Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя
- Экалагічная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь
- Сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый
- Экалагічная сетка
- Аб’екты экалагічнага турызму
- Уздзеянні на навакольнае асяроддзе і экалагічная сітуацыя
- Дынаміка і сучасны стан радыеактыўнага забруджвання сельскагаспадарчых зямель
- Cучаснае радыяцыйнае становішча
Экалагічная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь
Дата стварэння: 19.11.2024 15:28:42
Дата змены: 29.11.2024 11:37:52
- Атмасфернае паветра і азонавы слой
- Клімат
- Водныя рэсурсы
- Захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці
- Прадухіленне дэградацыі зямель і навядзенне парадку на зямлі
- Кантроль і адказнасць за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства
- Развіццё зялёнай эканомікі
- Рэгуляванне абыходжання з адходамі
- Нацыянальная сістэма маніторынгу навакольнага асяроддзя
Прыродны патэнцыял Рэспублікі Беларусь адыгрывае важную ролю ў Еўрапейскім рэгіёне. Наша краіна валодае значнымі запасамі прэснай вады, лясных рэсурсаў, адрозніваецца разнастайнасцю ландшафтаў, расліннага і жывёльнага свету. Беларускія балоты забяспечваюць экалагічную ўстойлівасць не толькі сваёй краіны, але і значнай часткі Еўропы.
Экалагічная палітыка Рэспублікі Беларусь, якая абапіраецца на вялікі аб’ём навуковых даследаванняў, дазваляе не толькі стрымліваць негатыўнае ўздзеянне гаспадарчай дзейнасці на цэласнасць экасістэм, але і забяспечвае паляпшэнне экалагічнай сітуацыі, спрыяе павышэнню эфектыўнасці выкарыстання аднаўляльных і неаднаўляльных прыродных рэсурсаў у інтарэсах эканамічнага росту і паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва.
Дзяржаўная палітыка ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь накіравана на паляпшэнне якасці жыцця і ўмоў працы грамадзян, рацыянальнае выкарыстанне і ахову прыродных рэсурсаў, распрацоўку і ўкараненне ў практыку зялёных тэхналогій. Сфарміравана заканадаўчая база, якая забяспечвае комплекснае рэгуляванне пытанняў выкарыстання і аховы зямель, лясоў, вод, нетраў, атмасфернага паветра і азонавага слоя, расліннага і жывёльнага свету, прыродных тэрыторый, якія падлягаюць спецыяльнай ахове і асабліва ахоўных, а таксама адносін у галіне бяспекі генна-інжынернай дзейнасці, абыходжання з адходамі.
Дзейнічае больш за 15 заканадаўчых актаў, якія рэгулююць праваадносіны ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, у прыватнасці Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах, законы Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб ахове атмасфернага паветра», «Аб абыходжанні з адходамі», «Аб гідраметэаралагічнай дзейнасці», «Аб раслінным свеце», «Аб ахове азонавага слоя» і інш.
Асноўныя напрамкі экалагічнай палітыкі адлюстраваны ў Дзяржаўнай праграме «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021–2025 гады, а таксама закладзены ў аснову Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021–2025 гады.
Атмасфернае паветра і азонавы слой
Адным з напрамкаў дзяржаўнай экалагічнай палітыкі з’яўляецца забеспячэнне якаснага стану атмасфернага паветра. Былі распрацаваны і прыняты законы Рэспублікі Беларусь «Аб ахове азонавага слоя» (2001), «Аб ахове атмасфернага паветра» (2008), Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 сакавіка 2020 г. № 92 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў», пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 2021 г. № 213 «Аб Комплекснай праграме развіцця электратранспарту на 2021–2025 гады».
Аб’ём выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра на тэрыторыі Беларусі за апошнія 10 гадоў паступова зніжаецца (з інтэнсіўнасцю каля 1 % у год). Агульны аб’ём выкідаў за 2022 г. склаў 872,9 тыс. т, у т. л. ад стацыянарных крыніц 456,2 тыс. т (52 %), мабільных — 416,7 тыс. т (48 %). Аб’ём выкідаў ад стацыянарных крыніц за апошнія 3 гады ўзрос на 30 тыс. т, ад мабільных — зменшыўся на 18 тыс. т. Зніжэнне аб’ёмаў выкідаў мабільнымі крыніцамі на 8 % дасягнута ў асноўным за кошт абнаўлення парку транспартных сродкаў аўтамабілямі больш высокіх экалагічных класаў і паляпшэння якасці паліва. Павелічэнне аб’ёмаў выкідаў ад стацыянарных крыніц звязана з развіццём прамысловай вытворчасці і замяшчэннем часткі прыроднага газу менш экалагічнымі відамі паліва.
У мэтах павышэння інвестыцыйнай прывабнасці рэспублікі, зніжэння энергазалежнасці і задавальнення патрэб эканомікі краіны Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (Міністэрства прыроды) актыўна прапрацоўваецца развіццё шэрага перспектыўных напрамкаў, у т. л. выкарыстанне альтэрнатыўных відаў энергіі. Уводзяцца ў эксплуатацыю ўстаноўкі па атрыманні электрычнай энергіі з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц (сонца, ветру, біягазу, натуральнага руху водных патокаў, драўнянага паліва, іншых відаў біямасы, цяпла Зямлі).
