Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя
- Экалагічная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь
- Сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый
- Экалагічная сетка
- Аб’екты экалагічнага турызму
- Уздзеянні на навакольнае асяроддзе і экалагічная сітуацыя
- Дынаміка і сучасны стан радыеактыўнага забруджвання сельскагаспадарчых зямель
- Cучаснае радыяцыйнае становішча
Уздзеянні на навакольнае асяроддзе і экалагічная сітуацыя
Дата стварэння: 19.11.2024 15:43:21
Дата змены: 26.11.2024 14:06:48
- Узроўні і дынаміка ўздзеянняў на навакольнае асяроддзе
- Забруджванне атмасфернага паветра
- Стан паверхневых вод
- Стан падземных вод
- Забруджванне глеб
Узроўні і дынаміка ўздзеянняў на навакольнае асяроддзе
Экалагічная сітуацыя ў Беларусі ў апошнія гады адносна стабільная. Дзеючая ў краіне сістэма кіравання навакольным асяроддзем у спалучэнні з высокай доляй натуральных экасістэм у структуры землекарыстання (54 % тэрыторыі краіны) забяспечвае дапушчальны ў цэлым узровень экалагічнай бяспекі. Разам з тым на тэрыторыі краіны маюць месца экалагічныя праблемы, звязаныя з радыеактыўным забруджваннем тэрыторыі, забруджваннем атмасфернага паветра, паверхневых і падземных вод, дэградацыяй глеб, назапашваннем адходаў вытворчасці і спажывання.
Экалагічная сітуацыя ў краіне залежыць ад уздзеянняў на навакольнае асяроддзе з боку ўнутраных і знешніх крыніц і ўстойлівасці прыродных комплексаў да гэтых уздзеянняў. Акрамя гэтага, на фарміраванне сітуацыі ўплываюць таксама атрыманыя ў спадчыну экалагічныя праблемы з мінулага, якія не былі вырашаны.
Унутраныя ўздзеянні на навакольнае асяроддзе Беларусі звязаны з функцыянаваннем нацыянальнай эканомікі і найперш вытворчага комплексу. У якасці асноўных паказчыкаў уздзеяння на навакольнае асяроддзе звычайна разглядаюцца аб’ёмы выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, адвядзення сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты, утварэння адходаў вытворчасці. Акрамя гэтага, значнай хімічнай нагрузцы падвержана прыроднае асяроддзе ў выніку прымянення мінеральных угнаенняў, частка якіх выносіцца ў водныя аб’екты і падземныя воды.
У дынаміцы розных паказчыкаў, якія характарызуюць уздзеянні на навакольнае асяроддзе, прасочваюцца як падабенствы, так і адрозненні. Падобнай, у прыватнасці, з’яўляецца скіраванасць змяненняў аб’ёмаў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу і адвядзення сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты. За перыяд 2000–2022 гг. аб’ёмы выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу і адвядзення сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты зменшыліся: выкідаў — з 1 341 да 872,9 тыс. т у год, адвядзення сцёкавых вод — з 1 173,5 да 1 120,7 млн м³ у год.
У структуры выкарыстання і адвядзення сцёкавых вод адбыліся пазітыўныя змены за кошт памяншэння выкарыстання вады насельніцтвам. Так, калі ў 2000 г. удзельнае водаспажыванне на камунальныя патрэбы складала 214 л/сут на аднаго чалавека, то да 2010 г. яно паменшылася ў 1,5 раза і вагаецца ў апошняе дзесяцігоддзе ў межах ад 137 да 154 л/сут.
У адрозненне ад выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу і адвядзення сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты дынаміка ўтварэння адходаў вытворчасці мае іншы ход. За перыяд 2000–2021 гг. аб’ём утварэння адходаў вытворчасці павялічыўся ў 2,6 раза. Ва ўтварэнні адходаў вытворчасці знаходзіць адлюстраванне залежнасць ад галіновай структуры і дынамікі прамысловасці. У Беларусі найбольшымі паказчыкамі ўтварэння адходаў выдзяляецца хімічная прамысловасць. Пры гэтым на долю толькі аднаго прадпрыемства гэтай галіны — ААТ «Беларуськалій» — у розныя гады прыходзілася ад ½ да ¾ усяго аб’ёму адходаў вытворчасці, што ўтвараюцца ў краіне. Адпаведна дынаміка сумарнага паказчыка ўтварэння гэтых адходаў у вырашальнай ступені вызначалася функцыянаваннем ААТ «Беларуськалій». У 2022 г. аб’ём утварэння адходаў вытворчасці паменшыўся на трэць галоўным чынам за кошт зніжэння колькасці галітавых адходаў і глініста-салявых шламаў.
Пры ацэнцы адходаў як крыніцы ўздзеянняў на навакольнае асяроддзе трэба прымаць да ўвагі не толькі аб’ёмы іх утварэння, але і выкарыстання, у чым прасочваецца дадатная дынаміка. Так, выкарыстанне адходаў вытворчасці ў Беларусі павялічылася ад 15 (2000) да 46,6 % (2022). Разам з тым адбывалася павелічэнне аб’ёмаў іх назапашвання з інтэнсіўнасцю 2–3 % у год пераважна за кошт галітавых адходаў і глініста-салявых шламаў. Па стане на 2022 г. у солеадвалах і шламасховішчах каля гарадоў Салігорск і Петрыкаў назапасілася больш за 1,2 млрд т адходаў калійных прадпрыемстваў. Адзначаны рост назапашвання адходаў вытворчасці можна разглядаць як паказчык узмацнення ўздзеянняў на навакольнае асяроддзе з боку прадпрыемстваў па вытворчасці калійных угнаенняў.
Узроўні ўздзеяння на навакольнае асяроддзе нераўнамерныя на тэрыторыі Беларусі і вызначаюцца, перш за ўсё, размяшчэннем вытворчасцей, якія адрозніваюцца вялікімі аб’ёмамі паступлення ў навакольнае асяроддзе цвёрдых, вадкіх і газападобных адходаў і шчыльнасцю насельніцтва.
