Давы́д-Гарадо́к
Горад у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, прыстань на р. Гарынь. Знаходзіцца за 32 км на паўночны ўсход ад г. Столін, за 288 км ад г. Брэст, за 294 км ад Мінска, за 39 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь (на лініі Лунінец — Сарны), аўтадарогамі звязаны з гарадамі Пінск, Столін, Тураў.
Да 1940 г. мястэчка.
У 1940–1961 гг. цэнтр Давыд-Гарадоцкага раёна.
У 1939 г. у Давыд-Гарадку было 11,7 тыс. жыхароў.
У пачатку вайны ў раёне Давыд-Гарадка 75‑я стралковая дывізія (генерал-маёр С. I. Нядзвігін) разам з падраздзяленнямі 6‑й стралковай дывізіі і некаторымі зводнымі атрадамі 4‑й арміі Заходняга фронту стрымлівала націск нямецкіх 293‑й і 45‑й пяхотных дывізій.
Давыд-Гарадок акупіраваны 7 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 702 чалавекі. Гітлераўцы ўжо 9 жніўня 1941 г. расстралялі больш за 450 яўрэяў з Давыд-Гарадка, частка яўрэйскага насельніцтва перасялілася ў Столін і была загублена там. У пачатку 1942 г. захопнікі стварылі ў Давыд-Гарадку гета, куды сагналі ацалелых яўрэяў з горада і наваколля, у час яго ліквідацыі восенню 1942 г. было расстраляна 685 чалавек ва ўрочышчы Хіноўск.
У горадзе і раёне дзейнічалі Давыд-Гарадоцкі падпольны райкам КП(б)Б і Давыд-Гарадоцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» (Пінскай вобласці), партызанскі атрад Давыд-Гарадоцкі. У ліпені і кастрычніку 1943 г. партызаны разграмілі ў Давыд-Гарадку нямецкі гарнізон (гл. Давыд-Гарадоцкія баі 1943 г.).
Давыд-Гарадок вызвалены 9 ліпеня 1944 г. войскамі 397‑й стралковай дывізіі (палкоўнік М. Ф. Андоньеў) 61‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе наступлення на лунінецка-пінскім напрамку ў Беларускай аперацыі 1944 г.
У Давыд-Гарадку знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, на якой пастаўлены помнік;
мемарыяльны комплекс памяці ахвяр генацыду яўрэяў (архітэктар Л. М. Левін) ва ўрочышчы Хіноўск, за 7 км ад горада, на месцы загубы і пахавання яўрэяў з Давыд-Гарадка і наваколля;
мемарыяльная дошка загубленай гітлераўцамі ў 1941–1942 гг. яўрэйскай абшчыне горада.