Клімат
Рэспубліка Беларусь у верасні 2016 г. стала Бокам Парыжскага пагаднення, якое было прынята ў снежні 2015 г. на 21‑й сесіі Канферэнцыі Бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату. Мэта пагаднення — утрымаць рост глабальнай сярэдняй тэмпературы ніжэй за 2 °C і прыкласці намаганні для абмежавання росту тэмпературы велічынёй 1,5 °C.
Пагадненне, якое рэгулюе меры па зніжэнні вуглякіслага газу ў атмасферы з 2020 г., накіравана на рэалізацыю мер па падтрымцы экалагічнай цэласнасці, развіццё аднаўляльных крыніц энергіі, зялёнай эканомікі, перадачу высокаэфектыўных тэхналогій, змякчэнне наступстваў кліматычных змяненняў і адаптацыю да клімату, які зменьваецца, што адпавядае інтарэсам дзяржавы.
Неад’емнай часткай Парыжскага пагаднення з’яўляюцца меркаваныя нацыянальна вызначаныя ўклады Бакоў у скарачэнне выкідаў парніковых газаў. Міністэрства прыроды 25 верасня 2015 г. унесла ў сакратарыят Канвенцыі Меркаваны нацыянальна вызначаны ўклад Рэспублікі Беларусь (МНВУ). Згодна з МНВУ Рэспубліка Беларусь абавязалася скараціць да 2030 г. выкіды парніковых газаў на 28 % ад узроўню 1990 г. (базавы год).
З лютага 2017 г. у Беларусі выконваецца План мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення да Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату.
У параўнанні з многімі краінамі і рэгіёнамі перавагай Беларусі з’яўляецца больш высокі адаптацыйны патэнцыял, які забяспечваюць высокая лясістасць тэрыторыі, істотная доля балот, наяўнасць значных водных рэсурсаў і асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ).
Беларусь па праву называюць «лёгкімі» Еўропы. У адрозненне ад большасці заходнееўрапейскіх дзяржаў у нашай краіне захаваліся натуральна аднаўляльныя балотныя масівы — 1 348 балот агульнай плошчай каля 863 тыс. га. Вядома, што 1 га натуральнага балота чысціць атмасферу нашмат эфектыўней за 1 га лесу.
Рэспубліка Беларусь паспяхова ажыццяўляе меры па зніжэнні аб’ёмаў выкідаў парніковых газаў у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі. За перыяд 1990–2020 гг. выкіды парніковых газаў у Беларусі зменшыліся на 56,4 %. Зніжэнне аб’ёмаў выкідаў адбылося галоўным чынам за кошт эканамічнага крызісу пачатку 1990‑х гг. пасля распаду СССР. Пачынаючы з 1995 г., нягледзячы на рост эканомікі, выкіды парніковых газаў працягвалі зніжацца: у 2020 г. у параўнанні з 1995 г. іх аб’ём паменшыўся на 13,4 %.
З мэтай выканання Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (Мінлясгас) зацверджаны і рэалізуюцца Стратэгія адаптацыі лясной гаспадаркі Беларусі да змены клімату да 2050 года, Нацыянальны план дзеянняў па павелічэнні абсорбцыі паглынальнікамі парніковых газаў на перыяд да 2030 года, Нацыянальны план дзеянняў па адаптацыі лясной гаспадаркі Беларусі да змены клімату да 2030 года. Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (НАН Беларусі) распрацавана Стратэгія адаптацыі сельскай гаспадаркі да змянення клімату да 2050 года, рэалізуецца План мерапрыемстваў па адаптацыі да змянення клімату ў частцы сельскай гаспадаркі ў 2020–2025 гг.
У верасні 2021 г. Рэспубліка Беларусь зацвердзіла новы ўклад, які вызначаецца на нацыянальным узроўні, у скарачэнне выкідаў парніковых газаў, у адпаведнасці з якім плануецца да 2030 г. скараціць выкіды парніковых газаў на 35 % ад узроўню 1990 г. з улікам сектара «Землекарыстанне, змяненне землекарыстання і лясная гаспадарка» пры прагназуемым эканамічным росце і без прыцягнення дадатковага фінансавання (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 верасня 2021 № 553).
Выкананне абавязацельстваў будзе дасягацца ў рамках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады, шэрага дзяржаўных і галіновых праграм на гэты перыяд, сярод якіх: «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў», «Энергазберажэнне», «Беларускі лес», «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», «Транспартны комплекс» і інш.
Водныя рэсурсы
Галоўным прыродным багаццем Беларусі здаўна з’яўляюцца водныя рэсурсы, якія можна разглядаць у якасці асновы жыццядзейнасці чалавека і функцыянавання прыродных сістэм. У асноўным гэта рэкі, азёры, балоты і падземныя воды.
Адносіны, якія ўзнікаюць пры валоданні, карыстанні і распараджэнні водамі і воднымі аб’ектамі, а таксама іх захаванасць рэгулююцца Водным кодэксам Рэспублікі Беларусь (2014).
Дзяржаўная палітыка ў сферы рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў накіравана на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання і паляпшэнне якасці водных рэсурсаў, збалансаваных з патрэбамі грамадства і магчымай зменай клімату.
Распаўсюджаныя ўсюды падземныя воды Беларусі адрозніваюцца добрай якасцю і дазваляюць падтрымліваць дастаткова высокі ўзровень жыцця насельніцтва. Натуральныя рэсурсы прэсных падземных вод ацэньваюцца ў 15,9 км3 у год (43,5 млн м³ у суткі). На кожнага жыхара рэспублікі (улічваючы ўсю прэсную ваду) прыпадае 20 м³ прэснай вады ў суткі. Выкарыстанне падземных вод для цэнтралізаванага водазабеспячэння ажыццяўляецца на 264 водазаборах 155 гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і прамысловых цэнтраў.