Тэхнагеннае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе з’яўляецца найбольш высокім у Мінскім, Віцебскім, Брэсцкім, Гомельскім, Магілёўскім, Гродзенскім, Бабруйскім, Мазырскім, Полацкім і Салігорскім раёнах, на тэрыторыі якіх размешчаны буйныя прамысловыя цэнтры і высокая шчыльнасць насельніцтва. Нізкія ўзроўні тэхнагеннага ўздзеяння характэрны для раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама шэрага раёнаў Віцебскай вобласці з нізкай шчыльнасцю насельніцтва і нізкім узроўнем развіцця прамысловасці.
Адрозненні ў характары і інтэнсіўнасці ўздзеянняў на навакольнае асяроддзе пацягнулі за сабой прасторавую неаднароднасць экалагічнай сітуацыі ў краіне, пра што сведчыць ніжэй прыведзены аналіз стану атмасфернага паветра, паверхневых і падземных вод і глеб на тэрыторыі Беларусі.
Забруджванне атмасфернага паветра
Стан атмасфернага паветра ў Беларусі ацэньваецца на падставе вынікаў маніторынгу, які праводзіцца ў рамках НСМНА. Сетка маніторынгу атмасфернага паветра ў Беларусі ўключае 67 стацыянарных пунктаў назіранняў у 19 прамысловых гарадах краіны і ў раёне Мазырскага прамвузла (в. Пянькі), а таксама на станцыі фонавага маніторынгу ў Бярэзінскім запаведніку (2023). У Мінску функцыянуюць 12 пунктаў назіранняў, у Магілёве, Гомелі і Віцебску — па 5, у Брэсце і Гродне — па 4, у астатніх прамысловых цэнтрах — па 1–3 пункты. У Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне, Брэсце, Гомелі, Полацку, Наваполацку, Салігорску, у раёне Мазырскага прамвузла і на станцыі фонавага маніторынгу ў Бярэзінскім запаведніку працуюць 16 аўтаматычных станцый, якія дазваляюць атрымліваць інфармацыю аб утрыманні ў паветры прыярытэтных забруджвальных рэчываў у рэжыме рэальнага часу. У сістэме маніторынгу ў гібрыдным рэжыме назіранняў функцыянуюць 3 пункты (у Магілёве, Гомелі і Жлобіне), на якіх назіранні за ўтрыманнем цвёрдых часціц праводзяцца ў бесперапынным рэжыме, а за іншымі забруджвальнымі рэчывамі — у дыскрэтным рэжыме (Маніторынг атмасфернага паветра, 2023).
У паветры гарадоў вызначаюцца канцэнтрацыі асноўных забруджвальных рэчываў (цвёрдых часціц або недыферэнцыраваных па складзе пылу/аэразолі, вугляроду аксіду, азоту дыяксіду, серы дыяксіду), а таксама прыярытэтных спецыфічных забруджвальных рэчываў (фармальдэгіду, аміяку, фенолу, серавадароду). У 19 населеных пунктах вызначаецца ўтрыманне ў паветры свінцу і кадмію, у 16 гарадах — бенз(а)пірэну, у 9 гарадах — лятучых арганічных злучэнняў. На аўтаматычных станцыях вымяраюцца канцэнтрацыі цвёрдых часціц фракцыі памерам да 10 мк (ЦЧ10) і прыземнага азону, у Жлобіне і Мінску — цвёрдых часціц фракцыі памерам да 2,5 мк (ЦЧ2,5).
Для ацэнкі стану атмасфернага паветра выкарыстоўваюцца максімальныя разавыя, сярэднясутачныя і сярэднегадавыя гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі (ГДК) забруджвальных рэчываў (паводле гігіенічнага нарматыву «Паказчыкі бяспекі і бясшкоднасці атмасфернага паветра», 2021), а таксама параўнанне з вынікамі назіранняў на станцыі фонавага маніторынгу ў Бярэзінскім запаведніку. Акрамя таго, для ацэнкі стану атмасфернага паветра выкарыстоўваюцца паказчыкі колькасці (долі) дзён у годзе, на працягу якіх устаноўлены перавышэнні сярэднясутачных ГДК, і паўтаральнасць (доля) проб з канцэнтрацыямі вышэй максімальных разавых ГДК. Дадаткова для ацэнкі стану атмасфернага паветра выкарыстоўваецца індэкс якасці атмасфернага паветра (ІЯАП), які разлічваецца ў адпаведнасці з экалагічнымі нормамі і правіламі (ЭкаНіП 17.01.06–001–2017).
Па выніках назіранняў на сетцы маніторынгу атмасфернага паветра, агульная карціна стану атмасфернага паветра ў большасці прамысловых цэнтраў Беларусі па паказчыку ІЯАП дастаткова добрая. Паводле разлічаных значэнняў ІЯАП, стан паветра ў населеных пунктах, дзе ўсталяваны аўтаматычныя станцыі бесперапыннага вымярэння ўтрымання прыярытэтных забруджвальных рэчываў, ацэньваецца ў асноўным як вельмі добры, добры і ўмераны. Доля перыядаў са здавальняючай, дрэннай і вельмі дрэннай якасцю атмасфернага паветра нязначная.
Праблемы з якасцю атмасфернага паветра ў асобных гарадах, як правіла, абумоўліваюцца павышанымі канцэнтрацыямі ЦЧ10, ЦЧ2,5, прыземнага азону, фармальдэгіду і азоту дыяксіду. Перавышэнні нарматываў ГДК па іншых забруджвальных рэчывах носяць эпізадычны характар і фіксуюцца ў асноўным пры неспрыяльных метэаралагічных умовах (НСМНА, 2022).
