ВОДНЫЯ РЭСУРСЫ. ГІДРАГРАФІЧНАЯ СЕТКА
- Рэкі
- Азёры
- Вадасховiшчы
- Асаблівасці функцыянавання прэснаводных экасістэм
- Крыніцы
- Водныя рэсурсы і іх выкарыстанне
Азёры
Дата стварэння: 10.09.2024 16:34:15
Дата змены: 19.09.2024 15:26:03
Тэрыторыя Беларусі ў межах Усходне-Еўрапейскай раўніны адносіцца да рэгіёнаў з павышанай азёрнасцю. Узнікненне азёрных катлавін звязана з дзейнасцю ледавікоў, рэк, з карставымі працэсамі і абвадненнем тэрыторыі.
У Беларусі 10 780 азёр. Да азёр старычнага або пойменнага генезісу адносіцца асноўная іх колькасць. Азёр ледавіковага паходжання (плошчай больш 0,01 км²) меней 3 тыс., карставых — каля 50. Абсалютная большасць азёр (75 %) маюць плошчу люстэрка да 0,1 км².
Размеркаванне азёр па тэрыторыі Беларусі і басейнах рэк вельмі нераўнамернае. Пра гэта сведчыць паказчык азёрнасці — адносіна сумы плошчы воднай паверхні вадаёмаў да плошчы ўсёй тэрыторыі вадазбору або краіны (у %). У межах Беларусі ён вар’іруе ад 0,01 да 12 %. Калі сярэдняя велічыня гэтага паказчыка для басейна Заходняй Дзвіны ў межах краіны складае каля 2,3 %, то азёрнасць вадазбораў яе прытокаў значна большая. Найбольшая азёрнасць (12 %) характэрна для вадазбору ракі Друйка (73 возеры агульнай плошчай 124,9 км²), высокая — для вадазбораў малых рэк, такіх як Дрыса (9,6 %), Тураўлянка (8,4), Крывінка (5,2), Бельчыца (7,6), Волта (4,8) і Сечна (4,4 %).
У параўнанні з Заходняй Дзвіной велічыня азёрнасці ў басейне ракі Вілія істотна меншая і складае 1,5 %. Для басейна Нёмана гэты паказчык не перавышае 1 %, для басейна Дняпра — 0,1 %.
Беларускае Палессе адрозніваецца наяўнасцю шматлікіх азёр познеледавіковага і галацэнавага ўзросту. Азёры Палесся мелкаводныя. Сярэдняя велічыня азёрнасці гэтага рэгіёна ледзь дасягае 0,2 %. Па велічыні азёрнасці вылучаецца басейн ракі Ясельда (2 %), на асобных участках якога знаходзяцца буйныя мелкаводныя азёры.
У адміністрацыйных адносінах максімальная колькасць азёр (1 522) знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, далей, па ўбыванні, — у Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Найбольшая азёрнасць адзначаецца ў Браслаўскім (10,2 %), Мядзельскім (7,3 %) і Ушацкім (5,1 %) раёнах, найменшая — у раёнах Магілёўскай вобласці.
Плошча азёр Беларусі змяняецца ад 0,01 да 79,6 км². Асноўную колькасць вадаёмаў складаюць азёры плошчай меней 0,1 км² (іх доля ў агульнай плошчы азёр 9,2 %), затым — азёры плошчай ад 0,1 да 1 км² (іх доля каля 40,2 %) і азёры плошчай ад 1 да 10 км² (9,4 %).
Максімальная глыбіня азёр Беларусі змяняецца ад 0,3 да 53,6 м. Колькаснае размеркаванне азёр па максімальнай глыбіні вельмі неаднароднае. Азёры з максімальнай глыбінёй да 5 м складаюць 40 % усёй колькасці азёр, з глыбінёй 5–10 м — каля 26,6 %, з глыбінёй больш 25 м — менш 6 %. Самае глыбокае возера Беларусі — Доўгае (53,6 м) знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці.
Найбольш буйныя і глыбокія азёры ў Паазер’і, у басейнах рэк Заходняя Дзвіна і Вілія. Тут каля 4 тыс. азёр. Сярод іх самыя вялікія па плошчы азёры (км²): Нарач (79,6), Асвейскае (52,8), Дрысвяты (44,5), Лукомскае (37,7), Дрывяты (36,1), Няшчэрда (24,6), Свір (22,3) і Снуды (22).
У цэнтральнай частцы Беларусі азёр мала, найбольш вядомае з іх — Свіцязь, якое знаходзіцца на Навагрудскім узвышшы ў карставай катлавіне амаль круглай формы.
Шматлікія невялікія азёры старычнага тыпу знаходзяцца на Палессі. Агульная колькасць такіх азёр у басейнах Прыпяці і Заходняга Буга дасягае 6 тысяч. У басейне Прыпяці найбольш вялікае возера — Чырвонае (40,8 км²), якое знаходзіцца на поўначы Жыткавіцкага раёна ў Гомельскай вобласці. Гэта чацвёртае па плошчы возера ў Беларусі (пасля Нарачы, Асвейскага і Дрысвяты), але мелкаводнае (сярэдняя глыбіня крыху меней 1 м, максімальная — 2,9 м).
