Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя

Аб’екты экалагічнага турызму

Дата стварэння: 19.11.2024 15:42:00

Дата змены: 29.11.2024 11:44:25


Бярэзінскі біясферны запаведнік. Дом экалагічнай асветы

Бярэзінскі біясферны запаведнік. Дом экалагічнай асветы

Бярэзінскі біясферны запаведнік. Музей міфічных істот

Бярэзінскі біясферны запаведнік. Музей міфічных істот

Бярэзінскі біясферны запаведнік. На экалагічнай сцежцы

Бярэзінскі біясферны запаведнік. На экалагічнай сцежцы

Сядзіба беларускага Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча»

Сядзіба беларускага Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча»

Гара Маяк у Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры»

Гара Маяк у Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры»

У апошнія гады ў Беларусі, асабліва на ААПТ, актыўна развіваецца экалагічны турызм: уладкоўваюцца экалагічныя сцежкі, ствараюцца зялёныя турыстычныя маршруты, праводзяцца экалагічныя фестывалі, арганізуюцца фота-сафары, назіранне за птушкамі і многія іншыя мерапрыемствы, мэта якіх — атрымаць уяўленне аб унікальных прыродных аб’ектах.

Развіццё экалагічнага турызму ў Беларусі атрымала актыўную падтрымку на дзяржаўным узроўні, у т. л. за кошт уключэння адпаведных мерапрыемстваў у дзяржаўныя праграмы. У лютым 2017 г. зацверджаны Комплекс мер па развіцці і прасоўванні экалагічнага турызму на ААПТ на перыяд да 2025 года.

Па стане на 2022 г. абсталявана больш за 70 экалагічных сцежак на ААПТ і ў лясных гаспадарках, а таксама экасцежкі пры ўстановах адукацыі (школах, каледжах і г. д.). Сярод асноўных цэнтраў развіцця экалагічнага турызму можна вылучыць Бярэзінскі біясферны запаведнік, усе нацыянальныя паркі, а таксама заказнікі «Ельня», «Налібоцкі», «Спораўскі», «Чырвоны Бор», «Выдрыца», «Прыбужскае Палессе» і інш.

У ахоўнай зоне Бярэзінскага біясфернага запаведніка абсталяваны турыстычныя маршруты рознай складанасці і працягласці (пешаходныя, веласіпедныя, водныя, аўтамабільныя, лыжныя і камбінаваныя). Праводзяцца экскурсіі па Музеі прыроды, экалагічных сцежках, прымае гасцей вяровачны гарадок. Адукацыйную і асветніцкую работу ў галіне аховы навакольнага асяроддзя праводзіць Дом экалагічнай асветы. Летам 2017 г. у запаведніку адкрыўся Цэнтр міфалагічнага турызму, які ўключае Музей міфічных істот, экасцежку «У краі міфаў» і экспазіцыю пад адкрытым небам «Міфалагічны хутарок».

У Нацыянальным парку «Белавежская пушча» працуе самы вялікі ў Беларусі Музей прыроды. Добраўпарадкаваны турыстычныя маршруты рознай складанасці і працягласці: «Азёрнае кальцо», «Вялікае падарожжа», «Запаведная дуброва» і інш. Адна з візітных картак Белавежскай пушчы — сядзіба беларускага Дзеда Мароза, якая адкрылася ў 2003 г.

У Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры» добраўпарадкаваны 30 турыстычных маршрутаў рознай працягласці і накіраванасці (водныя, пешаходныя, веласіпедныя, аўтамабільныя) і абсталяваны 3 экалагічныя сцежкі («Парк Бяльмонт», «Слабодкаўская озавая града» і «Гара Маяк»). Новыя турыстычныя (веласіпедныя і аўтамабільныя) маршруты пракладзены праз вальеры, дзе ўтрымліваюцца казулі, алені, зубры. Аблюбаваны від рэкрэацыі ў нацыянальным парку — адпачынак на турыстычных стаянках, якія добраўпарадкаваны па берагах азёр. Візітнай карткай турыстычных славутасцей тут стаў маяк на аднайменнай гары, з якога адкрываецца маляўнічы від на азёрныя ландшафты нацыянальнага парку.

Для аматараў прыроды ў Нацыянальным парку «Нарачанскі» створана экалагічная сцежка «Блакітныя азёры», якая праходзіць па моцна перасечанай мясцовасці: па грэбені озавай грады, хвойным лесе, берагах маляўнічых азёр, праз раку Страча і пратокі, уздоўж забалочанай мясцовасці. На паўвостраве Чараўкі на возеры Нарач арганізаваны Парк рэдкіх раслін — унікальны ўчастак у асяроддзі населеных пунктаў і турыстычных аб’ектаў, дзе разнастайнасць форм рэльефу і прыродных экасістэм стварыла ўмовы для вырастання больш за 10 рэдкіх і знікаючых відаў раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

За 15 км на поўнач ад Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» размешчаны яго сафары-парк, дзе на тэрыторыі амаль у 5 тыс. га ўтрымліваюцца зубры, алені, лані, казулі, ласі. Наведвальнікі парку могуць падарожнічаць па ім у адкрытых вагончыках маленькага «паравоза». У в. Перароў (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці) знаходзіцца Музей народнага побыту і старажытных тэхналогій, дзе можна пазнаёміцца з абрадамі, звычаямі, вераваннямі і паўсядзённым побытам карэннага насельніцтва.

Заказнік «Ельня» і Міёрскі раён сталі месцам правядзення штогадовага экалагічнага фестывалю «Жураўлі і журавіны». У час фестывалю арганізуюцца экскурсіі на тэрыторыю заказніка, у т. л. на экасцежку «Азяраўкі»; тут на балоце падчас восеньскай міграцыі спыняюцца шматтысячныя чароды жураўлёў.

Тэрыторыя заказніка «Альманскія балоты» традыцыйна выкарыстоўваецца мясцовымі жыхарамі для збору дзікарослых ягад, у першую чаргу журавін. У гонар гэтай ягады ў Столінскім раёне рэгулярна праводзіцца «Фестываль журавін». У апошні час тут актыўна развіваецца і экалагічны турызм. Арганізаваны экасцежкі, маршруты для арнітолагаў і проста аматараў. Непралазныя багны балот заказніка сёння ўсё больш прыцягваюць «дзікіх» турыстаў, для якіх распрацоўваюцца спецыяльныя экстрым-туры.

Па тэрыторыі заказніка «Налібоцкі» праходзіць зялёны веласіпедны маршрут «Валожынскія гасцінцы», які аб’ядноўвае найбольш цікавыя гістарычныя і прыродныя аб’екты рэгіёна. У рамках праекта «Валожын без бар’ераў» вясной 2017 г. у Налібоцкай пушчы на беразе ракі Іслач адкрыта турыстычная і адукацыйная экасцежка, адаптаваная для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У многіх заказніках функцыянуюць эколага-асветныя цэнтры (або візіт-цэнтры), дзе турысты могуць атрымаць даведачную інфармацыю аб ААПТ, матэрыялы для самастойнага наведвання турыстычных маршрутаў або заказаць экскурсіі. У заказніку «Спораўскі» такі цэнтр размешчаны ў в. Высокае (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці). Традыцыйна кожны жнівень у заказніку праводзіцца экалагічны фестываль «Спораўскія сенажаці».