У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да зніжэння сярэднегадавых канцэнтрацый спецыфічных забруджвальных рэчываў у некаторых гарадах. Узровень забруджвання паветра бенз(а)пірэнам, свінцом і кадміем на працягу многіх гадоў у большасці гарадоў захоўваецца стабільна нізкім. У сярэднетэрміновым перыядзе (2018–2022) адзначаюцца рознанакіраваныя тэндэнцыі ўтрымання забруджвальных рэчываў у розных гарадах Беларусі. Намецілася ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння сярэднегадавых канцэнтрацый цвёрдых часціц (недыферэнцыраваных па складзе пылу/аэразолі) у Рэчыцы, Полацку, Баранавічах і Жлобіне, вугляроду аксіду — у Рэчыцы, Полацку, Магілёве, Бабруйску, Брэсце, Жлобіне, Лідзе, Мазыры і Оршы, азоту дыяксіду — у Полацку, Светлагорску, Салігорску, Віцебску і Мазыры, серавадароду — у Магілёве і Полацку, прыземнага азону — у Салігорску, фенолу — у Мінску, Магілёве, Полацку і Пінску, цвёрдых часціц — у Светлагорску, аміяку — у Мінску, серавугляроду — у Магілёве, гідрафтарыду — у Полацку. Стабілізавалася дынаміка ўтрымання цвёрдых часціц у Барысаве, Віцебску, Мінску, Пінску і Оршы, азоту дыяксіду — у Рэчыцы, Барысаве і Мазырскім прамвузле, серавугляроду — у Светлагорску, аміяку — у Брэсце і Гомелі, азоту аксіду — у Мазырскім прамвузле і Гомелі, фенолу — у Гомелі, серавадароду — у Мазыры.
Разам з тым захоўваецца няўстойлівая дынаміка ўтрымання азоту дыяксіду ў Бабруйску, Брэсце, Гродне, Жлобіне, Мінску, Оршы, Пінску, аміяку — у Магілёве, Рэчыцы, Бабруйску, Гродне, Гомелі, вугляроду аксіду — у Салігорску, Віцебску, Светлагорску, Мазырскім прамвузле, фенолу — у Бабруйску і Віцебску, цвёрдых часціц (недыферэнцыраваных па складзе пылу/аэразолі) — у Гомелі, Лідзе і Мазыры, ЦЧ2,5 — у Жлобіне, серы дыяксіду — у Полацку, Наваполацку, Светлагорску і Мазырскім прамвузле, азоту аксіду — у Светлагорску. Тэндэнцыя да росту назіраецца ва ўтрыманні ў атмасферным паветры аміяку — у Полацку і Віцебску, фенолу — у Рэчыцы і Барысаве, азоту дыяксіду — у Магілёве і Лідзе, вугляроду аксіду — у Барысаве і Пінску, цвёрдых часціц (недыферэнцыраваных па складзе пылу/аэразолі) у Брэсце (Маніторынг атмасфернага паветра, 2023).
Па даных бесперапынных вымярэнняў, у 2022 г. больш за ўсё перавышэнняў нарматыву ГДК па ЦЧ10 зафіксавана ў асобных раёнах Гомеля і Магілёва. У Гомелі ў 2022 г. сярэднегадавая канцэнтрацыя ЦЧ10 склала 31 мкг/м³, або 0,77 ГДК (у 2021 — 37 мкг/м³, або 0,9 ГДК), сярэднясутачныя канцэнтрацыі ЦЧ10 перавышалі ГДК на працягу 46 сутак на працягу года (у 2021 — 67 сутак) пры мэтавым паказчыку ў 35 сутак (Індыкатары Сумеснай сістэмы экалагічнай інфармацыі, 2023). У Магілёве ў 2022 г. сярэднегадавое ўтрыманне ЦЧ10 склала 27 мкг/м³ у жылым раёне і 24 мкг/м³ у прамысловым; перавышэнні сярэднясутачных значэнняў назіраліся на працягу 76 сутак (у 2021 — 79 сутак).
Вынікі бесперапынных вымярэнняў сведчаць аб захаванні праблемы забруджвання паветра ЦЧ2,5 у Жлобіне (раён вуліцы Прыгарадная): на працягу 2022 г. зарэгістравана 111 сутак з сярэднясутачнымі канцэнтрацыямі вышэй ГДК (у 2021 — 96 сутак). Сярэднегадавая канцэнтрацыя ЦЧ2,5 склала 1,4 ГДК (у 2021 — 1,6 ГДК) (Штогоднік стану атмасфернага паветра, 2023).
У асобныя гады сярэднегадавыя канцэнтрацыі азоту дыяксіду перавышалі гігіенічны нарматыў у Мінску (вуліца Бабруйская, 8), Гродне (бульвар Ленінскага камсамола, 9) і Магілёве (вуліцы Першамайская і Каштанавая). Высокія канцэнтрацыі фармальдэгіду фіксіруюцца ў летні перыяд у паветры ў Бабруйску, Брэсце, Гомелі, Пінску, Віцебску і Оршы.
Маніторынг атмасфернага паветра на станцыі ў Бярэзінскім запаведніку арганізаваны з мэтай атрымання інфармацыі аб рэгіянальным фонавым стане атмасфернага паветра. Паводле разлічаных значэнняў ІЯАП, стан паветра тут ацэньваецца ў асноўным як вельмі добры, добры і ўмераны, доля перыядаў з здавальняючай якасцю атмасфернага паветра нязначная.
Па даных бесперапынных вымярэнняў, сярэднегадавая фонавая канцэнтрацыя серы дыяксіду ў 2022 г. склала 1,8 мкг/м³ (у 2021 — 2,4 мкг/м³), азоту дыяксіду — 3,9 мкг/м³ (у 2021 — 4,6 мкг/м³), азоту аксіду — 2,4 мкг/м³ (у 2021 — 1,4 мкг /м³), сульфат-іонаў — 1,49 мкг/м³ (у 2021 — 0,99 мкг/м³). Сезонныя змены ўтрымання ў паветры серы дыяксіду не мелі ярка выяўленага характару, некаторае павелічэнне ўтрымання азоту дыяксіду назіралася ў студзені і снежні, азоту аксіду — у лістападзе, сульфат-іонаў — у снежні.
Сярэднегадавая фонавая канцэнтрацыя ЦЧ у паветры склала 12 мкг/м³ (у 2021 — 13 мгк/м³), у цёплы перыяд года іх утрыманне было вышэйшым, чым у халодны. У апошнія 10 гадоў сярэднегадавыя фонавыя канцэнтрацыі цвёрдых часціц захоўваліся практычна на адным узроўні (адхіленні не перавышалі ±14 %). Выключэннем стаў 2014 г., які характарызаваўся дэфіцытам атмасферных ападкаў.