Адбор падземных вод на радовішчах з зацверджанымі запасамі ў 2020 г. склаў 1,25 млн м³/сут. Такім чынам, ступень выкарыстання падземных вод на разведаных радовішчах не перавышае 20 %. Звязана гэта з шырокім укараненнем сістэм прыборнага ўліку вады і павелічэннем яе цаны для прадпрыемстваў і насельніцтва.
З мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання водных рэсурсаў для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту краіны ва ўмовах зменлівага клімату і стварэння ўмоў для захавання водных экасістэм у Рэспубліцы Беларусь распрацавана і рэалізуецца Нацыянальная стратэгія кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах змянення клімату на перыяд да 2030 года (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 2022 № 91). Нацыянальнай стратэгіяй прадугледжваецца забеспячэнне насельніцтва цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння на 95 % і цэнтралізаванымі сістэмамі водаадвядзення (каналізацыі) на 85 % да 2030 г. Доля паверхневых водных аб’ектаў, якія будуць адпавядаць добраму і высокаму экалагічнаму статусу, павялічыцца да 85 % да 2030 г.
Для захавання і аднаўлення водных аб’ектаў, а таксама комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў у басейнах рэк з улікам рэкамендацый Воднай рамачнай дырэктывы Еўрапейскага саюза распрацаваны планы кіравання басейнамі рэк Днепр, Прыпяць і Заходні Буг [распрацоўшчык РУП «Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў» (ЦНДІКВВР)]. Рэалізацыя мерапрыемстваў, прадугледжаных планамі кіравання, дасць магчымасць зменшыць антрапагенную нагрузку на водныя аб’екты і палепшыць іх экалагічны стан.
У выніку дзяржаўнай палітыкі, якая праводзіцца ў галіне выкарыстання і аховы вод, а таксама ў сувязі з пераходам на прымяненне найлепшых даступных тэхнічных метадаў за апошнія 10 гадоў скараціліся аб’ёмы здабычы (адбору) вады на 9,5 %. Назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэння ўдзельнага водаспажывання на душу насельніцтва. Скарачэнню аб’ёмаў выкарыстання вады на вытворчыя патрэбы садзейнічала ўкараненне прыборнага ўліку вады. У цяперашні час прыборным улікам па здабычы (адбору) вады ахоплена 100 % аб’ектаў прамысловасці і 96 % сельскагаспадарчых арганізацый.
Назіраецца тэндэнцыя да скарачэння аб’ёму адвядзення недастаткова ачышчаных сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты, які ў 2022 г. у адносінах да 2000 г. зменшыўся больш чым у 10 разоў і склаў каля 2,8 млн м³. Такі паказчык дасягнуты за кошт рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па водазабеспячэнні і водаадвядзенні «Чыстая вада» на 2011–2015 гады, якая ўключала будаўніцтва і рэканструкцыю 94 ачышчальных збудаванняў і стварэнне сістэм дажджавой каналізацыі ў гарадах рэспублікі. Вынік — якасць паверхневых вод на тэрыторыі Беларусі характарызуецца стабільнай тэндэнцыяй да паляпшэння.
Захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці
Найбольш эфектыўным механізмам захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці з’яўляецца фарміраванне і забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання сістэмы ААПТ.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 сакавіка 2018 г. № 108 зацверджана Схема нацыянальнай экалагічнай сеткі ў мэтах забеспячэння падтрымання натуральных міграцыйных працэсаў руху і бесперапыннасці асяроддзя пражывання жывых арганізмаў, захавання натуральных экалагічных сістэм, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці на ААПТ і прыродных тэрыторыях, якія падлягаюць спецыяльнай ахове. Экалагічныя ядры і калідоры, што складаюць дадзеную сетку, уключаюць 93 аб’екты агульнай плошчай 3,37 млн га і ахопліваюць 16,2 % тэрыторыі краіны.
Акрамя таго, захаванню біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці ў краіне садзейнічае таксама даволі вялікая плошча асяроддзестабілізуючых відаў зямель, якія ўтвараюць прыродны каркас тэрыторыі (натуральныя лугавыя землі, лясныя землі, землі пад дрэвава-хмызняковай расліннасцю, землі пад балотамі і воднымі аб’ектамі і інш.); на 2020 г. складае 64,5 % тэрыторыі краіны.
Для захавання і аднаўлення колькасці рэдкіх і якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, іх папуляцый і генетычнай разнастайнасці выяўлена і перададзена пад ахову карыстальнікам зямельных участкаў і (або) водных аб’ектаў 136 рэдкіх біятопаў, 1 453 месцы знаходжання дзікіх жывёл і 1 758 месцаў росту відаў дзікарослых раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
З 2016 г. на базе Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» створаны і функцыянуе гадавальнік па ўзнаўленні птушак сямейства Цецеруковыя, у прыватнасці, заходнееўрапейскага падвіду — глушца Майера. У 2019 г. упершыню ва ўмовах няволі атрыманы 15 асобін моладзі глушца.
