Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя

Экалагічная сетка

Дата стварэння: 19.11.2024 15:40:26

Дата змены: 29.11.2024 11:42:30


Сярэдзіна 1990‑х — пачатак 2000‑х гг. характарызаваліся інтэнсіўным засваеннем міжнароднай практыкі ў галіне захавання біялагічнай разнастайнасці. У 1993 г. Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб біялагічнай разнастайнасці, у 1999 г. прыняла на сябе абавязацельствы па Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне, галоўным чынам у якасці месцаў пражывання вадаплаўных птушак (Рамсарскай канвенцыі). У 1995 г. у якасці аднаго з мерапрыемстваў агульнаеўрапейскай стратэгіі ў галіне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці 55 краінамі была адобрана Канцэпцыя фарміравання экалагічнай сеткі як адзінай прасторавай сістэмы для захавання біяразнастайнасці. Бакі прынялі на сябе абавязацельствы па фарміраванні нацыянальных экалагічных сетак з мэтай іх інтэграцыі ў Пан-Еўрапейскую экалагічную сетку.

У 1997 г. былі зацверджаны Нацыянальная стратэгія і план дзеянняў па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці Рэспублікі Беларусь, якія былі распрацаваны з прыцягненнем міжнародных экспертаў. Так, Стратэгіяй была абгрунтавана мэтазгоднасць і канструктыўнасць выкарыстання канцэпцыі экалагічнай сеткі пры развіцці сістэмы ААПТ. У ёй адзначалася, што існуючая сетка ААПТ не мае дастаткова абгрунтаванай з экалагічнага пункту гледжання і юрыдычна аформленай прасторава-планіровачнай структуры, якая аб’ядноўвае асобныя ахоўныя тэрытарыяльныя адзінкі ў адзінае цэлае, у межах якой былі б забяспечаны ўмовы міграцыі жывых арганізмаў. Усе аб’екты, якія падлягаюць ахове, неабходна аб’яднаць у адзіную тэрытарыяльна цэласную сістэму з дапамогай прыродна-міграцыйных рэчышч, якія ахопліваюць і тэрыторыі суседніх краін. У сукупнасці ўсе гэтыя нацыянальныя сістэмы маглі б утварыць агульнаеўрапейскую экалагічную сетку. Планам дзеянняў прадугледжвалася рэалізацыя схемы рацыянальнага размяшчэння ААПТ і яе аптымізацыя ў адпаведнасці з задачамі фарміравання нацыянальнай экалагічнай сеткі.

Пачатак актыўнай дзейнасці па фарміраванні экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь адносіцца да 2002 г., калі беларускія эксперты прынялі ўдзел у распрацоўцы індыкацыйнай карты Агульнаеўрапейскай экалагічнай сеткі для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (рыс. 2). На карце былі адзначаны найбольш важныя тэрыторыі для захавання агульнаеўрапейскай біяразнастайнасці і ўчасткі, перспектыўныя для фарміравання калідораў і развіцця прыродных комплексаў. У гэты ж час была прапанавана першая канцэптуальная мадэль экалагічнай сеткі Беларусі, распрацаваная РУП «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (рыс. 3).

Рыс. 2. Фрагмент індыкацыйнай карты Агульнаеўрапейскай экалагічнай сеткі для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы
Рыс. 2. Фрагмент індыкацыйнай карты Агульнаеўрапейскай экалагічнай сеткі для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы

Рыс. 3. Першая канцэптуальная схема экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь
Рыс. 3. Першая канцэптуальная схема экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь

Пачынаючы з 2004 г. у Беларусі замацоўваецца практыка скаардынаванага планавання развіцця сістэмы ААПТ і экалагічнай сеткі. У 2004–2005 гг. Інстытутам заалогіі НАН Беларусі [цяпер ДНВА «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах» (НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах)] з прыцягненнем іншых навуковых арганізацый была распрацавана прынцыповая схема экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь, а таксама праект схемы рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь на 2006–2015 гг. (рыс. 4). Асноўная ўвага пры гэтым была накіравана на выкарыстанне патэнцыялу ААПТ у якасці апорных элементаў нацыянальнай экалагічнай сеткі, інтэграванай у агульнаеўрапейскую экалагічную сетку.

Рыс. 4. Прынцыповая схема экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь. 2005 г.
Рыс. 4. Прынцыповая схема экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь. 2005 г.