У 2022 г. сярэднегадавая фонавая канцэнтрацыя ЦЧ10 у паветры ў Бярэзінскім запаведніку склала 0,2 ГДК (у 2021 — 0,3 ГДК). Фонавы ўзровень канцэнтрацый ЦЧ10 у прыземным слоі атмасферы рэгіёна ў большай ступені абумоўлены трансгранічным пераносам. Як правіла, эпізадычнае павелічэнне ўзроўню ўтрымання ЦЧ10 на дадзеным пункце адбору звязана з пераносам на далёкія адлегласці, напрыклад пылу з пустыні Сахара або дымоў пажараў у сумежных дзяржавах.
Фонавыя канцэнтрацыі свінцу і кадмію, а таксама бензолу ў паветры ў 2022 г. былі ніжэйшыя за межы выяўлення. Утрыманне бенз(а)пірэну ў паветры вызначалі ў ацяпляльны сезон: сярэднямесячныя канцэнтрацыі вар’іравалі ў дыяпазоне 0,48–1,11 нг/м³.
Сярэднегадавая фонавая канцэнтрацыя прыземнага азону склала 69 мкг/м³, пры гэтым павялічылася ў адносінах да 2021 г. на 14 мкг/м³. Максімум гадавога ходу ўтрымання прыземнага азону адзначаны ў красавіку—маі, што тлумачыцца міжсезоннай перабудовай атмасферы і прытокам азону са стратасферы. Сярэднясутачныя канцэнтрацыі прыземнага азону перавышалі нарматыў ГДК на працягу 41 дня (у 2021 — на працягу 5 дзён).
Стан паверхневых вод
Вынікі маніторынгу паверхневых вод сведчаць аб узмацненні антрапагеннага ўплыву на вадаёмы і вадацёкі краіны. Асноўныя крыніцы паступлення забруджвальных рэчываў у водныя аб’екты — сцёкавыя воды прамысловасці і камунальнай гаспадаркі, паверхневы сцёк з тэрыторый жывёлагадоўчых ферм, неканалізаваных тэрыторый і з сельскагаспадарчых угоддзяў (кампаненты арганічных і мінеральных угнаенняў). У 2022 г. агульная колькасць сцёкавых вод, якія паступілі ў паверхневыя водныя аб’екты, склала 1 120,7 млн м³, што на 13,2 млн м³ менш за паказчык 2021 г., але больш чым у папярэднія 5 гадоў (991,3 — 1 052,7 млн м³). Увогуле аб’ём адвядзення сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты нязначна змяніўся за апошнія 22 гады — 1 173,5 млн м³ (2000). У той жа час аб’ём адвядзення недастаткова ачышчаных сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты паменшыўся амаль у 10 разоў і ў 2022 г. склаў 2,8 млн м³, што на 0,5 млн м³ больш за паказчык 2021 г.
Прыярытэтнымі забруджвальнымі рэчывамі ў складзе скінутых сцёкавых вод з’яўляюцца галоўным чынам амоній-іоны, фасфат-іоны, нітрыт-іоны, лёгкаакісляльныя арганічныя рэчывы (па БПК₅ — біяхімічнае спажыванне кіслароду за 5 дзён).
Па-ранейшаму высокая антрапагенная нагрузка, звязаная з паступленнем сцёкавых вод, у межах краіны ўласціва ўчасткам рэк, якія знаходзяцца ніжэй такіх буйных гарадоў і прамысловых цэнтраў, як Мінск, Магілёў, Гомель, Гродна, Жодзіна, Барысаў, Брэст, Маладзечна, Бяроза, Салігорск.
Пачынаючы з 2014 г. у Беларусі ацэнка стану вадацёкаў і вадаёмаў заключаецца ў вызначэнні іх экалагічнага стану (статусу). Экалагічны стан (статус) паверхневага воднага аб’екта павінен вызначацца на падставе гідрабіялагічных паказчыкаў з улікам гідрахімічных і гідрамарфалагічных паказчыкаў [ТКП 17.13–21–2015 (33140)]. Аднак у сувязі з адсутнасцю рэгулярных назіранняў па гідрамарфалагічных паказчыках у сістэме НСМАС вызначэнне экалагічнага стану (статусу) паверхневых водных аб’ектаў ацэньваецца асобна па гідрахімічных і гідрабіялагічных паказчыках шляхам параўнання з эталоннымі фізіка-хімічнымі і біялагічнымі характарыстыкамі. Ацэнка праводзіцца, як правіла, па выніках назіранняў за год. Эталонныя характарыстыкі адпавядаюць выдатнаму стану, затым градацыя размяркоўваецца наступным чынам — добры, здавальняючы, дрэнны і вельмі дрэнны. Для паверхневых водных аб’ектаў, якія характарызуюцца дрэнным і вельмі дрэнным станам, распрацоўваецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне іх стану; для паверхневых водных аб’ектаў са здавальняючым станам таксама прымаюцца меры па недапушчэнні стану іх пагаршэння.
У 2022 г. назіранні па гідрахімічных паказчыках праводзіліся на 231 пункце назіранняў і на 118 паверхневых водных аб’ектах (80 вадацёках і 38 вадаёмах), па гідрабіялагічных паказчыках — на 148 пунктах назіранняў на 86 вадацёках і вадаёмах. Назіранні за ўтрыманнем забруджвальных рэчываў у донных адкладах праводзіліся ў 5 трансгранічных пунктах назіранняў, размешчаных на 5 вадацёках, назіранні за станам паверхневых вод па гідрамарфалагічных паказчыках — на 9 пунктах, размешчаных на 8 вадацёках.
Паводле даных маніторынгу паверхневых вод (2022), найбольшай антрапагеннай нагрузцы ў краіне падвяргаюцца ўчасткі на рэках:
-
у басейне Дняпра: Свіслач (н. п. Каралішчавічы, н. п. Дразды, н. п. Свіслач),
-
Лошыца (у межах г. Мінск), Пліса (вышэй і ніжэй г. Жодзіна), Бярэзіна (ніжэй г. Барысаў);
-
у басейне Заходняга Буга: Нараў (н. п. Нямержа), Капаюўка (н. п. Ляплёўка);
-
у басейне Прыпяці: Ясельда (ніжэй г. Бяроза), Морач (н. п. Яскавічы);
-
у басейне Нёмана: Уша (ніжэй г. Маладзечна), Крынка (н. п. Генюшы).
