ВОДНЫЯ РЭСУРСЫ. ГІДРАГРАФІЧНАЯ СЕТКА
- Рэкі
- Азёры
- Вадасховiшчы
- Асаблівасці функцыянавання прэснаводных экасістэм
- Крыніцы
- Водныя рэсурсы і іх выкарыстанне
Асаблівасці функцыянавання прэснаводных экасістэм
Дата стварэння: 10.09.2024 16:49:21
Дата змены: 18.10.2024 10:12:40
Функцыянаванне прэснаводных экасістэм Беларусі (рэк, азёр, вадасховішч, балот) вызначаецца цэлым шэрагам прыродных і антрапагенных фактараў. У аснове функцыянавання прэснаводных экасістэм ляжаць харчовыя ланцугі і сеткі. Парушэнні ў якім-небудзь звяне харчовага ланцуга адбіваюцца на функцыянаванні экасістэмы ў цэлым. Прэснаводныя экасістэмы Беларусі характарызуюцца рознай устойлівасцю. Найменш устойлівыя экасістэмы — вадасховішчы (з прычыны іх нязначнай глыбіні і сезонных ваганняў узроўню вады), найбольш устойлівыя — буйныя рэкі. Гэтая ўстойлівасць вызначаецца відавой разнастайнасцю водных арганізмаў, якія перапрацоўваюць паступаючыя ў экасістэму рэчывы, тым самым спрыяюць самаачышчэнню. У той жа час межы самаачышчэння прэснаводнай экасістэмы не бясконцыя. Прынята лічыць, што пры памяншэнні відавой разнастайнасці на 20 % экасістэма пераходзіць з аднаго стану ў іншы.
Большасць рэк Беларусі характарызуюцца дастаткова добрай якасцю вады. У той жа час паступленне забруджвальных рэчываў у складзе сцёкавых вод у водныя аб’екты прыводзіць да таго, што на ўчастках рэк, прылеглых да буйных населеных пунктаў, якасць вады пагаршаецца. Найбольш небяспечнымі забруджвальнымі рэчывамі для водных экасістэм з’яўляюцца нафтапрадукты. Часта забруджванне рачных экасістэм мае месца на тэрыторыі гарадоў і ў зонах іх уплыву. Асноўны аб’ём забруджвальных рэчываў паступае з вадазбораў азёр, на якіх вядзецца прамысловая або сельскагаспадарчая дзейнасць. Па розных даных каля 90 % азёр у Беларускім Паазер’і адчуваюць антрапагеннае ўздзеянне. У найбольшай ступені гэта азёры, на берагах якіх размешчаны гарады, — Балойса і Навята (г. Браслаў), Мёрскае (г. Мёры), Кагальнае (г. Глыбокае), Сянно (г. Сянно). Экасістэмы пералічаных азёр дасягнулі верхніх стадый эўтрафавання. Як вынік, маюцца праблемы выкарыстання гэтых азёр у рэкрэацыйных і іншых мэтах. Асноўная прычына, якая выклікае «цвіценне» вады ў азёрах, — залішняе паступленне злучэнняў азоту і фосфару з вадазбораў. Для некаторых азёр фосфарная нагрузка перавысіла дапушчальную ў 2–5 разоў.
Пры парушэннях у трафічным ланцугу азёр узнікае магчымасць іх пераходу з аднаго стану ў іншы, што можа быць выклікана рознымі фактарамі, у т. л. антрапагеннымі. Так, знішчэнне вышэйшай воднай расліннасці белым амурам, уселеным у возера Вялікія Швакшты, прывяло да ўзмоцненай эўтрафікацыі вадаёма. Падобныя з’явы назіраюцца і пры зарыбленні азёр карпам, які валодае здольнасцю ўскаламучваць донныя асадкі, тым самым вызваляючы біягенныя элементы ў водную тоўшчу, што спрыяе развіццю водарасцей і «цвіценню» вады.
