АРКТЫЧНЫ ФРОНТ, памежная зона паміж арктычным паветрам і паветранымі масамі ўмераных шырот
pdf

АРКТЫЧНЫ ФРОНТ

Дата стварэння: 16.06.2025 09:12:51

Дата змены: 11.08.2025 10:21:02


Аркты́чны фронт

Атмасферны фронт паміж арктычным паветрам і палярным паветрам.

Размяшчаецца звычайна на 60–75° паўночнай шыраты. Утварае некалькі адгалінаванняў, якія пастаянна змяняюць сваё месцазнаходжанне. У выніку цыкланічнай дзейнасці можа перамяшчацца на поўдзень, ва ўмераныя шыроты. Часам абгінае ўсё Паўночнае паўшар’е.

На арктычным фронце развіваецца цыкланічная дзейнасць — зараджэнне і эвалюцыя цыклонаў і антыцыклонаў.

На тэрыторыю Беларусі прыходзіць з паўночнага захаду (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — з поўначы і паўночнага ўсходу.

Праходжанне арктычнага фронту суправаджаецца выпадзеннем ападкаў, паніжэннем тэмпературы паветра, узмацненнем вятроў паўночных напрамкаў, частымі завірухамі.

Моцнае пагаршэнне надвор’я на арктычным фронце бывае, калі на тэрыторыю Беларусі або суседнія ўсходнія раёны надыходзяць цыклоны, якія ўтвараюцца над Нарвежскім морам і Баранцавым морам. Яны прыносяць моцныя снегапады і завірухі, парывы ветру дасягаюць 20–25 м/с.