Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя
- Экалагічная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь
- Сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый
- Экалагічная сетка
- Аб’екты экалагічнага турызму
- Уздзеянні на навакольнае асяроддзе і экалагічная сітуацыя
- Дынаміка і сучасны стан радыеактыўнага забруджвання сельскагаспадарчых зямель
- Cучаснае радыяцыйнае становішча
Cучаснае радыяцыйнае становішча
Дата стварэння: 19.11.2024 16:04:04
Дата змены: 29.08.2025 11:31:32
Агульнай тэндэнцыяй змены радыяцыйнага становішча з’яўляецца паступовае зніжэнне шчыльнасці забруджвання. Асноўны фактар, які абумоўлівае зніжэнне ступені забруджвання, — натуральны распад радыенуклідаў. Плошча тэрыторыі рэспублікі, забруджанай ¹³⁷Cs, з прычыны яго натуральнага распаду паменшылася ў 1,8 раза і па стане на 1.1.2021 г. складала 25,49 тыс. км², або 12,3 % агульнай плошчы рэспублікі. Плошча тэрыторыі рэспублікі, забруджанай ⁹⁰Sr са шчыльнасцю 5,55 кБк/м² (0,15 Кі/км²) і больш, у выніку яго распаду скарацілася амаль у 1,9 раза (з 1 да 5,3 %, або з 21,1 да 11,8 тыс. км²). Практычна ўся гэтая тэрыторыя адначасова забруджаная і ¹³⁷Cs.
Плошча зоны эвакуацыі (адчужэння) — тэрыторыі, з якіх у 1986 г. эвакуіравана насельніцтва [зона ў 30 км, а таксама тэрыторыя, з якой праведзена дадатковае адсяленне ў сувязі са шчыльнасцю забруджвання глеб ⁹⁰Sr з узроўнямі больш за 111 кБк/м² (3 Кі/км²) і плутоніем‑238, -239, -240 (²³⁸Pu–²⁴⁰Pu) больш за 3,7 кБк/м² (0,1 Кі/км²)], складае 1,7 тыс. км².
Плошча тэрыторыі, якая забруджана ²³⁸Pu–²⁴⁰Pu ад 0,37 кБк/м² (ад 0,01 Кі/км²) і больш за межамі зоны эвакуацыі (адчужэння), складае 1,3 % плошчы тэрыторыі рэспублікі.
Найбольшую плошчу (18,07 тыс. км²) займае зона пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем са шчыльнасцю забруджвання ¹³⁷Cs ад 1 да 5 Кі/км² (37–185 кБк/м²) і складае 70,9 % агульнай плошчы тэрыторый радыеактыўнага забруджвання. У Гомельскай вобласці плошча тэрыторыі, забруджанай ¹³⁷Cs больш за 37 кБк/м² (1 Кі/км²), складае 40,7 % агульнай плошчы тэрыторыі вобласці. У Магілёўскай вобласці ўдзельная вага такіх зямель складае 22,8 % плошчы, у Брэсцкай — 4,1 %, у Гродзенскай і Мінскай — 1,4 і 1,8 % адпаведна.
Па стане на 1.1.2021 г. плошча забруджвання ¹³⁷Cs (адносна плошчы тэрыторыі рэспублікі) складала па зонах:
-
пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем — 8,7 %;
-
з правам на адсяленне — 2,63 %;
-
паслядоўнага адсялення — 0,81 %;
-
першачарговага адсялення — 0,13 %.
Да тэрыторый радыеактыўнага забруджвання, на якіх размешчаны населеныя пункты, адносяцца 47 раёнаў: 19 — у Гомельскай вобласці, 12 — у Магілёўскай, 4 — у Брэсцкай, 9 — у Мінскай і 3 — у Гродзенскай вобласці. Да найбольш пацярпелых (на падставе ўдзельнай вагі забруджаных тэрыторый, калектыўнай дозы апраменьвання, страт сельскагаспадарчых зямель у выніку іх забруджвання) аднесены 21 раён: Лунінецкі, Пінскі і Столінскі раёны Брэсцкай вобласці; Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Добрушскі, Ельскі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Нараўлянскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Хойніцкі і Чачэрскі раёны Гомельскай вобласці; Быхаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Слаўгарадскі і Чэрыкаўскі раёны Магілёўскай вобласці.
