Дата стварэння: 15.03.2024 10:52:32
Дата змены: 21.07.2025 09:03:21
Партыза́нскi атра́д 278‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клічаўскага, Кіраўскага, Быхаўскага, Бялыніцкага, Бярэзінскага і Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны 9 чэрвеня 1942 г. як спецатрад пры Клічаўскім падпольным райкаме КП(б)Б на базе групы партызан, вылучаных партызанскім атрадам 277‑м (гл. Партызанскі полк 277‑ы). У лістападзе — снежні 1942 г. дзейнічаў у складзе партызанскай брыгады 4‑й Клічаўскай, потым самастойна, з 16 красавіка 1943 г. як атрад 278‑ы ў партызанскай брыгадзе 2‑й Клічаўскай, з 20 мая зноў асобны атрад, у ліпені 1943 г. уключаны ў склад Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы.
Партызаны наносілі ўдары на чыгунках Магілёў — Рагачоў, Магілёў — Шклоў, Бабруйск — Жлобін. У верасні 1942 г. каля чыгуначнай станцыі Мілое ўзарвалі мост. У жніўні 1943 г. на ўчастку Магілёў — Дашкаўка каля в. Сялец Магілёўскага раёна падарвалі 360 рэек, разбурылі 500 м тэлефонна-тэлеграфнай лініі. У маі і жніўні 1943 г. вялі баі з карнікамі, утрымлівалі партызанскую зону. У красавіку, жніўні — кастрычніку 1943 г. удзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у г. п. Клічаў (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943 гг.), вёсках Мацевічы (гл. Мацевіцкі бой 1943 г.), Заполле, Казулічы (гл. Казуліцкія баі 1943, 1944 гг.).
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант у ім налічвалася 490 партызан.
Камандзіры атрада: М. П. Кніга, В. М. Ананіч; камісары: А. М. Латышаў, Я. I. Заяц, А. Ц. Курсакоў; начальнікі штаба: П. А. Кушнер, І. Ф. Рудаў.