ДАПАМОГА ФРОНТУ, усенародная ў Вялікую Айчынную вайну
pdf

ДАПАМОГА ФРОНТУ

Дата стварэння: 24.10.2023 09:18:08

Дата змены: 11.09.2024 15:58:58

Дапамо́га фро́нту, усенародная ў Вялікую Айчынную вайну

Усенародны, масавы добраахвотніцкі pyx савецкіх людзей у Вялікую Айчынную вайну па аказанні ўсебаковай падтрымкі Чырвонай арміі і Ваенна-марскому флоту, павышэнні іх магутнасці, узбраення і забеспячэння.

Гэта патрыятычнае пачынанне працоўных, ухваленае ЦК ВКП(б), узначальвалі мясцовыя партыйныя, савецкія, прафсаюзныя, камсамольскія і іншыя грамадскія арганізацыі. Выражалася ў розных формах: ва ўдарнай працы на вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы, у масавым добраахвотным уступленні ў Чырвоную армію, народнае апалчэнне. Сотні тысяч савецкіх грамадзян добраахвотна ўступалі ў дзеючую армію і флот, народнае апалчэнне, знішчальныя батальёны, групы самаабароны. У краіне ствараліся добраахвотніцкія злучэнні, у т. л. Кубанска-Баранавіцкая казацкая кавалерыйская дывізія, Кубанска-Слуцкая казацкая кавалерыйская дывізія і інш. У авангардзе ішлі камуністы і камсамольцы. Узбраенне і абмундзіраванне асабовага складу гэтых злучэнняў праводзілася за сродкі працоўных. Адна з яркіх форм дапамогі фронту — падпольная і партызанская барацьба на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Толькі на Беларусі ў партызанскіх фарміраваннях вялі барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 374 тыс. патрыётаў-добраахвотнікаў, у партызанскіх рэзервах было каля 400 тыс. чалавек. Больш за 70 тыс. патрыётаў змагалася ў падполлі (гл. Партыйнае падполле, Камсамольска-маладзёжнае падполле, Антыфашысцкія арганізацыі).

Дапамога фронту выражалася таксама ў разгортванні ўсесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва, правядзенні камуністычных нядзельнікаў, у руху за стварэнне фонду абароны СССР, фонду здароўя абаронцаў Радзімы, донарства, у зборы сродкаў на будаўніцтва танкавых калон, авіяэскадрылляў, бронепаяздоў і баявых караблёў, у пісьмах і падарунках франтавікам, клопаце савецкіх людзей аб сем’ях франтавікоў, інвалідах вайны і інш. Пастановай ЦК ВКП(б) ад 6 кастрычніка 1941 г. абкамы, крайкамы і ЦК кампартый саюзных рэспублік абавязваліся да 15 кастрычніка 1941 г. зацвердзіць склад абласных, краявых і рэспубліканскіх камітэтаў дапамогі па абслугоўванні хворых і параненых байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі.

Вясной 1943 г. пачаўся рух за стварэнне фонду Галоўнага камандавання за кошт перавыканання кожным ваенным прадпрыемствам гадавой вытворчай праграмы.

За гады вайны агульныя паступленні грашовых сродкаў ад насельніцтва СССР у фонд абароны па дзяржаўных пазыках і латарэях склалі 118 млрд руб.; на добраахвотныя ўзносы савецкіх людзей было пабудавана больш за 2,5 тыс. баявых самалётаў, некалькі тысяч танкаў і артылерыйскіх гармат, дзясяткі бронепаяздоў, 20 падводных лодак і ваенных катэраў; сабраны дзясяткі мільёнаў кажухоў, валёнак, шапак-вушанак і іншых цёплых рэчаў, у якія можна было адзець і абуць каля 10 млн воінаў. Газета «Правда» 10 сакавіка 1943 г. паведамляла, што працоўныя БССР, эвакуіраваныя ў савецкі тыл, і партызаны рэспублікі ўнеслі на будаўніцтва самалётаў і бронепаяздоў «Савецкая Беларусь» каля 5,4 млн руб.

Значную дапамогу фронту аказвала насельніцтва вызваленых ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў раёнаў рэспублікі. Восенню 1943 г. — вясной 1944 г. у выніку мабілізацыі мужчынскага насельніцтва Беларусі Чырвоная армія атрымала больш за 100 тыс. чалавек папаўнення. На патрэбы абароны працавалі добраахвотныя таварыствы і арганізацыі. Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву Беларусі да кастрычніка 1944 г. падрыхтавала каля 4 тыс. інструктараў і мінёраў, якія праверылі і размініравалі каля 35 тыс. км² тэрыторыі, абясшкодзілі і знялі больш за 490 тыс. мін, сабралі каля 430 тыс. авіябомб і артылерыйскіх снарадаў. Арганізацыя Чырвонага Крыжа БССР у 1944 г. — 1‑й палавіне 1945 г. падрыхтавала 1 245 медсясцёр для шпіталяў і фронту.

Працоўныя Беларусі толькі восенню 1944 г. добраахвотна ўнеслі ў фонд абароны 33 млн руб. грашыма, 17 млн руб. аблігацыямі дзяржаўнай пазыкі. Справай усяго народа былі клопат аб параненых, сем’ях салдат, партызан і падпольшчыкаў, інвалідах вайны, а таксама донарства, збор падарункаў франтавікам і інш. У дапамозе фронту праявіліся лепшыя якасці савецкага чалавека: любоў да сацыялістычнай Радзімы, мужнасць і адвага, непахісная воля да перамогі.

На будаўніцтва танкавых калон жыхары Гомеля сабралі 3 млн руб., працоўныя Рэчыцкага раёна — 2,35 млн руб., Лёзненскага раёна — 900 тыс. руб. Калгаснікі васьмі вызваленых раёнаў Магілёўскай вобласці ў кароткі тэрмін здалі для Чырвонай арміі 37,3 тыс. ц хлеба, 150,2 тыс. ц бульбы, 8,1 тыс. ц агародніны, 7,8 тыс. ц мяса; чатырох раёнаў Віцебскай вобласці — 3,8 тыс. ц збожжа, каля 50 тыс. ц бульбы і іншых прадуктаў. За 3 месяцы 1944 г. і за 1945 г. донары рэспублікі здалі для патрэб фронту больш за 8 тыс. літраў крыві. Справай усяго народа быў клопат аб параненых савецкіх воінах. У пачатку студзеня 1945 г. толькі ў Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях працавалі 64 шпіталі, над якімі бралі шэфства розныя арганізацыі, працоўныя, моладзь і школьнікі рэспублікі. Камсамольцы і моладзь Гомельскай вобласці перадалі параненым воінам больш за 120 тыс. падарункаў.

Дапамога фронту была адной з крыніц росту сілы і баявой магутнасці Чырвонай арміі, праяўленнем маральна-палітычнага адзінства савецкага народа, яго высокага патрыятызму.