ВОДНЫЯ РЭСУРСЫ. ГІДРАГРАФІЧНАЯ СЕТКА
- Рэкі
- Азёры
- Вадасховiшчы
- Асаблівасці функцыянавання прэснаводных экасістэм
- Крыніцы
- Водныя рэсурсы і іх выкарыстанне
Рэкі
Дата стварэння: 10.09.2024 16:22:48
Дата змены: 19.09.2024 15:28:59
Беларускія рэкі адносяцца да басейнаў двух мораў — Чорнага і Балтыйскага. Звілістая лінія іх водападзелу праходзіць з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад краіны па Аршанскім, Мінскім і Капыльскім узвышшах, затым ідзе па паўночна-заходняй ускраіне Палесся і, паварочваючы на поўдзень у раёне г. Пружаны, перасякае Дняпроўска-Бугскі канал і пераходзіць на тэрыторыю Украіны.
Галоўны водападзел паміж морамі падзяляе тэрыторыю Беларусі на 2 часткі, большая з іх належыць Чарнаморскаму басейну (57 % тэрыторыі). У Чорнае мора нясуць свае воды рэкі басейнаў Дняпра і Прыпяці, у Балтыйскае мора — басейнаў Заходняй Дзвіны, Нёмана і Заходняга Буга (рыс.).

Невялікая па плошчы тэрыторыя на крайнім паўночным усходзе Віцебскай вобласці занята вярхоўямі ракі Ловаць, што ўпадае на тэрыторыі Расіі ў возера Ільмень, якое належыць гідраграфічнай сетцы басейна Балтыйскага мора.
Агульная даўжыня рэк, якія працякаюць па тэрыторыі Беларусі, дасягае 90,6 тыс. км. Пры гэтым 19 300 рэк (93 % ад агульнай іх колькасці) — малыя рэкі і ручаі даўжынёй да 10 км. Колькасць рэк даўжынёй ад 10 да 100 км — 1 452, ад 100 да 500 км — 48, больш за 500 км — 7. Да буйных рэк даўжынёй больш за 500 км адносяцца Днепр, Заходняя Дзвіна, Нёман, Заходні Буг, Прыпяць, Сож, Вілія і Бярэзіна. Трансгранічнымі з’яўляюцца 7 з іх (за выключэннем Бярэзіны). У межах краіны працягласць рэчышч 500 км і больш маюць толькі 2 ракі: Днепр і яго найбуйнейшы прыток Бярэзіна (табліца 1).
Рака |
Даўжыня ракі, км |
Плошча вадазбору, км² |
||
агульная |
у межах краіны |
агульная |
у межах краіны |
|
Днепр |
2 145 |
689 |
504 000 |
67 460* |
Заходняя Дзвіна |
1 020 |
345 |
87 900 |
33 150 |
Нёман |
914 |
431 |
98 200** |
34 610 |
Заходні Буг |
831 |
169 |
73 470 |
9 990 |
Прыпяць |
761 |
495 |
121 000 |
50 900 |
Сож |
648 |
493 |
42 140 |
21 700 |
Бярэзіна |
613 |
613 |
24 500 |
24 500 |
Вілія |
510 |
276 |
25 100 |
10 920 |
* Без Прыпяці.
** Уключаючы вадазбор Віліі. |
Днепр — першая па велічыні і воднасці рака Беларусі — уваходзіць у шэраг найбуйнейшых рэк Еўропы, займае 3‑е месца пасля Волгі і Дуная. Працякае па тэрыторыі Расіі, Беларусі і Украіны. Бярэ пачатак з паўднёвых схілаў Валдайскага ўзвышша, упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага мора.
У межах Беларусі Днепр працякае сваім верхнім цячэннем, фарміруючы з прытокамі Сожам і Бярэзінай самую буйную рачную сістэму ў краіне, якая дрэніруе 31 % яе тэрыторыі (за выключэннем вадазбору ракі Прыпяць, якая ўпадае ў Днепр за межамі краіны; яе басейн разглядаецца часцей за ўсё як самастойная геаграфічная адзінка). Гушчыня рачной сеткі ў басейне Дняпра складае 0,44 км/км².
