ВОДНЫЯ РЭСУРСЫ. ГІДРАГРАФІЧНАЯ СЕТКА
- Рэкі
- Азёры
- Вадасховiшчы
- Асаблівасці функцыянавання прэснаводных экасістэм
- Крыніцы
- Водныя рэсурсы і іх выкарыстанне
Водныя рэсурсы і іх выкарыстанне
Дата стварэння: 11.09.2024 12:56:31
Дата змены: 19.09.2024 15:21:59
Паверхневыя водныя рэсурсы Беларусі складаюцца з сумарнага сцёку вялікіх і сярэдніх рэк і запасаў вады ў вадаёмах. Асноўнай крыніцай водных рэсурсаў Беларусі з’яўляюцца буйныя і сярэднія рэкі. Колькасная ацэнка водных рэсурсаў праводзіцца з улікам мясцовага сцёку, які фарміруецца ў межах краіны, і агульнага, пры якім улічваецца паступленне транзітнага сцёку з суседніх краін.
Агульны аб’ём сцёку рэк у сярэдні па воднасці год складае 57,9 км³/год, у шматводныя гады павялічваецца да 96 км³/год, у малаводныя памяншаецца да 29,8 км³/год. На рэкі басейна Чорнага мора прыпадае больш 55 % сумарнага гадавога сцёку, басейна Балтыйскага мора — амаль 45 %.
Большая частка рачнога сцёку (34 км³/год, або 59 %) фарміруецца ў межах краіны (мясцовы сцёк), асноўны аб’ём якога (73 %) утвараецца ў вадазборах Заходняй Дзвіны, Нёмана, Дняпра і яго прытокаў Бярэзіны і Сожа.
Прыток вады з тэрыторый суседніх дзяржаў (Расіі і Украіны) складае 23,9 км³/год, або 41 %. Значная частка транзітнага сцёку паступае па Дняпры (32 %), Прыпяці (31 %) і Заходняй Дзвіне (28 %).
Паверхневымі воднымі рэсурсамі за кошт мясцовага сцёку рэк у найбольшай ступені забяспечана Віцебская вобласць (7,38 км³), далей Мінская (6,38) і Гомельская (6,02), у найменшай — Гродзенская (4,83), Магілёўская (4,53) і Брэсцкая (4,3 км³) вобласці.
Па велічыні водных рэсурсаў рэк Беларусь займае 4‑е месца ў Еўропе пасля Нарвегіі (376 км³/год), Вялікабрытаніі (152 км³/год) і Польшчы (85,4 км³/год).
У сусветнай практыцы для ацэнкі водазабяспечанасці выкарыстоўваюцца, як правіла, удзельныя паказчыкі аб’ёму сярэднегадавога рачнога сцёку, аднесеныя да колькасці насельніцтва.
Водазабяспечанасць на душу насельніцтва ў Беларусі блізкая да сярэднееўрапейскай, а ў параўнанні з суседнімі краінамі — вышэйшая, чым у Польшчы і Украіне, але ніжэйшая, чым у Латвіі і Літве.
Забяспечанасць воднымі рэсурсамі ў Беларусі дасягае 3 590 м³ на чалавека ў год, перавышаючы ў 2,1 раза парогавую велічыню 1 700 м³ на чалавека ў год, якая з’яўляецца маркерам для аднясення той ці іншай краіны да катэгорыі, што адчуваюць напружанасць у дачыненні да водных рэсурсаў.
За 2001–2022 гг. сумарны гадавы сцёк рэк змяняўся ў шырокім дыяпазоне: яго найбольшыя аб’ёмы (60–73,1 км³) былі вышэй за норму (104–127 % яе велічыні), найменшыя (29,8–42,4 км³) — ніжэй (51–71 %) нормы.
Максімальны аб’ём аднаўляльных водных рэсурсаў адзначаны ў 2013 г. (73,1 км³), мінімальны — у 2015 г. (29,8 км³). Агульны сцёк рэк краіны ў 2020, 2021 і 2022 гг. быў меней сярэднешматгадовай велічыні (57,9 км³) і складаў 38,1, 49,8 і 53,4 км³ адпаведна.
Размеркаванне сцёку рэк на працягу года вельмі нераўнамернае. За 3 вясновыя месяцы па рэках заходняй і цэнтральнай часткі краіны, у басейнах Нёмана, Віліі і Бярэзіны, працякае ў сярэднім 42–47 % гадавога сцёку, па другіх рэках — да 56–62 %.