Аналіз шматгадовых гідрахімічных даных сведчыць аб найбольшай ступені антрапагеннага ўплыву на водныя аб’екты ў басейнах Заходняга Буга, Дняпра і Прыпяці. Прыярытэтнымі рэчывамі, канцэнтрацыі якіх ў вадзе вадаёмаў і вадацёкаў перавышаюць дапушчальны ўзровень часцей за іншыя, з’яўляюцца біягенныя элементы (амоній-іоны, нітрыт-іоны, фасфат-іоны і фосфар агульны), радзей — арганічныя рэчывы і цяжкія металы.
У 2022 г. павелічэнне долі проб з перавышэннем нарматыву па канцэнтрацыі амоній-іонаў і нітрыт-іонаў зафіксавана ў рэках басейна Дняпра, фасфат-іонаў — у рэках басейнаў Заходняга Буга і Прыпяці, фосфару агульнага — у рэках басейнаў Заходняга Буга і Дняпра.
Найбольшая колькасць перавышэнняў нарматываў якасці вады па біягенных элементах (амоній-іонах, нітрыт-іонах, фасфат-іонах і фосфару агульнаму) зафіксавана для водных аб’ектаў у басейне Заходняга Буга.
У 2022 г. доля проб з перавышэннем нарматыву якасці вады па нафтапрадуктах склала 75 % для ракі Лошыца і 58 % для ракі Свіслач (н. п. Каралішчавічы). У вадаёмах і вадацёках басейна Дняпра колькасць выпадкаў перавышэння нарматыву якасці вады па нафтапрадуктах cклала 2,1 % проб. Перавышэнне гэтага нарматыву фіксавалася таксама ў вадзе ракі Морач (басейн Прыпяці); рэк Мухавец ніжэй г. Жабінка і Заходні Буг каля н. п. Навасёлкі (басейн Заходняга Буга).
У цэлым па краіне ў 2022 г. стан (статус) пераважнай колькасці водных аб’ектаў па гідрахімічных паказчыках пагоршыўся. У параўнанні з 2021 г. доля паверхневых водных аб’ектаў з выдатным і добрым гідрахімічнымі статусамі паменшылася ў басейне Нёмана з 92 да 90 %, у басейне Заходняга Буга з 94 да 40, у басейне Прыпяці — з 97 да 91, у басейне Заходняй Дзвіны — са 100 да 98, у басейне Дняпра — з 95 да 91 %. Па гідрабіялагічных паказчыках у 2022 г. у найлепшым стане знаходзіліся рэкі ў басейне Заходняй Дзвіны, у найменш спрыяльным (пераважна здавальняючым) — рэкі басейна Заходняга Буга.
У 2022 г. (у параўнанні з 2020) доля паверхневых водных аб’ектаў з выдатным і добрым экалагічнымі (гідрабіялагічнымі) статусамі ў басейне Заходняй Дзвіны павялічылася з 62 да 83 %, у басейне Дняпра — з 40 да 56 %, у басейне Прыпяці — з 58 да 63 %; у басейне Нёмана зменшылася з 67 да 40 %, у басейне Заходняга Буга — з 82 да 75 %. Па гідрабіялагічных паказчыках у 2022 г. у найлепшым стане знаходзіліся рэкі ў басейне Заходняй Дзвіны, у найменш спрыяльным (пераважна здавальняючым) — рэкі басейна Нёмана.
У 2022 г. (у параўнанні з 2021) зафіксавана пагаршэнне гідрабіялагічнага статусу 5 трансгранічных вадацёкаў. Клас якасці вады ракі Усвяча (басейн Заходняй Дзвіны) змяніўся з 2‑га на 3‑і клас, ракі Капаюўка — з 1‑га на 3‑і, ракі Лясная — з 1‑га на 2‑і (басейн Заходняга Буга), рэк Гарынь і Прыпяць (басейн Прыпяці) — з 2‑га на 3‑і клас.
У 2022 г. участку ракі Свіслач (н. п. Дразды) прысвоены 4‑ы клас якасці па гідрабіялагічных паказчыках і 2‑і клас якасці па гідрахімічных паказчыках, што сведчыць аб празмернай антрапагеннай нагрузцы на раку вышэй г. Мінск і патрабуе прыняцця водаахоўных мер.
Прагназуецца, што ў бліжэйшыя 2 дзесяцігоддзі асноўная экалагічная пагроза/праблема адносна паверхневых вод будзе звязана з уплывам на іх змяненняў клімату, што пацягне за сабой змяненне рачнога сцёку і пры захаванні сучаснага ўзроўню адвядзення сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб’екты — якасці прыродных вод.
Сярод іншых экалагічных пагроз трэба адзначыць праблемы функцыянавання сістэм водаадвядзення і ачысткі сцёкавых вод прамысловых і камунальных прадпрыемстваў; уздзеянне дыфузнага забруджвання на водныя аб’екты; выкарыстанне значнай колькасцю прадпрыемстваў палёў фільтрацыі ў якасці прымітыўных ачышчальных збудаванняў; паступленне ў водныя аб’екты асабліва небяспечных забруджвальных рэчываў; перавышэнне рэкрэацыйных нагрузак на паверхневыя водныя аб’екты і прылеглыя тэрыторыі.
У далейшым варта чакаць захаванне нагрузкі па фасфат-іонах на вадаёмы і вадацёкі ў басейнах Заходняга Буга і Дняпра.
Стан падземных вод
Стан падземных вод як аднаго з найважнейшых кампанентаў навакольнага асяроддзя аказвае значны ўплыў на многія іншыя яго кампаненты, у т. л. на паверхневыя воды, шмат у чым вызначаючы ўмовы іх забяспечвання і фарміравання хімічнага саставу; на глебы і расліннасць — шляхам непасрэднага ўплыву на рэжым увільгатнення глеб (у першую чаргу на ўчастках неглыбокага залягання грунтавых вод і на меліяраваных землях) і, як следства, на ўмовы развіцця расліннасці. З іншага боку, падземныя воды ў Беларусі з’яўляюцца асноўным рэсурсам гаспадарча-пітнога водазабеспячэння насельніцтва, прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Яны актыўна эксплуатуюцца сістэмамі цэнтралізаванага і нецэнтралізаванага водазабеспячэння (групавыя водазаборы, адзіночныя свідравіны і калодзежы). Высокая забяспечанасць рэсурсамі прэсных падземных вод, якія маюць у цэлым добрую якасць, з’яўляецца важным фактарам устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.