Сож — буйны левы прыток Дняпра — пачынаецца на тэрыторыі Расіі на Смаленска-Маскоўскім узвышшы за 12 км на поўдзень ад г. Смаленск і ўпадае ў Днепр каля г. Лоеў Гомельскай вобласці. З агульнай працягласці ракі (648 км) на тэрыторыі Расіі знаходзіцца 155 км вярхняй часткі вадацёку. На тэрыторыю Беларусі прыпадае 51 % агульнай вадазборнай плошчы Сожа. Асноўныя яго прытокі ў межах Беларусі па меры іх упадзення ў раку — Проня (правы), Беседзь і Іпуць (левыя).
Бярэзіна — адзін з асноўных правых прытокаў Дняпра — бярэ пачатак у балоцістай мясцовасці непадалёку ад г. Докшыцы Віцебскай вобласці. Рака працякае ў паўднёвым напрамку па тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Упадае ў Днепр на ўчастку паміж гарадамі Жлобін і Рэчыца. На сваім шляху Бярэзіна прымае правыя прытокі — рэкі Гайну і Свіслач і левы — раку Бобр. Бярэзіна — самая доўгая рака з вадацёкаў, якія знаходзяцца толькі ў межах краіны.
Прыпяць бярэ пачатак у Валынскай вобласці (Украіна) і на працягу 261 км працякае па тэрыторыі Украінскага Палесся. У межах Беларусі перасякае Палескую нізіну з захаду на ўсход, даўжыня яе рэчышча на беларускім адрэзку — каля 500 км.
Рачная сістэма Прыпяці, якая дрэніруе 25 % тэрыторыі краіны, утварае другі па памерах рачны басейн у межах Беларусі. Гушчыня рачной сеткі складае 0,3 км/км². Прыпяць прымае воды больш за 800 вадацёкаў. Асноўныя прытокі Прыпяці: рэкі Піна, Ясельда, Бобрык, Случ, Пціч (левыя), Гарынь, Ствіга, Убарць, Славечна (правыя). Месца зліцця Прыпяці і Дняпра знаходзіцца ў акваторыі Кіеўскага вадасховішча (Украіна).
Басейн ракі Заходняя Дзвінаахоплівае паўночную частку краіны і практычна супадае з межамі Беларускага Паазер’я. Гушчыня рачной сеткі на тэрыторыі басейна складае 0,47 км/км². Адметная асаблівасць басейна — наяўнасць шматлікіх азёр, якія займаюць каля 3 % яго паверхні. Азёры звязаны з Заходняй Дзвіной у асноўным сістэмай рэк і пратокаў: рэкі выцякаюць з вадаёмаў і працякаюць праз іх, што забяспечвае натуральную зарэгуляванасць сцёку.
Па агульнай даўжыні Заходняя Дзвіна саступае толькі Дняпру, па воднасці — Дняпру і Прыпяці. Агульная даўжыня ракі складае 1 020 км, у межах Беларусі знаходзіцца толькі адносна невялікі яе ўчастак — 338 км. Рака бярэ пачатак на Валдайскім узвышшы ў Цвярской вобласці (Расія) на вышыні 221 м, выцякаючы з возера, і нясе свае воды ў Рыжскі заліў Балтыйскага мора, перасякаючы Расію, Беларусь і Латвію. Рака і асабліва яе прытокі характарызуюцца хуткім цячэннем.
У межах Беларусі Заходняя Дзвіна працякае на значнай адлегласці праз Полацкую нізіну. Асноўныя правыя прытокі ракі — Обаль і Дрыса, левыя — Лучоса, Ула, Ушача і Дзісна.
Басейн ракі Нёман знаходзіцца ў заходняй частцы Беларусі, да тэрыторыі якой належыць толькі 35 % вадазборнай плошчы ракі. Азёрнасць басейна нязначная, буйных азёр тут няма. Гушчыня рачной сеткі — 0,5 км/км².
Нёман бярэ пачатак на паўднёвых схілах Мінскага ўзвышша ва Уздзенскім раёне і працякае па тэрыторыі Беларусі, Літвы і Калінінградскай вобласці (Расія). У ніжнім цячэнні з’яўляецца важнай прыгранічнай ракой, служыць дзяржаўнай граніцай паміж Расіяй і Літвой. Упадае ў Куршскі заліў Балтыйскага мора.