Беларусь займае 1‑е месца ў свеце па колькасці вольнажывучых зуброў, пры гэтым доля пагалоўя віду складае 35 % ад сусветнай колькасці і гарантуе доўгатэрміновае выжыванне беларускай папуляцыі гэтых жывёл. За 30 гадоў колькасць зубра ў Беларусі вырасла больш як у 6 разоў і па стане на 2022 г. перавысіла 2,1 тыс. галоў, сфарміраваны 11 мікрапапуляцый зубра.
Фарміруецца сістэма доступу да генетычных рэсурсаў. Пастаянна вядзецца работа па ўключэнні новых відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін у гаспадарчы абарот, забяспечваючы іх устойлівае выкарыстанне.
Біялагічныя рэсурсы выкарыстоўваюцца ў якасці сыравіны ў харчовай прамысловасці, фармацэўтыцы і г. д. і могуць быць схільнай да росту экспартнай крыніцай прыбытку. Дзякуючы прынятым Міністэрствам прыроды мерам у гаспадарчае выкарыстанне ўключаюцца новыя біялагічныя рэсурсы, якія маюць высокі экспартны патэнцыял: вінаградны слімак, даўгапалы рак, лічынкі хіранамід (матыль), зялёная жаба, гадзюка.
Прадухіленне дэградацыі зямель і навядзенне парадку на зямлі
У Беларусі рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па прадухіленні дэградацыі зямель (глеб) на 2021–2025 гады, згодна з якім вядуцца работы па рэканструкцыі і аднаўленні меліярацыйных сістэм, рэкультывацыі кар’ераў, экалагічнай рэабілітацыі тарфянікаў. У мэтах падтрымання ўрадлівасці глеб сельскагаспадарчых зямель у 2019–2022 гг. унесена ў сярэднім па 50,3 млн т у год арганічных угнаенняў (у 2022 — 50,8 млн т).
У 2021–2022 гг. рэкультывавана 73 зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 459,5 га, прадастаўленых для распрацоўкі радовішч (іх частак), і 407 унутрыгаспадарчых кар’ераў агульнай плошчай 377,7 га. У гэты ж перыяд ліквідаваны і рэкультываваны 239 міні-палігонаў цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Рэкультываваныя землі перададзены галоўным чынам для сельскагаспадарчага і лесагаспадарчага выкарыстання.
Нацыянальным планам дзеянняў па прадухіленні дэградацыі зямель прадугледжана правядзенне комплексу работ па рэабілітацыі парушаных тэрыторый у гарадах і зонах іх уплыву. Інстытутам прыродакарыстання НАН Беларусі распрацавана інструкцыя па экалагічнай рэабілітацыі тэхнагенна парушаных прыродных комплексаў урбанізаваных тэрыторый, якая вызначае парадак і правілы правядзення такіх работ з улікам экалагічна абгрунтаваных і сацыяльна арыентаваных напрамкаў далейшага выкарыстання парушаных тэрыторый.
Для Беларусі з’яўляюцца актуальнымі праблемы парушаных тарфянікаў — крыніцы эмісіі дыяксіду вугляроду ў атмасферу за кошт мінералізацыі арганічнага рэчыва торфу, тарфяныя пажары, зарастанне адкрытых балот малакаштоўнай дрэвава-хмызняковай расліннасцю і трыснягом, скарачэнне месцаў пражывання рэдкіх і якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення дзікіх жывёл і дзікарослых раслін і скарачэнне іх колькасці, негатыўны ўплыў на экалагічную сітуацыю прылеглых тэрыторый. Рашэнню гэтых праблем садзейнічае экалагічная рэабілітацыя парушаных тарфянікаў. На 2022 г. праведзены работы па паўторным забалочванні парушаных балот на плошчы 82,8 тыс. га.
Эфект ад паўторнага забалочвання з’яўляецца комплексным — гэта аднаўленне гідралагічнага рэжыму балотных экасістэм, паляпшэнне ўмоў пасялення дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу, зніжэнне рызыкі пажараў. Апошняе асабліва важна для тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Паўторнае забалочванне парушаных балот дазволіла скараціць выкіды парніковых газаў на 0,7 млн т у эквіваленце вуглякіслага газу штогод.
Каардынацыю работ па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторый ажыццяўляе Міністэрства прыроды. З гэтай мэтай штогод распрацоўваецца Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, арганізуюцца і праводзяцца сумесна з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання, установамі адукацыі, прадпрыемствамі і грамадскімі арганізацыямі розныя акцыі і мерапрыемствы, сярод якіх — «Тыдзень лесу», «Чысты двор», «Адновім зямлю разам», «Дапамажы прыродзе справай», «Чысты бераг», «Чысты вадаём» і інш.
У ходзе правядзення мерапрыемстваў па азеляненні населеных пунктаў у 2021–2022 гг. высаджана 1 083,7 тыс. дрэў і 1 200,4 тыс. кустоў. Гэта дазволіла павялічыць плошчу зялёных насаджэнняў у гарадах на 5 254,9 га. Пры гэтым:
узровень азелянення дасягнуў патрабаванага паказчыка (40 %) у 129 гарадах (97,7 % ад іх агульнай колькасці);
узровень азелянення жылых раёнаў, мікрараёнаў дасягнуў патрабаванага паказчыка (30 %) у 129 гарадах (97,7 % ад іх агульнай колькасці);
доля дрэвава-хмызняковай расліннасці ў плошчы азелянёных тэрыторый дасягнула патрабаванага паказчыка (50 %) у 112 гарадах (84,8 % ад іх агульнай колькасці).