Ацэньваючы прэсныя падземныя воды як крыніцу гаспадарча-пітнога водазабеспячэння, па большасці нарміруемых кампанентаў хімічнага саставу яны адпавядаюць санітарна-гігіенічным нормам, устаноўленым у Беларусі для пітных вод. Выключэнне складаюць толькі часта павышанае ўтрыманне жалеза, радзей марганцу, у асобных выпадках фтору, бору, барыю і крэмнію. Павышанае ўтрыманне жалеза (пераважна ў форме Fe²⁺) з’яўляецца характэрнай геахімічнай асаблівасцю прэсных падземных вод тэрыторыі Беларусі, як і многіх іншых рэгіёнаў зоны гуміднага клімату (Польшча, Германія, Швецыя, Фінляндыя і інш.). Утрыманне жалеза ў падземных водах Беларусі дасягае часам 5–10 мг/дм³, г. зн. шматразова перавышае ўзровень ГДК, устаноўлены для пітных вод (0,3 мг/дм³). Перавышэнне гігіенічнага нарматыву фіксуецца ў водах прыкладна ў 50 % усіх артэзіянскіх свідравін, а ў зоне Палесся колькасць свідравін з перавышэннем нарматыву па ўтрыманні жалеза ў падземных водах дасягае 70–80 % і больш. У сувязі з гэтым узнікае неабходнасць шырокага прымянення на водазаборах сістэм абезжалезвання падземных вод. Высокае ўтрыманне жалеза ў падземных водах можа абумоўліваць іх павышаную каляровасць і мутнасць, якія фарміруюцца падчас акіслення закіснага жалеза.
У апошнія некалькі дзесяцігоддзяў на якасць прэсных падземных вод усё большы ўплыў аказваюць працэсы антрапагеннага забруджвання. У найбольшай ступені яно выяўляецца ў гарызонце грунтавых вод і радзей — у неглыбока залягаючых напорных ваданосных гарызонтах. Асноўныя віды антрапагеннага забруджвання — сельскагаспадарчае, камунальна-бытавое і прамысловае.
Сельскагаспадарчае забруджванне фарміруецца за кошт вымывання з глебы кампанентаў мінеральных і арганічных угнаенняў, жывёлагадоўчых сцёкаў і ядахімікатаў. Больш высокай інтэнсіўнасцю, але распаўсюджанасцю на меншай плошчы характарызуецца камунальна-бытавое і прамысловае забруджванне, якое фарміруецца ў межах населеных пунктаў, прампляцовак прадпрыемстваў, месцаў размяшчэння камунальных і вытворчых адходаў.
Вынікі лакальнага маніторынгу падземных вод у складзе НСМНА даюць магчымасць прасачыць узроўні і дынаміку іх забруджвання на прамысловых пляцоўках, у месцах размяшчэння аб’ектаў захоўвання і пахавання прамысловых і камунальных адходаў. Да ўчасткаў, дзе прамысловае забруджванне выяўляецца ў найбольшых маштабах, варта аднесці зоны ўплыву солеадвалаў і шламасховішч рудаўпраўленняў ААТ «Беларуськалій» (забруджванне хларыдамі і па агульнай мінералізацыі вады), адвалаў фасфагіпсу ААТ «Гомельскі хімічны завод» (па фасфат-іонах, сульфатах, фторы). Высокі ўзровень забруджвання падземных вод нафтапрадуктамі захоўваецца ў межах нафтапромыслаў Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Беларуснафта».
Высокай інтэнсіўнасцю забруджвання падземных вод характарызуюцца палігоны ЦКА. З фільтратамі, якія ўтвараюцца на гэтых палігонах, у падземныя воды паступаюць такія кампаненты, як амоній, нітраты, хларыды, сульфаты, натрый, калій, цяжкія металы (цынк, медзь, хром, кадмій і інш.), нафтапрадукты, а таксама шырокі пералік складаных арганічных злучэнняў.
У раёнах размяшчэння групавых водазабораў і адзіночных свідравін, у зонах сфарміраваных імі дэпрэсійных варонак, кампаненты антрапагеннага забруджвання могуць асабліва актыўна мігрыраваць з гарызонту грунтавых вод у глыбейшыя эксплуатацыйныя гарызонты. У апошнія гады такое забруджванне ўсё часцей фіксуецца на водазаборах «Навінкі» і «Зялёнаўка» (г. Мінск), «Лядзішча» (г. Барысаў), «Паркавы» (г. Орша), а таксама ў зонах уплыву многіх адзіночных водазаборных свідравін прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Найбольш часта такое забруджванне праяўляецца ў павышаным утрыманні ў падземных водах нітратаў.
Аднак з ліку крыніц гаспадарча пітнога водазабеспячэння найбольш высокім узроўнем антрапагеннага забруджвання характарызуюцца воды калодзежаў. Яны эксплуатуюць, як правіла, першы ад паверхні безнапорны гарызонт грунтавых вод, які ў найбольшай ступені схільны да інтэнсіўнага забруджвання з паверхні зямлі (камунальна-бытавога і сельскагаспадарчага). Найбольш часта тут назіраюцца перавышэнні ўзроўняў ГДК па нітратах. Утрыманне гэтага кампанента ў водах калодзежаў нярэдка дасягае 300–500 мг/дм³ і больш (7–11 ГДК). У цэлым перавышэнне ўзроўняў ГДК па нітратах назіралася ў 40–80 % усіх калодзежаў, абследаваных у перыяд 1990–2010 гг. Часта гэтыя воды неспрыяльныя і па мікрабіялагічных паказчыках.