Фарміраванне і эвалюцыя азёрных экасістэм
Азёры Беларусі размешчаны ў чатырох геамарфалагічных абласцях: Беларускім Паазер’і, Цэнтральнабеларускіх узвышшах і градах, раўнінах і нізінах Перадпалесся і Палескай нізіне. Геалагічная будова і геамарфалагічныя працэсы тэрыторый вызначылі характар распаўсюджвання і генетычную прымеркаванасць катлавін сучасных азёр.
У Паазер’і і Цэнтральнай Беларусі ў басейнах рэк Заходняя Дзвіна, Вілія і Нёман у межах апошніх абледзяненняў распаўсюджаны азёры ледавіковага і рэшткавага паходжання (каля 30 % азёрнага фонду).
У Цэнтральнай Беларусі і Палессі на поймах і ў далінах буйных рэк басейнаў Дняпра, Прыпяці і іх прытокаў распаўсюджаны найбольш шматлікія азёры старычнага паходжання (больш за 70 % агульнай колькасці).
У межах Палесся, у басейнах Прыпяці, Дняпра і іх прытокаў распаўсюджаны так званыя азёры-разлівы і азёры карставага паходжання.
Сучасныя азёры на тэрыторыі Беларусі ўзніклі 12–13 тыс. гадоў таму. Іх узнікненне звязана з дзейнасцю ледавіка, развіццём карставых працэсаў, абвадненнем тэрыторыі і фарміраваннем гідралагічнай сеткі.
Утварэнне катлавін ледавіковых азёр звязана з дзейнасцю і дэградацыяй ледавіка, якая праяўлялася ў чаргаванні кароткачасовых зрухаў і асцыляцый яго лопасцей і языкоў. На мяжы актыўнага і мёртвага лёду (частка ледавіка, якая спыніла рух) фарміраваліся канцова-марэнныя краявыя ледавіковыя ўтварэнні з шырокім развіццём азёрных катлавін падпруднага, лагчыннага, тэрмакарставага, эварзійнага, складанага і рэшткавага тыпаў. Тэрытарыяльна яны сканцэнтраваны ў адміністрацыйных межах Віцебскай, поўначы Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Возера Домжарыцкае (азёрная катлавіна рэшткавага тыпу) у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Лепельскі раён Віцебскай вобласці
Карставыя азёры распаўсюджаны на нізіннай тэрыторыі зоны Палессяў Усходне-Еўрапейскай раўніны і ўтвараюць так званы Палескі азёрна-карставы пояс, які мае працяг ад Польшчы да Сярэдняга Паволжа і далей на ўсход. Узнікненне азёр звязана з наяўнасцю ў Палескай нізіне карставых парод мелавога ўзросту, якія перакрыты маламагутным (менш за 50 м) чахлом чацвярцічных асадкавых парод. Фарміраванне катлавін такіх азёр звязана з актывізацыяй руху ўзыходзячых патокаў падземных вод у канцы плейстацэну.
Старычныя азёры найбольш шматлікія на тэрыторыі Беларусі. Іх узнікненне звязана з натуральным працэсам меандравання і фарміравання лукавін рэчышча ракі па пойме. Пры адчляненні лукавін і страце іх сувязі з асноўным рэчышчам адбываецца фарміраванне пойменных азёр (старыц). Азёры-старыцы значна маладзейшыя за ледавіковыя і карставыя, іх узрост — 0,5–3 тыс. гадоў.
Азёрныя экасістэмы ў сваім развіцці прайшлі працяглы шлях эвалюцыі. Кожнаму этапу развіцця, пачынаючы з узнікнення катлавін, адпавядае пэўны лімнічны (азёрны) комплекс характарыстык і паказчыкаў: марфалагічных, гідралагічных, геахімічных і гідрабіялагічных. Спалучэнне характарыстык вызначыла прадукцыйны ўзровень і заканамернасці функцыянавання экасістэм. Скіраванасць і інтэнсіўнасць лімнічных працэсаў фарміравання і назапашвання рэчыва і патокаў энергіі адрозніваюцца шырокім дыяпазонам зменлівасці. Працэсы часам мелі рознанакіраваны характар. Заканамернасць эвалюцыі азёрных лімнасістэм у адпаведнасці з законам нарастання энтрапіі падпарадкоўваецца агульнай схеме.
Пасля ўтварэння возера катлавіна пачынае запаўняцца мінеральнымі рэчывамі, якія паступаюць з тэрыторыі вадазбору, а таксама арганічнымі, якія прадуцыруюцца ў возеры. У возеры фарміруюцца донныя адклады (хуткасць асадкаўтварэння складае 0,2–2 мм у год). Па меры эвалюцыйнага развіцця і працэсу натуральнага старэння азёр адбываецца запаўненне катлавіны асадкамі і трансфармацыя возера ў балота. Тып і хуткасць асадкаўтварэння і жыццёвы цыкл залежаць ад характару вадазбору і марфаметрыі возера. Па перавазе мінеральнай і арганічнай частак донныя адклады азёр падзяляюцца на мінеральныя (пяскі, ілы), аргана-мінеральныя (сапрапелі) і арганічныя (сапрапелі, торф). Аб’ём разведаных запасаў сапрапелю ў азёрах Беларусі дасягае 310 млн т, амаль 80 % сканцэнтраваны ў буйных азёрах, якія маюць рознабаковае гаспадарчае выкарыстанне. У малых азёрах (плошчай да 100 га) назапашана 70 млн т сапрапелю.