Асноўныя палажэнні прынцыповай схемы экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь, а таксама прапановы па далейшым развіцці сістэмы ААПТ былі інтэграваны ў Дзяржаўную схему комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь (ДСКТА), зацверджаную Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 студзеня 2007 г. № 19. У ДСКТА было прыведзена першае афіцыйнае вызначэнне экалагічнай сеткі як сістэмы прыродна-тэрытарыяльных комплексаў са спецыяльнымі рэжымамі прыродакарыстання, якая забяспечвае натуральныя працэсы перамяшчэння жывых арганізмаў, энергіі і рэчыва і якая іграе важную ролю ў падтрыманні экалагічнай раўнавагі і забеспячэнні ўстойлівага развіцця тэрыторый (рэгіёнаў, краін, кантынента), захаванні біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. Адзначалася, што экалагічная сетка краіны знаходзіцца на стадыі фарміравання. У дакуменце было замацавана, што кампаненты нацыянальнай экалагічнай сеткі, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, дыферэнцыруюцца па значэнні на міжнародныя, нацыянальныя і рэгіянальныя. Былі вызначаны па 10 ядраў міжнароднага і нацыянальнага значэння, у якасці якіх былі выбраны найбольш важныя ААПТ, у т. л. перспектыўныя.

У 2007 г. адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджаны Патрабаванні да зместу схемы нацыянальнай экалагічнай сеткі і крытэрыі выдзялення яе элементаў. Навуковыя крытэрыі выдзялення элементаў нацыянальнай экалагічнай сеткі распрацаваны ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах» сумесна з ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі» (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі).

Асноўныя крытэрыі выбару тэрыторый, якія фарміруюць экалагічную сетку: плошча натуральных экасістэм, тыповых і рэдкіх прыродных ландшафтаў і біятопаў, наяўнасць і колькасць месцаў росту і знаходжання раслін і жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і (або) якія падпадаюць пад дзеянне міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, наяўнасць статусу прыроднай тэрыторыі міжнароднага значэння, у т. л. уключэнне гэтай тэрыторыі ў «Ізумрудную сетку Еўропы», наяўнасць шляхоў міграцыі і рассялення дзікіх жывёл і дзікарослых раслін і інш.

У 2010 г. у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» ўключана паняцце «нацыянальная экалагічная сетка». У прыватнасці, былі вызначаны механізмы яе стварэння і функцыянавання, структурныя элементы (ядры і калідоры еўрапейскага і нацыянальнага значэння, ахоўныя зоны), асаблівасці фарміравання з улікам рачных басейнаў, ААПТ і іншых прыродных тэрыторый, якія падлягаюць спецыяльнай ахове.

У 2015–2016 гг. у НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах з прыцягненнем спецыялістаў Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі выканана распрацоўка нацыянальнай экалагічнай сеткі ў цэлым для краіны і ў разрэзе рэгіёнаў (для паўночнай, цэнтральнай і паўднёвай частак Беларусі); рыс. 5. Схема нацыянальнай экалагічнай сеткі і мерапрыемствы па яе рэалізацыі былі вынесены на грамадскае абмеркаванне. Завершана распрацоўка схемы нацыянальнай экалагічнай сеткі ў 2017 г.

Рыс. 5. Схема нацыянальнай экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь
Рыс. 5. Схема нацыянальнай экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь

У далейшым схема нацыянальнай экалагічнай сеткі была зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб экалагічнай сетцы» ад 13 сакавіка 2018 г. № 108. Схема ўключае картаграфічную і інфармацыйную часткі. Картаграфічная частка змяшчае карты паўночнай, цэнтральнай і паўднёвай частак краіны ў маштабе 1 : 300 000 і агульную карту нацыянальнай экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь у маштабе 1 : 600 000. Інфармацыйная частка схемы змяшчае звесткі аб размяшчэнні элементаў нацыянальнай экалагічнай сеткі, інфармацыю аб уключаных у іх склад ААПТ; плануемыя мерапрыемствы па развіцці нацыянальнай экалагічнай сеткі, якія, у сваю чаргу, уключаюць стварэнне новых ААПТ (у т. л. трансгранічных), забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання найбольш важных ААПТ, якія фарміруюць экалагічную сетку; забеспячэнне магчымасцей міграцыі жывёл праз транспартныя камунікацыі.