У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі ў 2021–2022 гг. уведзена ў гаспадарчы абарот звыш 41,9 тыс. га сельскагаспадарчых зямель, якія не выкарыстоўваліся, і 141,4 га зямель, якія вызваліліся пасля зносу непрыдатных і неэксплуатуемых будынкаў і збудаванняў.
Кантроль і адказнасць за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» кантралюючымі органамі ў гэтай сферы з’яўляюцца Міністэрства прыроды і Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Дзяржінспекцыя).
За парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове навакольнага асяроддзя прадугледжаны адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.
Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (артыкулы 15.1–15.65) за парушэнні супраць экалагічнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і парадку прыродакарыстання.
Крымінальная адказнасць за злачынствы супраць экалагічнай бяспекі і прыроднага асяроддзя надыходзіць у адпаведнасці з артыкуламі 263–284 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, артыкулам 104 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (у рэдакцыі ад 17 ліпеня 2013) вызначана, што прыцягненне асоб да адказнасці за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове навакольнага асяроддзя не вызваляе іх ад кампенсацыі шкоды, якая прычынена навакольнаму асяроддзю, і выканання мерапрыемстваў па яго ахове.
Развіццё зялёнай эканомікі
Класічнае паняцце «зялёная эканоміка» сфармулявана ў Праграме ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЭП) — гэта эканоміка, якая павышае дабрабыт людзей і забяспечвае сацыяльную справядлівасць і пры гэтым істотна зніжае рызыкі для навакольнага асяроддзя і яго збяднення. Зялёная эканоміка ўяўляе сабой мадэль арганізацыі эканомікі, якая накіравана на дасягненне мэт сацыяльна-эканамічнага развіцця пры істотным скарачэнні экалагічных рызык і тэмпаў дэградацыі навакольнага асяроддзя.
Прынцыпы зялёнай эканомікі інтэграваны ў Нацыянальную стратэгію ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 года. Механізмы зялёнай эканомікі ўкараняюцца і рэалізуюцца ў адпаведнасці з Нацыянальным планам дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь. У цяперашні час рэалізуецца план на 2021–2025 гг.
У адпаведнасці з Нацыянальнай стратэгіяй адным з прыярытэтаў у доўгатэрміновай перспектыве вызначана забеспячэнне экалагічнай бяспекі, пераход да рацыянальных мадэлей вытворчасці і спажывання (цыркулярнай эканомікі).
З улікам сацыяльна-эканамічных умоў, перспектыў, мэтазгоднасці і міжнародных абавязацельстваў прыярытэтнымі напрамкамі ў развіцці зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца:
-
укараненне прынцыпаў устойлівага спажывання і вытворчасці;
-
развіццё эканомікі замкнёнага цыклу (цыркулярнай эканомікі);
-
развіццё вытворчасці арганічнай прадукцыі;
-
развіццё экалагічнага турызму і аграэкатурызму;
-
фарміраванне разумных і энергаэфектыўных гарадоў;
-
развіццё электратранспарту (інфраструктуры) і гарадской мабільнасці;
-
змякчэнне наступстваў змены клімату і адаптацыя да кліматычных змен;
-
захаванне і ўстойлівае выкарыстанне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці;
-
развіццё сферы зялёнага фінансавання;
-
адукацыя, падрыхтоўка кадраў і сацыяльная ўцягнутасць;
-
навуковае забеспячэнне пераходу да зялёнай эканомікі.
Канцэпцыя эканомікі замкнёнага цыклу прадугледжвае ўкараненне сучасных падыходаў да павышэння рэсурсаэфектыўнасці, зніжэння экалагічных наступстваў вытворчай дзейнасці, дасягнення сацыяльнага эфекту ў сферы спажывання тавараў. У эканоміцы замкнёнага цыкла прыярытэт аддаецца памяншэнню спажывання прыродных рэсурсаў і мінімальнаму іх вяртанню ў навакольнае асяроддзе ў выглядзе адходаў.
Эканамічны эфект ад укаранення цыркулярнай эканомікі заключаецца ў зніжэнні спажывання сыравінных і энергетычных рэсурсаў за кошт фарміравання ўстойлівага попыту на другасныя рэсурсы; скарачэнні аб’ёмаў утварэння адходаў, у т. л. за кошт недапушчэння іх утварэння і павелічэння долі ўцягвання ў вытворчыя працэсы; узнікнення новых рынкаў і пашырэння попыту на існуючыя на фоне павышэння экалагічнай адказнасці грамадства; фарміравання інавацыйнай экасістэмы і развіцця інфраструктуры; пашырэння магчымасцей развіцця малога і сярэдняга бізнесу і інш. Экалагічны эфект выяўляецца ў зніжэнні выкідаў забруджвальных рэчываў, скарачэнні плошчы пад аб’екты захоўвання і пахавання адходаў, памяншэнні спажывання дэфіцытных і абмежаваных рэсурсаў. Сацыяльны эфект — у павышэнні ўзроўню сацыяльнай адказнасці за беражлівае выкарыстанне матэрыяльных рэсурсаў, забеспячэнні экалагічна дружалюбных адносін да выкарыстаных тавараў, павелічэнні колькасці працоўных месцаў за кошт фарміравання новых і пераўтварэння традыцыйных сектараў цыркулярнай эканомікі і інш.