Найважнейшыя правыя прытокі Нёмана — Заходняя Бярэзіна і Вілія (упадае ў Нёман на тэрыторыі Літвы і ўтварае асобны вадазбор плошчай каля 11 тыс. км²), левыя — Шчара, Зальвянка, Рось і Свіслач.
Верхні ўчастак басейна ракі Заходні Буг, які з’яўляецца правым прытокам Віслы, знаходзіцца на крайнім паўднёвым захадзе Беларусі. Заходні Буг бярэ пачатак на Падольскім узвышшы (Украіна), працякае па граніцы Беларусі і Польшчы, упадае ў Віслу недалёка ад Варшавы.
Беларуская частка вадазбору Заходняга Буга дрэніруецца яго правымі прытокамі — рэкамі Мухавец, Лясная, Пульва і шэрагам малых рэк. Мухавец — самы вялікі прыток, яго вадазбор складае 64 % (6 600 км²) беларускай часткі басейна Заходняга Буга.
У цэлым для рэк Беларусі характэрны змешаны тып сілкавання, які ўключае снегавое, дажджавое і падземнае. На большай частцы краіны пераважае снегавое сілкаванне, у заходніх раёнах (басейны Заходняга Буга і Нёмана) — падземнае (як правіла, за кошт верхніх гарызонтаў грунтавых вод). Колькасныя суадносіны крыніц сілкавання для асноўных рачных сістэм краіны залежаць ад прыродных асаблівасцей (геолага-гідрагеалагічных, геамарфалагічных, кліматычных і глебава-раслінных) тэрыторыі, якая дрэніруецца.
Паводле даных Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя (НСМНА) Рэспублікі Беларусь за 2019–2022 гг. большасць водных аб’ектаў краіны характарызуюцца выдатным і добрым гідрахімічным статусам. Напрыклад, у 2021 г. каля 96 % рэк і азёр адносіліся да добрага і выдатнага гідрахімічнага статусу. Па гідрабіялагічных паказчыках добрым і выдатным статусам характарызуюцца 66–68 % паверхневых водных аб’ектаў.
Аналіз шматгадовых назіранняў за гідрахімічным станам рачных вод краіны паказвае, што пад антрапагенны ўплыў у большай ступені падпадаюць водныя аб’екты ў басейнах Заходняга Буга, Дняпра і Прыпяці. Пры гэтым забруджванне рачных вод, як правіла, абумоўлена наяўнасцю ў вадзе значных канцэнтрацый злучэнняў азоту аманійнага і нітрытнага, фосфару фасфатнага, а таксама цяжкаакісляльных арганічных рэчываў.
Паводле даных назіранняў 2019–2022 гг. да паверхневых водных аб’ектаў, у якіх высокая антрапагенная нагрузка значна перавышае асіміляцыйны патэнцыял рэк, адносяцца рэкі або іх участкі: у басейне Дняпра — р. Свіслач ніжэй Мінска (н. п. Каралішчавічы), р. Лошыца ў межах Мінска, р. Пліса ў раёне г. Жодзіна, р. Уза; у басейне Заходняга Буга — р. Заходні Буг (н. п. Тамашоўка), р. Капаюўка (н. п. Ляплёўка), р. Нараў (н. п. Немяржа), р. Мухавец у межах г. Брэст; у басейне Прыпяці — р. Іпа, р. Ясельда ніжэй г. Бяроза, р. Морач (н. п. Ясковічы); у басейне Нёмана: р. Ушá ніжэй г. Маладзечна, р. Крынка (н. п. Генюшы) і возера Лядна.
Гідраэкалагічная сітуацыя на разглядаемых участках рэк звязана перш за ўсё з недастатковай разбаўляльнай здольнасцю рачных вод у адносінах да хімічных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў нарматыўна-ачышчаных сцёкавых водах, а таксама паступленнем у вадацёкі і вадаёмы забруджанага паверхневага сцёку з гарадскіх і сельскагаспадарчых тэрыторый.