Уплыў глабальных змен клімату
Згодна з Прагнозам стану прыроднага асяроддзя Беларусі на перыяд да 2035 года (Мінск, 2022) тэмпература паветра ў Беларусі ў прагназуемы перыяд павысіцца на 0,8–1,6 °C. У выніку гэтага адбудзецца павелічэнне выпарэння вады ў водных экасістэмах, што прывядзе да зніжэння ўзроўню вады, павялічыцца мінералізацыя вады. Глабальныя змены клімату для прэснаводных экасістэм Беларусі могуць выклікаць розныя наступствы.
Змяненні ў трафічных ланцугах. Тыповы прыклад змен у трафічным ланцугу — масавае развіццё сіне-зялёных водарасцей, якое выклікае ў летні час «цвіценне» вады ў азёрах. Пускавы механізм нястрымнага размнажэння большасці гэтых планктонных арганізмаў — высокая тэмпература вады, якая назіраецца летам і ў пачатку восені. Устаноўлена, што для большасці прэснаводных сіне-зялёных водарасцей аптымальнай для развіцця з’яўляецца тэмпература вады каля 30 °C. Такія ці блізкія да іх высокія летнія тэмпературы ўсё часцей назіраюцца ў мелкаводных азёрах і вадасховішчах Беларусі. Акрамя таго, пры павышэнні тэмпературы перавагу ў развіцці атрымліваюць дробныя віды зоапланктону, якія ўжо не могуць спраўляцца з узрастаючай біямасай водарасцей за кошт сваёй фільтрацыйнай актыўнасці.
У выніку «цвіцення» вадаёмаў ствараецца таксічны эфект ад рэчываў, якія прадуцыруюцца сіне-зялёнымі водарасцямі. З прычыны раскладання водарасцей пасля адмірання наступае дэфіцыт растворанага кіслароду, што ў канчатковым выніку выклікае масавую гібель рыбы (так званыя летнія заморы).
Інтэнсіфікацыя інвазійных працэсаў. З’яўленне ў складзе фаўны і флоры інвазійных чужародных відаў у прэснаводных экасістэмах Беларусі не заўсёды бясшкоднае. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца рэзкае павелічэнне іх колькасці на тэрыторыі краіны. Гэта праява агульнаеўрапейскіх тэндэнцый, у адпаведнасці з якімі паскараецца экспансія новых відаў і павялічваецца агрэсіўнасць іх уздзеяння на абарыгенныя віды і згуртаванні. Акрамя гаспадарчай дзейнасці чалавека, да прычын, якія садзейнічаюць паспяховаму пранікненню чужародных відаў у тыповыя прэснаводныя экасістэмы, адносяцца павелічэнне сярэднегадавой тэмпературы і зніжэнне паступлення талых вод у рэкі і вадасховішчы, што прыводзіць да ўзрастання мінералізацыі вады.
Павелічэнне скорасці вымірання рэдкіх і ўразлівых відаў. Так званыя пагражальныя віды праяўляюць высокую адчувальнасць да перамен у асяроддзі пасялення. Гэта адносіцца да холадалюбівых відаў водных жывёл, такіх як фарэль, кумжа, а таксама да шэрага водных беспазваночных.
Глабальнае пацяпленне адбываецца на фоне ўзмацнення антрапагеннага ўздзеяння на экасістэмы. Аднаўленчую здольнасць экасістэм могуць знізіць забруджванне біягеннымі элементамі (азотам і фосфарам), інтрадукцыя чужародных інвазіўных відаў, празмерная здабыча рыбы і, такім чынам, верагоднасць таго, што яны будуць адаптавацца натуральным шляхам да змены клімату. Усё гэта важна ўлічваць пры распрацоўцы комплексу мер для захавання біяразнастайнасці і яе адаптацыі да новых умоў. Меры павінны ўключаць падтрыманне і ахову абарыгенных прэснаводных экасістэм, захаванне месцаў пражывання найбольш уразлівых відаў, стварэнне новых ахоўных прыродных тэрыторый і распрацоўку іншых эфектыўных шляхоў захавання біяразнастайнасці.