ЛУКОНІЦА, рака ў Слонімскім, Зэльвенскім і Мастоўскім раёнах Гродзенскай вобласці
pdf

ЛУКОНІЦА

Дата стварэння: 31.10.2024 14:18:15

Дата змены: 29.12.2025 13:19:16


Луко́ніца

Рака ў Слонімскім, Зэльвенскім і Мастоўскім раёнах Гродзенскай вобласці. Даўжыня 32 км.

Левы прыток ракі Шчара. Ёсць невялікія прытокі злева, у нізоўі прымае сцёк з меліярацыйных каналаў. Цячэ па Слонімскім узвышшы.

Выток на паўднёвы захад ад вёскі Плаўскія Слонімскага раёна. Цячэ па тэрыторыі Зэльвенскага раёна, упадае ў Шчару на поўнач ад вёскі Дубраўка Мастоўскага раёна.

Плошча вадазбору 205 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,1 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 2 ‰.

Даліна выразная, трапецападобная, у верхнім і сярэднім цячэнні вузкая, звілістая, шырыня 200–900 м.

Рэчышча каналізавана ў 1958–1959 гг. і 1962 г. на працягу 15 км (ад пункта за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Ермалоўшчына Слонімскага раёна да пункта за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі Ярнева Зэльвенскага раёна, даўжыня ўчастка 1,5 км; ад вёскі Пруд Зэльвенскага раёна да вусця, даўжыня ўчастка 13,5 км).

Берагі стромкія і абрывістыя. Схілы вышынёй да 20 м, спадзістыя і ўмерана стромкія, адкрытыя, парэзаны далінамі прытокаў і ярамі.

Пойма забалочаная, месцамі чаргуецца па берагах, вузкая, шырыня 100–500 м.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 45 % гадавога сцёку.

Гідралагічныя назіранні на рацэ вядуцца з 2006 г.