ВОДНЫЯ РЭСУРСЫ. ГІДРАГРАФІЧНАЯ СЕТКА
- Рэкі
- Азёры
- Вадасховiшчы
- Асаблівасці функцыянавання прэснаводных экасістэм
- Крыніцы
- Водныя рэсурсы і іх выкарыстанне
Крыніцы
Дата стварэння: 11.09.2024 12:33:16
Дата змены: 19.09.2024 15:22:46
Крыніцы з’яўляюцца ўнікальнымі прыроднымі воднымі аб’ектамі. З геалагічнага пункту гледжання яны ўяўляюць сабой сканцэнтраваныя выхады падземных вод на зямную паверхню. Крыніцы фарміруюцца на тых участках, дзе падземныя ваданосныя гарызонты (часцей за ўсё гэта першы ад паверхні безнапорны ваданосны гарызонт грунтавых вод) выкрываюцца працэсамі геалагічнай эрозіі ў далінах рэк, у ярах, у падножжа стромкіх схілаў і г. д. Гэта крыніцы натуральнага паходжання. Аднак нярэдка крыніцы бываюць прымеркаваны да меліярацыйных каналаў, катлаванаў і кар’ераў, г. зн. могуць мець штучнае (тэхнагеннае) паходжанне. Вядомы крыніцы, якія сфарміраваліся на месцы старых самавыліўных буравых свідравін.
Паводле сучаснай класіфікацыі ўсе крыніцы дзеляцца на 3 асноўныя тыпы: рэакрэн — бачная крыніца з выцякаючым ручаём; лімнакрэн — над выхадам адной або некалькіх крыніц утвараецца ванна з адкрытым водным люстэркам і выцякаючым ручаём; гелакрэн — мноства дыфузна размешчаных выхадаў з утварэннем крэнаполя балотнага тыпу з выцякаючым ручаём. Акрамя гэтага, адрозніваюць падводныя крыніцы і крыніцы мадыднага тыпу, калі воды прасочваюцца па нахільнай паверхні, ствараючы тонкую водную плёнку. У Беларусі ў большасці выпадкаў сустракаюцца змешаныя тыпы крыніц.
Па класіфікацыі расійскага гідрагеолага А. М. Аўчыннікава выдзяляюцца 3 групы крыніц у залежнасці ад жыўлення водамі верхаводкі, грунтавымі і артэзіянскімі водамі. На тэрыторыі Беларусі пераважаюць крыніцы, якія сілкуюцца грунтавымі водамі. Яны, як правіла, маюць пастаянны выток крынічных вод, але схільныя да сезонных ваганняў дэбіту, складу і тэмпературы вады. Крыніцы і вытокі артэзіянскіх вод прымеркаваны да абласцей разгрузкі артэзіянскіх басейнаў, адрозніваюцца найбольшай устойлівасцю рэжыму. На тэрыторыі Беларусі яны нешматлікія.
Цэнтральным навукова-даследчым інстытутам комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (ЦНДІКВВР) вывучаны стан 1 183 крыніц на тэрыторыі Беларусі (паводле папярэдніх ацэнак спецыялістаў іх больш за 1 600).
Дэбіт крыніц вар’іруе ў шырокім дыяпазоне ад 0,01—0,1 да 3–5 літраў у секунду (л/с), дасягаючы ў асобных высакадэбітных крыніцах некалькіх дзясяткаў л/с. У цэлым пераважаюць крыніцы, якія адносяцца да катэгорыі маладэбітных, г. зн. якія маюць расход вады менш за 1 л/с. Сумарны дэбіт вывучаных 1 183 крыніц складае каля 51 млн л/сут. Неабходна пры гэтым адзначыць параўнальна высокую якасць крынічных вод, а таксама нізкую і досыць стабільную тэмпературу вады, якая складае ў асноўным 6–9 °C, што блізка да сярэднегадавой тэмпературы паветра на дадзенай тэрыторыі.
Па хімічным саставе воды крыніц характарызуюцца вялікай разнастайнасцю. На ўчастках, якія не падпадаюць пад антрапагеннае забруджванне, г. зн. знаходзяцца ва ўмовах блізкіх да натуральных, воды крыніц, таксама як і грунтавыя воды, з’яўляюцца па хімічным складзе галоўным чынам гідракарбанатнымі кальцыевымі і магніева-кальцыевымі. Іх мінералізацыя вар’іруе ў досыць шырокім дыяпазоне — ад 30–100 да 500–600 мг/дм³, складаючы часцей за ўсё 200–350 мг/дм³. У водах гэтых крыніц састаў асноўных кампанентаў мінералізацыі (HCO₃⁻, Cl⁻, SO₄²⁻, NO₃⁻, Ca²⁺, Mg²⁺, Na⁺, K⁺ і NH₄⁺) адпавядае ўзроўням натуральнага геахімічнага фону пералічаных іонаў у грунтавых водах Беларусі. Адметная асаблівасць крынічных вод — параўнальна нізкае ўтрыманне ў іх водарастваральнага жалеза (Feагул.), што абумоўлівае іх добрыя арганалептычныя (смакавыя) уласцівасці.