Чарнобыльская катастрофа закранула значную частку рэспублікі. На тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання апынулася 3 678 населеных пунктаў, у якіх пражывала 2,2 млн чалавек. Спынілі існаванне 479 населеных пунктаў.
Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (ад 12 лістапада 1991 № 1227‑XII ) фарміруецца пералік населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання (далей — Пералік), які пераглядаецца раз у 5 гадоў і карэкціруецца ў залежнасці ад змены радыяцыйнага становішча, у т. л. з улікам даных удакладняючага радыялагічнага абследавання тэрыторый населеных пунктаў.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2021 г. № 75 зацверджана новая (сёмая) рэдакцыя Пераліку (далей — Пералік‑2021). Пры яго падрыхтоўцы выкарыстаны:
-
даныя Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя аб шчыльнасці забруджвання глеб ¹³⁷Cs, ⁹⁰Sr, ²³⁸Pu–²⁴⁰Pu (па стане на 1.1.2020);
-
даныя Каталога сярэдніх гадавых эфектыўных доз апраменьвання жыхароў населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання Рэспублікі Беларусь, зацверджанага 10 красавіка 2020 г. Міністрам аховы здароўя.
Згодна з Пералікам‑2021 да зон радыеактыўнага забруджвання адносяцца 2 022 населеныя пункты і 49 аб’ектаў. Больш за ўсё населеных пунктаў — 1 746, або 86,4 %, — у зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем (тут пражывае каля 90 % насельніцтва забруджаных тэрыторый).
У параўнанні з папярэднім Пералікам населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 2016 № 9), колькасць такіх населеных пунктаў рэспублікі зменшылася (у т. л. з улікам скасавання) на 171: у Гомельскай вобласці — на 83, у Магілёўскай — на 38, у Брэсцкай — на 10, у Гродзенскай — на 18, у Мінскай вобласці — на 22, а колькасць аб’ектаў — на 2. Усяго з 1992 па 2021 г. колькасць населеных пунктаў зменшылася на 1 491 населены пункт, або на 42 %.
Змены, прадугледжаныя Пералікам‑2021, адлюстроўваюць пераход 88 населеных пунктаў у менш «жорсткія» зоны радыеактыўнага забруджвання ў сувязі з памяншэннем шчыльнасці забруджвання глеб радыенуклідамі, зніжэннем сярэдніх гадавых эфектыўных доз апраменьвання насельніцтва.
У размеркаванні населеных пунктаў па зонах радыеактыўнага забруджвання адлюстраваны наступныя змены. У параўнанні з папярэднім Пералікам колькасць населеных пунктаў зменшылася ў зонах: пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем з 1 827 да 1 746, з правам на адсяленне — з 353 да 271, наступнага адсялення — з 13 да 5.
У сувязі з памяншэннем шчыльнасці забруджвання і зніжэннем дозы апраменьвання насельніцтва 81 населены пункт, які знаходзіцца ў цяперашні час у зоне з правам на адсяленне, перайшоў у зону пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем. З зоны паслядоўнага адсялення ў зону з правам на адсяленне перайшло 7 населеных пунктаў.
З 1986 да пачатку 2020 г. колькасць насельніцтва рэспублікі, якое пражывала на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, паменшылася на 1 096,4 тыс. чалавек, або на 49,8 %, і на 1.1.2020 г. складала 1 103,6 тыс. чалавек.
Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, на пачатак 2022 г. колькасць населеных пунктаў у зонах радыеактыўнага забруджвання складала 1 891; у іх пражывала 953 549 чалавек, у т. л. 121 622 дзіцяці.