ВОДНЫЯ РЭСУРСЫ. ГІДРАГРАФІЧНАЯ СЕТКА

Вадасховiшчы

Дата стварэння: 10.09.2024 16:45:06

Дата змены: 17.09.2024 15:46:17


Па стане на 2022 г. у Беларусі створаны 153 вадасховішчы з агульнай плошчай люстэрка 822 км² (0,5 % плошчы краіны). З агульнай колькасці 85 вадасховішч маюць плошчу больш за 1 км². Найбольшая колькасць вадасховішч знаходзіцца ў басейнах рэк Прыпяць (55) і Днепр (47), найменшая — у басейнах рэк Заходні Буг (11) і Вілія (5); у басейнах рэк Заходняя Дзвіна і Нёман іх 17 і 18 адпаведна (belgidromet.by).

Пераважаюць вадасховішчы рэчышчавага (рачнога) тыпу (52 %). Характарыстыка найбольш значных з іх прадстаўлена ў табліцы 2.

Табліца 2. Найбуйнейшыя рэчышчавыя (рачныя) вадасховішчы на тэрыторыі Беларусі

Назва

Плошча люстэрка вады, км²

Аб’ём вады, млн м³

Размяшчэнне (рака)

Вілейскае

63,8

238

Вілія

Заслаўскае

26,9

108,5

Свіслач

Чырвонаслабодскае

23,6

69,5

Морач

Салігорскае

23,1

55,9

Случ

Любанскае

22,5

39,5

Арэса

Чыгірынскае

21,2

60

Друць

Лактышы

15,9

50,2

Лань

Асіповіцкае

11,9

17,5

Свіслач

На долю вадасховішч наліўнога і азёрнага тыпаў даводзіцца 35 і 13 % адпаведна. Прычым асноўная частка азёрных вадасховішч сканцэнтравана ў межах Віцебскай вобласці, наліўных — у Брэсцкай вобласці. Прыклады азёрных вадасховішч: Пагост (у басейне р. Бобрык), Чорнае (у басейне р. Ясельда).

Самы буйны штучны вадаём у Беларусі — Вілейскае вадасховішча, якое знаходзіцца ў басейне р. Вілія. Яно з’яўляецца асноўным гідратэхнічным збудаваннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, яго галоўнае прызначэнне — рэгуляванне сцёку і абвадненне р. Свіслач. У структуру Вілейска-Мінскай воднай сістэмы таксама ўваходзяць яшчэ 13 вадасховішч, найбольш значныя з якіх — Заслаўскае, Крылова (рэзервовае; выкарыстоўваецца для пітнога водазабеспячэння), Дразды, Цнянскае, Камсамольскае возера і Чыжоўскае.

Шмат штучных вадаёмаў створана ў басейне р. Прыпяць. Іх будаўніцтва ў асноўным абумоўлена буйнамаштабнымі меліярацыйнымі работамі і неабходнасцю рэгулявання сцёку для мэт сельскай гаспадаркі і інш. Тут створаны буйныя рэчышчавыя вадасховішчы: Чырвонаслабодскае, Салігорскае і Любанскае.