Разам з тым у апошнія дзесяцігоддзі назіраецца тэндэнцыя паступовага зніжэння ўзроўняў антрапагеннага забруджвання вады ў сельскіх калодзежах. Гэта звязана як са скарачэннем колькасці хатняй жывёлы і птушкі на падворках, так і са зніжэннем інтэнсіўнасці выкарыстання прысядзібных участкаў. За перыяд 2003–2020 гг. удзельная вага проб вады крыніц нецэнтралізаванага водазабеспячэння (перш за ўсё калодзежаў), якія не адпавядаюць гігіенічным нормам па санітарна-хімічных паказчыках, зменшылася з 63,2 да 29,6 %. Аднак маштабы забруджвання вод калодзежаў у цэлым усё яшчэ застаюцца вельмі высокімі, у сувязі з чым праблема сельскага водазабеспячэння з’яўляецца адной з актуальных геаэкалагічных праблем Беларусі.
Забруджванне глеб
Праблема хімічнага забруджвання глеб у Беларусі менш выражана, чым, напрыклад, у Заходняй Еўропе. Гэта абумоўлена менш інтэнсіўным і менш працяглым антрапагенным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе. Аднак у Беларусі хімічнае забруджванне глеб назіраецца ў некаторых гарадскіх і прамысловых раёнах, паблізу буйных транспартных шляхоў, каля палігонаў камунальных і вытворчых адходаў, на былых ваенных базах, у раёнах горназдабыўных і іншых буйных вытворчых комплексаў.
Сярод хімічных рэчываў, якія назапашваюцца ў глебах, найбольшую небяспеку ўяўляюць цяжкія металы, поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды (ПАВ), ПХБ і нафтапрадукты.
Цяжкія металы лічацца найбольш вывучанымі забруджвальнымі рэчывамі ў глебах Беларусі. Іх утрыманне вызначана ў глебах усіх буйных, большасці сярэдніх і шматлікіх малых гарадоў. Сярод цяжкіх металаў прыярытэтнымі забруджвальнымі рэчывамі глеб урбанізаваных тэрыторый у цэлым у Беларусі з’яўляюцца свінец і цынк. Утрыманне свінцу ў 10–15 % выпадкаў перавышае ўстаноўленыя нарматывы. Максімальныя яго канцэнтрацыі (больш за 1 000 мг/кг) зафіксаваны ў глебах тэрыторый прадпрыемстваў па вытворчасці крыштальнага шкла, машынабудавання і металаапрацоўкі, вытворчасці лакафарбавых матэрыялаў. Доля проб з перавышэннем гігіенічных нарматываў па цынку ў буйных гарадах і прамысловых цэнтрах можа дасягаць 10–30 %. Высокае ўтрыманне цынку ў глебе (1 000 мг/кг і больш) выяўлена ў зонах уздзеяння прадпрыемстваў па вытворчасці хімічных валокнаў, у глебах прампляцовак прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі, гуматэхнічных вырабаў.
З іншых цяжкіх металаў у шэрагу выпадкаў фіксуюцца экстрэмальна высокія канцэнтрацыі кадмію (напрыклад, на прампляцоўках прадпрыемстваў па вытворчасці хрустальнага шкла — да 8–20 мг/кг), хрому (на прампляцоўках машынабудаўнічых і металургічных прадпрыемстваў — да 600–1 000 мг/кг), мыш’яку (на тэрыторыі прадпрыемстваў па вытворчасці хрустальнага шкла — да 80–350 мг/кг).
У гарадах асноўнымі забруджвальнымі рэчывамі глеб з’яўляюцца нафтапрадукты, цяжкія металы і ў меншай ступені сульфаты і нітраты. Сярод цяжкіх металаў вядучая роля належыць кадмію, свінцу і цынку.
Стан гарадскіх глеб штогод ацэньваецца па выніках маніторынгу зямель, які праводзіцца ў рамках НСМНА Рэспублікі Беларусь. Па даных маніторынгу, за 2000–2022 гг. (апошні тур назіранняў) узровень забруджвання глеб гарадоў неаднародны і характарызуецца значнай варыябельнасцю, аб чым сведчаць максімальныя выяўленыя канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў за гэты перыяд: для кадмію — 3 мг/кг (у 15 разоў вышэй за фон, або 6 ГДК), цынку — 256 (у 18 разоў, або 4,7 ГДК), свінцу — 150,1 (у 29,4 раза, або 4,7 ГДК), медзі — 77,2 (у 14,5 раза, або 2,3 ГДК), нікелю — 43,9 (у 14,2 раза, або 2,2 ГДК), бенз(а)пірэну — 0,193 (у 193 разы, або 9,7 ГДК), нафтапрадуктаў — 487,5 мг/кг (у 23,4 раза вышэй фону, або 4,9 ГДК).
Сярэдняе ўтрыманне забруджвальных рэчываў у глебах гарадоў змяняецца ад велічынь блізкіх да фонавых (0,8–1,2 фону для марганцу, кадмію і нікелю) да значэнняў, якія ў некалькі разоў перавышаюць фонавыя (медзь, цынк і нафтапрадукты). Сярэдняе ўтрыманне большасці забруджвальных рэчываў у глебах гарадоў Беларусі ніжэйшае за ГДК/АДК (арыенціровачна дапушчальныя канцэнтрацыі), аднак велічыні некаторых з іх (кадмію, цынку і нафтапрадуктаў) блізкія да гранічна дапушчальных (0,7–1 ГДК/АДК). У шэрагу выпадкаў сярэдняе ўтрыманне хімічных рэчываў у глебах гарадоў вышэй за гігіенічныя нарматывы: бенз(а)пірэну і цынку ў глебах Віцебска — у 3 і 1,6 раза адпаведна, бенз(а)пірэну і свінцу ў Гомелі — у 1,8 і 1,3 раза, бенз(а)пірэну ў Маладзечне — у 1,9 раза. Нязначна (да 1,3 раза) перавышаны ГДК нафтапрадуктаў у глебах гарадоў Бабруйск, Віцебск, Мінск, Кобрын, Маладзечна і Новалукомль.
