Дата стварэння: 31.10.2024 14:32:33
Дата змены: 16.12.2024 10:27:54
Ры́та
Рака ў Маларыцкім і Брэсцкім раёнах Брэсцкай вобласці. Даўжыня ракі 62 км.
Левы прыток ракі Мухавец.
Пачынаецца ад трубы-рэгулятара каля вёскі Сушытніца Маларыцкага раёна. Раней пачыналася з возера Крымна (Валынская вобласць Украіны), пасля меліярацыйнай рэканструкцыі верхняе цячэнне пераведзена ў раку Маларыта (пры неабходнасці частка сцёку можа накіроўвацца ў Рыту). Цячэ па Брэсцкім Палессі. Упадае каля ўсходняй ускраіны вёскі Літвіны ў Мухавец. Вусце каля ўсходняй ускраіны вёскі Літвіны Брэсцкага раёна. За 2 км вышэй ад аўтадарогі Ляхаўцы — Макраны частка сцёку Рыты накіроўваецца ў Лукаўскае вадасховішча, ніжэй ад вусця Маларыты рэчышча набывае прыродныя параметры.
Плошча вадазбору 1 730 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,3 м³/с. У створы Рыта — вёска Малыя Радванічы (11 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 3,9 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 18,2 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 0,9 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 1,5 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,6 ‰.
Пойма двухбаковая, нізкая, забалочаная (шырыня 0,3–0,5 км), перасечана меліярацыйнымі каналамі, у верхнім і сярэднім цячэнні меліяраваная. Сярод забалочаных масіваў вылучаюцца пясчаныя ўзгоркі вышынёй да 3–6 м.
Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу, за выключэннем 3,5 км вышэй вусця.
Берагі стромкія, месцамі абрывістыя.
Максімальны ўзровень разводдзя ў пачатку 3‑й дэкады сакавіка. На перыяд вясновага разводдзя прыпадае каля 46 %, на летне-асеннюю межань — 31, зімовую — 23 % аб’ёму гадавога сцёку.
Замярзае ў 3‑й дэкадзе снежня, лёд трымаецца да сярэдзіны сакавіка.
Вясновы крыгаход 7 сутак.
На рацэ дзейнічае гідралагічны пост у вёсцы Малыя Радванічы.
Рака прымае сцёк меліярацыйных каналаў.