Эвалюцыя азёрных вадаёмаў служыць адлюстраваннем глабальных і лакальных змен навакольнага прыроднага асяроддзя. На працягу доўгай гісторыі развіцця вядучым фактарам выступаў прыродна-кліматычны, з часу зараджэння і гаспадарчага асваення тэрыторыі вадазборных басейнаў і азёр — антрапагенны. Занальныя і азанальныя геаграфічныя ўмовы ўдзельнічаюць у фарміраванні катлавін, воднай масы, узбагачэнні экасістэм азёр пажыўнымі рэчывамі, вызначаюць характар сувязі ўнутранага стану экасістэмы з вонкавымі ўмовамі навакольнай прасторы.
Генетычныя тыпы азёр (па трофнасці)
Алігатрофны тып азёр характарызуецца часцей за ўсё значнай глыбінёй, добра выяўленай тэрмічнай стратыфікацыяй, празрыстымі, нізкамінералізаванымі, багатымі кіслародам водамі са слабым водаабменам, праточным або бяссцёкавым рэжымам. Слабая забяспечанасць пажыўнымі рэчывамі вызначае нізкі ўзровень трофнасці (ад грэчаскага trophe — харчаванне), прадукцыйных працэсаў і ўтварэння арганічнага рэчыва. На тэрыторыі Балтыйскіх Паазер’яў існаванне такога тыпу азёр абмежавана познеледавіковым часам. На тэрыторыі Беларусі дадзены тып азёр у чыстым выглядзе не сустракаецца.
Мезатрофны тып азёр з’яўляецца прамежкавай стадыяй паміж алігатрофным і эўтрофным тыпамі вадаёмаў пры натуральным узбагачэнні экасістэм біягеннымі элементамі і няўхільным узрастанні ўзроўню трофнасці. Гэта, як правіла, глыбакаводныя і сярэднеглыбокія, слабапраточныя азёры з добрай якасцю вады. Для такіх вадаёмаў характэрна багацце відавога складу лімнафлоры і лімнафаўны. Мезатрофныя азёры характарызуюцца значнымі максімальнымі (больш за 25 м) і сярэднімі (10–15 м) глыбінямі, рэзкім тэмпературным расслаеннем воднай масы, значнай празрыстасцю вады (5–7 м), нізкім утрыманнем арганічнага рэчыва, стабільным гідрахімічным рэжымам на працягу года ва ўсёй воднай масе (Воласа Паўднёвы, Гінькава, Доўгае, Снуды, Струста, Рычы, Нарач і інш.).
Эўтрофны тып азёр з’яўляецца найбольш складаным і разнастайным. Гідрахімічныя і гідрабіялагічныя паказчыкі азёр значна вар’іруюць у залежнасці ад марфалогіі і параметраў катлавін, ступені водаабмену і складу прытокавых вод. Азёры адрозніваюцца высокай забяспечанасцю пажыўнымі рэчывамі (галоўным чынам фосфарам і азотам), якія паступаюць з вышчалачаных глеб і парод вадазбораў. У слабапраточных азёрах гэтага тыпу, як правіла, фарміруюцца крэменязёмістыя і арганічныя сапрапелі. Добра праграваемыя, насычаныя кіслародам воды нават ва ўмовах абмежаванай празрыстасці спрыяюць масаваму развіццю гідрабіёнтаў. Эўтрофныя азёры складаюць найбольш шматлікую групу і адрозніваюцца невялікімі сярэднімі і максімальнымі глыбінямі (5–12 м), высокім утрыманнем кіслароду ва ўсёй воднай масе ў летні перыяд (Дрывяты, Лукомскае, Мястра, Палазер’е, Недрава, Чарсцвяты, Выганашчанскае і інш.).
Азёры, якія дасягаюць гранічна высокіх стадый эўтрафіі, становяцца гіпертрафічнымі і ў адрозненне ад папярэдніх фарміруюцца выключна пад уплывам дзейнасці чалавека. У такіх азёрах пад уплывам павелічэння прытоку пажыўных рэчываў адбываюцца змены ў хімічным складзе вод і біялагічным згуртаванні.
Дыстрофны (дыстрафуючы) тып азёр развіваецца ва ўмовах беднага біягеннага харчавання і пад моцным уплывам гумусаваных вод балотнага паходжання. Гэты тып азёр характарызуецца слабым развіццём арганічнага жыцця; катлавіны, як правіла, запоўнены асадкамі (сапрапелямі). Частка азёр дадзенага тыпу перажыла ўсе стадыі эвалюцыі.