Згодна з дадзенымі маніторынгу глеб Мінска ў 2018–2019 гг. (100 проб глебы), сярэднія канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў характарызуюцца наступнымі велічынямі: кадмій — 0,14 мг/кг, цынк — 51,8, свінец — 16,5, медзь — 12,9, нікель — 6,5, нафтапрадукты — 114 мг/кг. Яны вышэйшыя за фонавыя велічыні, але меншыя за гігіенічныя нарматывы, за выключэннем нафтапрадуктаў, сярэдняе ўтрыманне якіх у глебах горада ў 1,1 раза вышэйшае за ГДК. Трэба адзначыць, што забруджванне глеб нафтапрадуктамі і цынкам вышэй за дапушчальны ўзровень фіксуецца ў трэці проб, адабраных на тэрыторыі Мінска. Перавышэнне дапушчальных канцэнтрацый свінцу адзначаецца ў 9 % проб, медзі — у 6 %. У цэлым у Мінску глебы забруджаны вышэй за дапушчальны ўзровень на палове гарадской тэрыторыі (без уліку прампляцовак прадпрыемстваў).
Прасторавая структура забруджвання глеб на тэрыторыі гарадоў характарызуецца значнай неаднароднасцю. Найбольш забруджаны глебы прамысловых зон і ўчасткі жылой сядзібнай забудовы. Выкананыя Палескім аграрна-экалагічным інстытутам НАН Беларусі даследаванні на 10 участках жылой сядзібнай забудовы Брэста паказалі высокі ўзровень забруджвання глеб цынкам і свінцом, у меншай ступені меддзю і кадміем. Ва ўсіх адабраных пробах утрыманне цынку перавышала гігіенічны нарматыў (у асобных выпадках у 6,5–8,2 раза). Утрыманне свінцу было вышэй за дапушчальны ўзровень у 50 % выпадкаў, максімальнае яго ўтрыманне ў 9,1 раза вышэй за дапушчальны ўзровень. Раней былі апублікаваны дадзеныя аб перавышэнні дапушчальных узроўняў утрымання свінцу ў 16 % апрабаваных агародаў г. Гомель, цынку — у 38 % агародаў на тэрыторыі і ў санітарна-ахоўнай зоне прадпрыемстваў г. Светлагорск.
Крыніцамі забруджвання глеб агародаў у жылой сядзібнай забудове з’яўляюцца выкіды аўтатранспарту, асабліва ў выпадках блізкасці вуліц і скрыжаванняў з інтэнсіўнымі транспартнымі патокамі, выкарыстанне меліярантаў і сродкаў аховы раслін пры апрацоўцы прысядзібных участкаў, пахаванне і спальванне бытавых адходаў на прысядзібных участках. Значнай крыніцай забруджвання глеб з’яўляецца пячны попел, які рассейваецца па агародных участках для ўтылізацыі або мэтанакіравана ў якасці ўгнаення. У попеле ад спальвання дроў утрымліваецца ад 460 да 960 мг/кг цынку, г. зн. у 30–60 разоў больш, чым у глебе.
У Беларусі, як і ў большасці краін свету, мае месца праблема забруджвання глеб стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі (САЗ) і перш за ўсё ПАВ, ПХБ і пестыцыдамі. З 2007 г. ПАВ уключаны ў пералік рэчываў, якія кантралююцца пры лакальным маніторынгу глеб. Выяўлены высокія ўзроўні забруджвання глеб ПАВ на прампляцоўках прадпрыемстваў па вытворчасці гуматэхнічных вырабаў. Высокае ўтрыманне сумы 16 злучэнняў ПАВ, якое дасягае некалькіх г/кг, выяўлена на тэрыторыі шпалапрапітачнага прадпрыемства. Кратнасць перавышэння ГДК бенз(а)пірэну тут дасягае 100 і больш разоў. Забруджванне глеб абумоўлена ўцечкамі сланцавага масла, пры гэтым глеба насычана ім на значную глыбіню.
Нягледзячы на меры, якія прымаюцца ў рамках абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь па Стакгольмскай канвенцыі аб САЗ, захоўваецца праблема забруджвання глеб у месцах выкарыстання або захоўвання ПХБ-змяшчальнага абсталявання (сілавых трансфарматараў і кандэнсатараў з сінтэтычнымі дыэлектрыкамі на аснове хлараваных вуглевадародаў). Плошча і форма арэолаў з экстрэмальна высокім узроўнем забруджвання глебы з прычыны ўцечак ПХБ вызначаюцца характарам паступлення ПХБ, колькасцю пашкоджанага абсталявання і іншымі фактарамі. Акрамя таго, ёсць забруджаныя ПХБ тэрыторыі, абумоўленыя выкарыстаннем ПХБ у мінулым (на ААТ «Лакафарба», г. Ліда).
Забруджванне глеб пестыцыдамі носіць лакальны характар: найбольш забруджанымі з’яўляюцца землі ў месцах назапашвання або падземнага захавання непрыдатных ядахімікатаў, у складзе якіх утрымліваюцца такія небяспечныя злучэнні, як дыхлордыфенілтрыхлорметылметан (ДДТ), эндрын, дыэлдрын, хлордан, альдрын і гептахлор; у шэрагу выпадкаў зафіксаваны шматразовыя перавышэнні ўстаноўленых нарматываў. Пагроза забруджвання глеб пестыцыдамі паступова памяншаецца. Да пачатку 2021 г. колькасць складскіх памяшканняў з непрыдатнымі пестыцыдамі зменшылася да 64, або больш як у 2 разы ў параўнанні з 2010 г. Працягваюцца работы па ліквідацыі падземных захаванняў непрыдатных пестыцыдаў, размешчаных на тэрыторыі Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей.
Наяўнасць зямель, узровень забруджвання якіх не задавальняе патрабаванням экалагічна бяспечнага землекарыстання, патрабуе прыняцця мер па іх рэабілітацыі. Выкарыстанне забруджаных тэрыторый павінна весціся з улікам небяспекі ўключэння палютантаў у харчовыя ланцугі і прадухілення іх распаўсюджвання ў навакольным асяроддзі.
Аналіз змянення колькасці хімічных рэчываў у глебах 27 гарадоў Беларусі па даных НСМНА паказаў рознанакіраваныя тэндэнцыі ў назапашванні-рассейванні забруджвальных рэчываў у гарадскіх глебах. У большасці гарадоў назіраецца тэндэнцыя павелічэння канцэнтрацый у глебах цынку і нафтапрадуктаў. Гэтая тэндэнцыя захаваецца і ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Наадварот, у перспектыве ў большасці гарадоў варта чакаць зніжэння канцэнтрацый у глебах свінцу, медзі і нікелю.