Пераход да інавацыйных цыркулярных мадэлей набывае глабальны характар, а канкурэнтныя перавагі развіцця дадзенай канцэпцыі становяцца ўсё больш відавочнымі. У Беларусі існуюць прыклады эфектыўнага ўкаранення цыркулярных бізнес-мадэлей. Гэта заводы па вытворчасці офіснай паперы з макулатуры (УП «Папяровая фабрыка» Дзяржзнака, г. Барысаў), выкарыстанні адпрацаваных маслаў (Крупскі раён Мінскай вобласці), выкарыстанні адходаў драўніны для атрымання біяпаліва (Вытворчае камунальнае УП «Камунальнік», г. Брэст); сэрвісы па прадастаўленні ў арэнду жылля, аўтамабіляў, веласіпедаў і самакатаў; біягазавыя энергетычныя комплексы на аснове выкарыстання адходаў сельскагаспадарчай вытворчасці ў шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый; рэалізаваны інавацыйныя праекты па ўкараненні малаадходных тэхналогій у арганізацыях прамысловасці.
У мэтах стварэння ўмоў для развіцця вытворчасці арганічнай прадукцыі як аднаго з напрамкаў развіцця зялёнай эканомікі распрацаваны і прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў па рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі» (2018). Арганізацыямі НАН Беларусі праводзяцца навуковыя даследаванні ў галіне арганічнай сельскай гаспадаркі: распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па адаптацыі відавога складу сельскагаспадарчых культур да зменлівых кліматычных умоў і звязанай з гэтым аптымізацыі структуры пасяўной плошчы; створаны галіновыя рэгламенты вытворчасці арганічнай прадукцыі жывёлагадоўлі (малака і ялавічыны) і нарыхтоўкі кармоў для арганічнай жывёлагадоўлі; падрыхтаваны і асвойваюцца ў вытворчасці рэгламенты па апрацоўцы бульбы і грэчкі, якія забяспечваюць магчымасць вырошчвання экалагічна чыстай прадукцыі пры выкарыстанні арганічнай сістэмы земляробства.
Актыўна развіваецца вытворчасць арганічных угнаенняў: арганічных хелатных мікраўгнаенняў новага пакалення для ліставага падкорму раслін і перадпасяўной апрацоўкі насення, натуральных мікрабіялагічных вадкіх гумінавых угнаенняў і тых, што атрыманы толькі з біягумусу.
Створаны і акрэдытаваны нацыянальныя органы па сертыфікацыі на базе РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванні» і РУП «Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі». Вытворчасць арганічнай прадукцыі магчыма пры добраахвотнай яе сертыфікацыі і па заканчэнні пераходнага перыяду, устаноўленага тэхнічным кодэксам практыкі, што ўсталявалася, ТКП 635–2019 (33170) «Агульныя правілы вытворчасці арганічнай прадукцыі», да вытворчасці арганічнай прадукцыі.
Як вынік, адзначаецца станоўчая дынаміка росту колькасці вытворцаў арганічнай сельскагаспадарчай прадукцыі: у 2016 г. іх налічвалася 13, у 2022 г. — 29. Плошча сельскагаспадарчых зямель, сертыфікаваных для вытворчасці арганічнай прадукцыі, узрасла больш чым на 5 тыс. га.
У Беларусі ў апошнія гады праектуюцца толькі рэсурсазберагальныя жылыя дамы. У перспектыве будзе прадоўжана вывучэнне і ўкараненне перадавых практык і стандартаў у частцы зялёнага будаўніцтва і гарадскога планавання ў мэтах энергазберажэння і мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Пры ўзвядзенні шматпавярховага жылля асноўны акцэнт будзе зроблены на выкарыстанні энергазберагальных рашэнняў, тэхналогій «разумнага дома», у т. л. будаўніцтва электрадамоў.
Таксама распрацоўваюцца рэгіянальныя планы ўстойлівай гарадской мабільнасці, рэалізацыя якіх дасць магчымасць палепшыць якасць транспартных паслуг, пашырыць сетку маршрутаў грамадскага гарадскога транспарту, стварыць новыя веладарожкі і знізіць негатыўнае ўздзеянне аўтамабільнага транспарту на навакольнае асяроддзе.
У рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Глабальнага экалагічнага фонду (ПРААН) — «Беларусь: падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» — у 2016–2021 гг. апрабаваны і паспяхова ўкаранёны прынцыпы стратэгічнага тэрытарыяльнага планавання, якія спалучаюць сацыяльна-эканамічныя напрамкі развіцця і бачанне прасторавага развіцця тэрыторыі. Рэалізаваны пілотныя ініцыятывы ў сферы павышэння энергаэфектыўнасці (г. Навагрудак) і ўстойлівай гарадской мабільнасці (гарады Наваполацк і Полацк), якія арыентаваны на дасягненне комплекснага энергетычнага, эканамічнага, экалагічнага і сацыяльнага эфекту.
У рамках нізкавугляроднай энергетыкі асноўнымі мэтамі развіцця энергетычнага комплексу Беларусі з’яўляюцца павышэнне энергетычнай самастойнасці краіны і энергаэфектыўнасць ва ўсіх сектарах эканомікі, зніжэнне залежнасці эканомікі ад вуглевадароднай сыравіны.