У апошнія дзесяцігоддзі пад уплывам актыўнай гаспадарчай дзейнасці адбываюцца негатыўныя змены навакольнага асяроддзя, у т. л. пагаршэнне экалагічнага стану паверхневых і падземных вод, якое закранула і некаторыя крыніцы. Як правіла, такое забруджванне выяўляецца ў рэзкім перавышэнні над узроўнем натуральнага геахімічнага фону для грунтавых вод такіх кампанентаў, як Cl⁻, SO₄²⁻, NO₃⁻, Na⁺ і K⁺. Гэта тыповыя кампаненты сельскагаспадарчага і камунальна-бытавога забруджвання грунтавых вод. Такое забруджванне фарміруецца за кошт вымывання з глебы ў грунтавыя воды кампанентаў мінеральных і арганічных угнаенняў, якія прымяняюцца на ворных землях і прысядзібных участках, а таксама за кошт паступлення ў грунтавыя воды часткі жывёлагадоўчых і бытавых сцёкаў. З усіх пералічаных кампанентаў антрапагеннага забруджвання крынічных вод толькі ўтрыманне нітрат-іона (NO₃⁻) у шэрагу выпадкаў перавышае гранічна дапушчальны ўзровень, устаноўлены для пітных вод (45 мг/дм³). Часам яго ўтрыманне дасягае 100–150 мг/дм³. У асобных выпадках крынічныя воды бываюць неспрыяльнымі і па мікрабіялагічных паказчыках.
Крыніцы, разам з азёрамі, рэкамі і балотамі, пашыраюць біялагічную разнастайнасць водных экасістэм, багацце расліннага і жывёльнага свету. Пастаянна нізкая тэмпература вады на працягу года спрыяе таму, што ў крынічных экасістэмах пасяляюцца холадалюбівыя арганізмы, якія ўключаюць прадстаўнікоў пячорнай фаўны. Цэлы шэраг холадалюбівых відаў прэснаводных беспазваночных у Беларусі ўтвараюць групу так званых рэгіянальных крэнабіёнтаў, выхадцаў з рэк і азёр поўначы Еўропы і горных вадаёмаў Цэнтральнай Еўропы, якія на тэрыторыі Беларусі здольныя існаваць толькі ў чыстых і халодных водах крыніц. У фаўне крыніц Беларусі знойдзены 133 віды макразаабентасу, якія адносяцца да 5 тыпаў, 9 класаў і 18 атрадаў гідрабіёнтаў. Прыкладамі крэнабіёнтаў з’яўляюцца бакаплаў (Synurella ambulans; старажытнапрэснаводны паўночнаамерыканскі від, які перажыў ледавіковую эпоху дзякуючы пранікненню ў падземныя воды), рэафільныя шыцікі (Trichoptera; уключаны ў чырвоныя спісы шэрага еўрапейскіх краін), а таксама рэгіянальныя крэнабіёнты (сярод іх немурэла звычайная Nemurella pictetii і вяснянка сямейства Plecoptera).
Воды крыніц маюць не толькі пітное значэнне, але ў шэрагу выпадкаў валодаюць лячэбнымі ўласцівасцямі. Так, напрыклад, крыніца «Лазенкі» ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці з’яўляецца адзінай у Беларусі крыніцай мінеральных серавадародных вод. У ХІХ ст. тут функцыянавала дастаткова буйная для таго часу водалячэбніца. У XVIII—XIX стст. у якасці лячэбных выкарыстоўваліся воды некаторых прыродных крыніц на тэрыторыі сённяшніх Ушацкага, Гарадоцкага і Полацкага раёнаў Віцебскай вобласці, Шклоўскага і Крычаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Вялікае значэнне крыніц як аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. З крыніцамі Беларусі звязаны шэраг гістарычных падзей і легенд. Некаторыя крыніцы ў народзе лічылі святымі. Ва ўяўленнях многіх і ў нашы дні да ліку такіх крыніц адносяцца «Палыкавіцкая крыніца» пад Магілёвам, «Блакітная крыніца» («Сіні калодзеж») у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці, крыніца «Ставы» («Святая крынiца») у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці і некаторыя іншыя. Гэтыя крыніцы з’яўляюцца месцамі паломніцтва тысяч людзей.
Гісторыя выкарыстання крынічных вод у Беларусі налічвае многія тысячагоддзі. Крыніцы з’яўляліся самай чыстай і якаснай пітной вадой. У народнай традыцыі сталі сімвалам чысціні і прыгажосці, важным элементам нацыянальнай культуры.
Усё гэта патрабуе правядзення мерапрыемстваў па ахове, аднаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных крыніц. У Беларусі (па стане на 2022) 30 крыніц маюць статус помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, 65 — мясцовага.
Работы па захаванні ўнікальных крынічных экасістэм працягваюцца. Гэта сістэматычныя назіранні (маніторынг) за змяненнем расходных характарыстык і хімічнага саставу крынічных вод, зменамі біялагічнай разнастайнасці крынічных экасістэм і інш.