракі Шчары, якая паступае праз шлюзы вадасховішча Чамялынскае, размешчанага вышэй па цячэнні. Берагі параслі травой.
Збудаванні гідравузла: плаціна, 2 агараджальныя дамбы (даўжыня левабярэжнай 4,78 км, правабярэжнай — 3,86 км), вадаскід, ГЭС.
Выкарыстоўваецца для таварнай рыбагадоўлі і водазабеспячэння сажалак ААТ «Доследны рыбгас «Сялец», для рэкрэацыі.