Для развіцця нізкавугляроднай эканомікі асаблівую значнасць маюць павышэнне энергаэфектыўнасці і павелічэнне даступнасці выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Для Рэспублікі Беларусь важнымі пытаннямі застаюцца забеспячэнне энергетычнай бяспекі і павышэнне энергетычнай незалежнасці за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва, у т. л. аднаўляльных крыніц энергіі, дыверсіфікацыі паліўна-энергетычнага балансу і зніжэння энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Пасля ўводу ў эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі аднаўляльная энергетыка будзе развівацца ва ўзаемадзеянні з атамнай у напрамку павышэння энергаэфектыўнасці, цыфравізацыі ў галінах народнай гаспадаркі, пабудовы разумных энергетычных сетак (Smart Grid).
Паводле даных дзяржаўнага дэпартамента па энергаэфектыўнасці, па стане на 1.1.2023 г., магутнасць дзеючых сонечных фотаэлектрычных станцый у Беларусі склала 272,7 МВт, ветраэнергетычных установак — 122,2 МВт, гідраэлектрастанцый — 96,1 МВт, біягазавых установак — 40,2 МВт, міні-ЦЭЦ на драўняным паліве — 100,5 МВт. Удзельную вагу вытворчасці першаснай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі да валавога спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў плануецца давесці да 2026 г. да 7–8 %.
Адным з прыярытэтных напрамкаў укаранення і пашырэння выкарыстання нізкавугляродных тэхналогій, якія спрыяюць пераходу краіны да вугляроднай нейтральнасці, з’яўляецца пераход ад вуглевадароднага транспарту да электрычнага. Прынятыя ў апошнія гады меры па стымуляванні набыцця электрамабіляў і развіццю інфраструктуры прывялі да росту колькасці такога віду транспарту. Па стане на студзень 2023 г. у краіне налічвалася звыш 5 тыс. электрамабіляў (у 2017 — 40 адзінак).
З мэтай пашырэння выкарыстання электратранспарту ў Беларусі працягваецца распрацоўка і арганізаваны выпуск новых мадэлей айчынных электрамабіляў і электрааўтобусаў на ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Белкамунмаш» (BKM HOLDING) і «Мінскі аўтамабільны завод» — кіруючая кампанія холдынга «Белаўтамаз». Акрамя таго, у краіне наладжана вытворчасць электразарадных станцый для прамысловага і індывідуальнага прымянення.

На I Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Зялёны дом» падчас XIII Рэспубліканскага экалагічнага форуму. Мінск, 2015 г.
У Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 года змена клімату вызначаецца ў якасці аднаго з глабальных трэндаў, якія аказваюць істотны ўплыў на развіццё краіны. Фарміраванне будучага аблічча Беларусі прадугледжвае забеспячэнне экалагічнай бяспекі на аснове развіцця зялёнай эканомікі і прыняцця эфектыўных мер па зніжэнні выкідаў парніковых газаў і адаптацыі да кліматычных змяненняў.
Для забеспячэння ўстойлівага зніжэння шкоднага антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе прадугледжваецца распрацаваць Стратэгію доўгатэрміновага развіцця Рэспублікі Беларусь з нізкім узроўнем выкідаў парніковых газаў на перыяд да 2050 года, рэалізацыя мерапрыемстваў якой будзе накіравана на стымуляванне ўкаранення тэхналагічных і арганізацыйна-кіраўніцкіх інавацый, якія забяспечваюць прадухіленне негатыўных наступстваў змены клімату.
Рэгуляванне абыходжання з адходамі
Галоўная мэта дзяржаўнай палітыкі ў сферы абыходжання з адходамі — зніжэнне негатыўнага ўздзеяння ўзрастаючых аб’ёмаў утварэння адходаў на навакольнае асяроддзе і больш поўнае ўцягненне адходаў у гаспадарчы абарот у якасці другаснай сыравіны.
У 2017 г. зацверджана Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2035 года. Мэта Нацыянальнай стратэгіі — вызначэнне асноўных напрамкаў мінімізацыі шкоднага ўздзеяння ЦКА на здароўе чалавека, навакольнае асяроддзе і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў шляхам прадухілення ўтварэння адходаў, максімальна магчымага вымання другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), якія змяшчаюцца ў адходах, іх выкарыстання ў якасці дадатковых крыніц сыравіны для вытворчасці прадукцыі, а таксама энергетычнага выкарыстання ў выглядзе RDF-паліва, цеплавой і электрычнай энергіі.
Праводзяцца работы па аптымізацыі сеткі палігонаў ЦКА, вывядзенні з эксплуатацыі міні-палігонаў і рэкультывацыі зямель на месцах іх размяшчэння, па ўкараненні новых тэхналогій перапрацоўкі і ўтылізацыі адходаў. На 1.1.2022 г. у Беларусі налічвалася 158 палігонаў ЦКА.
У Беларусі ў 2022 г. утварылася 3,99 млн т ЦКА (у 2021 — 3,96 млн т), пры гэтым 802,6 тыс. т ДМР сабрана (нарыхтавана). Меры, што прымаюцца па раздзельным зборы адходаў і нарыхтоўцы ДМР дазволілі павысіць узровень выкарыстання ЦКА ў краіне да 32 % (у 2012 — 10 %, 2022 — 25 %). Згодна з Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з ЦКА ўзровень іх выкарыстання плануецца павысіць да 2035 г. да 90 %.