Рэсурсы паверхневых вод уключаюць таксама аб’ём воднай масы азёр і вадасховішч. Поўны аб’ём вады ў вадаёмах дасягае 3,13 км³, карысны — каля 1,24 км³, што складае больш за 3 % агульнага рачнога сцёку, які фарміруецца на тэрыторыі краіны.
Рэсурснае значэнне маюць азёры плошчай больш за 1 км², агульны аб’ём вады ў якіх складае 6–7 км³. Найбольшы аб’ём вады знаходзіцца ў азёрах басейна Заходняй Дзвіны (72 % усіх запасаў), у басейне Нёмана памяншаецца да 20 %, далей ідуць басейны Прыпяці і Дняпра. Асноўная частка аб’ёму азёрных вод сканцэнтравана ў вадаёмах Віцебскай вобласці (3,38 км³).
Водакарыстанне
Паводле даных Міністэрста статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь сумарны аб’ём забора паверхневых і падземных вод у 2022 г. склаў 1 414 млн м³. З паверхневых водных аб’ектаў забрана 610,4 млн м³ вады, з падземных крыніц — 803,6 млн м³.
Агульны аб’ём здабычы прыродных вод у параўнанні з 1990 г. паменшыўся больш чым у 2 разы за кошт зніжэння забору вады з паверхневых водных аб’ектаў і скарачэння здабычы падземных вод (табліца 3).
Катэгорыя забраных вод |
Год |
||||||||
1990 |
1995 |
2000 |
2005 |
2010 |
2015 |
2020 |
2021 |
2022 |
|
Усяго |
2 883 |
2 112 |
1883 |
1 773 |
1 598 |
1 448 |
1 329 |
1 425 |
1 414 |
Паверхневыя |
1 210 |
1 104 |
801 |
739 |
721 |
603 |
529 |
612 |
610 |
Падземныя |
1 673 |
1008 |
1 082 |
1 034 |
877 |
845 |
799 |
813 |
803 |
У 2022 г. на розныя патрэбы ў сферы эканомікі краіны выкарыстана 1 270,5 млн м³ вады. Пры гэтым у дамашніх гаспадарках выкарыставана 330 млн м³, у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы — 388,6 млн м³, у апрацоўчай прамысловасці — 180 млн м³ вады. За перыяд 1990–2022 гг. выкарыстанне вады скарацілася ў 2,1 раза. Пры гэтым найбольшае зніжэнне адзначана для патрэб прамысловасці.
Удзельнае водаспажыванне, якое характарызуе колькасць вады, што расходуецца на гаспадарча-пітныя патрэбы ў разліку на аднаго чалавека, з’яўляецца важным экалагічным паказчыкам, які сведчыць пра даступнасць вады для патрэб насельніцтва і эфектыўнасць яе выкарыстання.
Па даных Белстата агульны аб’ём гаспадарча-пітнога водаспажывання з улікам цэнтралізаванага і самаводазабеспячэння насельніцтва ў 2022 г. склаў 36,3 м³ вады на аднаго чалавека. За апошнія 20 гадоў (2002–2022) гэты паказчык зменшыўся амаль у 2 разы.
У паверхневыя водныя аб’екты Беларусі ў 2022 г. адведзена 1 120,7 млн м³ cцёкавых вод (павелічэнне іх аб’ёмаў у 2016–2022 звязана з пачаткам уліку ў статыстыцы паверхневых сцёкавых вод). У цэлым за перыяд 1990–2022 гг. адвядзенне сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты зменшылася ў 1,7 раза.
Сярод адведзеных сцёкавых вод, як і раней, колькасна пераважалі нарматыўна-ачышчаныя воды (737 млн м³). Аб’ём скінутых недастаткова ачышчаных сцёкавых вод склаў каля 2,8 млн м³. Асноўны аб’ём сцёкавых вод (больш за 50 %), якія змяшчаюць забруджвальныя рэчывы, фарміруецца ў секцыі «водазабеспячэнне, збор, апрацоўка і выдаленне адходаў, дзейнасць па ліквідацыі забруджванняў».
Асноўнай крыніцай забруджвання рачных вод з’яўляюцца сцёкавыя воды, якія фарміруюцца ў абласных цэнтрах і Мінску.
Асноўныя забруджвальныя рэчывы, якія скідваюцца ў складзе сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты: аманійны азот, фасфаты, нітрытны азот, арганічныя рэчывы (па БСК5 — біяхімічным спажыванні кіслароду за 5 дзён). Забруджванне рэк краіны прасочваецца ў асноўным на ўчастках ніжэй гарадоў.