У мэтах прадухілення і мінімізацыі адмоўнага ўплыву стойкіх арганічных забруджвальнікаў (САЗ) на навакольнае асяроддзе і здароўе насельніцтва працягваецца работа па выкананні абавязацельстваў, прынятых Рэспублікай Беларусь па Стакгольмскай канвенцыі аб САЗ. У 2021–2022 гг. у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ‑6» вывезена і знішчана больш за 708 т непрыдатных пестыцыдаў. Працягваецца рэалізацыя комплексу мерапрыемстваў па пераўпакоўцы і вывазе на абясшкоджванне за мяжу непрыдатных пестыцыдаў і адходаў, якія змяшчаюць поліхлараваныя біфенілы (ПХБ), па ліквідацыі Петрыкаўскага захавання непрыдатных пестыцыдаў, па вывадзе з эксплуатацыі абсталявання (кандэнсатараў і трансфарматараў), якое змяшчае ПХБ.

У час адкрыцця Форуму экалагічных рашэнняў, на якім прайшла прэзентацыя 3-га Агляду рэзультатыўнасці экалагічнай дзейнасці Беларусі
З мэтай абмежавання распаўсюджвання пластыка ў навакольным асяроддзі і зніжэння экалагічных рызык у Беларусі ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па абмежаванні выкарыстання пластыкавай упакоўкі і яе адходаў. Мерапрыемствы ўключаюць перш за ўсё скарачэнне выкарыстання палімернай упакоўкі, вытворчасць і выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі, тэхнічнае рэгуляванне і скарачэнне імпарту палімернай упакоўкі, правядзенне навуковых даследаванняў з мэтай распрацоўкі тэхналогіі вытворчасці біяраскладальнай упакоўкі, а таксама інфармацыйна-асветніцкай работы сярод насельніцтва, дзяцей і моладзі. Для павелічэння рэалізацыі прадукцыі ў шкляной тары, ажыццяўлення паэтапнага пераходу ад выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі тавараў да выкарыстання экалагічна бяспечнай упакоўкі з паперы, у аб’ектах гандлю рознага фармату прадугледжана абавязковая наяўнасць безалкагольных напояў (мінеральнай і пітной вады) у шкляной тары, а таксама папяровых пакетаў, аднаразовага посуду і сталовых прыбораў з паперы. Пры гэтым мінімізавана колькасць разнавіднасцей пластыкавых пакетаў і посуду з пластыку.
Укараняюцца метады стымулявання вытворцаў за ўжыванне шкляной тары пры вытворчасці (разліве) пітной вады, малочных прадуктаў, сокаў, слабаалкагольных напояў, за выкарыстанне паперы з прамочваннем замест поліэтыленавай упакоўкі.
Нацыянальная сістэма маніторынгу навакольнага асяроддзя
У адпаведнасці з артыкулам 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» адным з асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне аховы навакольнага асяроддзя з’яўляецца забеспячэнне бесперапыннага функцыянавання Нацыянальная сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя (НСМНА).
У Рэспубліцы Беларусь НСМНА створана ў мэтах назірання, ацэнкі і прагнозу стану навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 красавіка 1993 г. № 247 «Аб стварэнні Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь» і ўключае 13 арганізацыйна-самастойных відаў маніторынгу навакольнага асяроддзя:
-
маніторынг зямель — Дзяржкамітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь; па хімічным забруджванні зямель — Белгідрамет;
-
маніторынг паверхневых вод — Белгідрамет і Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю (РЦАК);
-
маніторынг падземных вод — Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі;
-
маніторынг атмасфернага паветра — Белгідрамет;
-
маніторынг азонавага слоя — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь;
-
маніторынг расліннага свету — НАН Беларусі;
-
маніторынг лясоў — Мінлясгас;
-
маніторынг жывёльнага свету — НАН Беларусі;
-
радыяцыйны маніторынг — Белгідрамет;
-
геафізічны маніторынг — НАН Беларусі;
-
лакальны маніторынг — РЦАК, прыродакарыстальнікі;
-
комплексны маніторынг натуральных экалагічных сістэм на ААПТ — НАН Беларусі;
-
комплексны маніторынг тарфянікаў — НАН Беларусі.
Функцыянуе сетка пунктаў назіранняў відаў маніторынгу, якія ўключаны ў Дзяржаўны рэестр пунктаў назіранняў НСМНА.
З 2020 г. функцыянуе сістэма анлайн-маніторынгу стану кампанентаў навакольнага асяроддзя г. Орша і Аршанскага раёна.
Кожны з відаў маніторынгу мае інфармацыйна-аналітычны цэнтр. На базе Белгідрамета функцыянуе галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр НСМНА Рэспублікі Беларусь. Структура і вынікі маніторынгу прадстаўлены на сайце НСМНА (www.nsmos.by).
Каардынатарам рэалізацыі НСМНА вызначана Міністэрства прыроды. Пры Міністэрстве функцыянуе Міжведамасны каардынацыйны савет па НСМНА.
Акрамя НСМНА ў Беларусі дзейнічаюць Сістэма сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу і Сістэма маніторынгу і прагназавання надзвычайных сітуацый. Адказныя за іх функцыянаванне — Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Функцыянаванне НСМНА і дадзеныя інфармацыйнай сістэмы НСМНА дазваляюць ацэньваць і аналізаваць дынаміку стану навакольнага асяроддзя ў цэлым, асобных кампанентаў навакольнага асяроддзя, а таксама прагназаваць змены стану навакольнага асяроддзя пад уздзеяннем прыродных і антрапагенных фактараў.