Мя́дзел
Горад, цэнтр Мядзельскага pаёна Мінскай вобласці, паміж азёрамі Мястра і Баторына. Знаходзіцца за 140 км на паўночны захад ад Мінска, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Княгінін (на лініі Маладзечна — Полацк), на аўтадарозе Мінск — Нарач, аўтадарогамі звязаны з Вільнюсам, Докшыцамі, Паставамі.
У 1940–1959 гг. вёска.
Да 1989 г. гарадскі пасёлак.
У 1940 г. у Мядзеле было 1 290 жыхароў.
Мядзел акупіраваны 2 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў райцэнтры і раёне 420 чалавек, у т. л. з Мядзела 21 яўрэя ў верасні (або жніўні) 1941 г. ва ўрочышчы Мхі і 69 (або 65) яўрэяў у верасні 1942 г. ва ўрочышчы Бор каля возера Баторына; вывезлі 3 079 чалавек на катаржныя работы ў Германію.
У Мядзеле і раёне дзейнічалі падпольныя антыфашысцкія групы, Мядзельскі падпольны райкам КП(б)Б і Мядзельскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава (Вілейскай вобласці), партызанская брыгада імя Л. М. Даватара, партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага (Віцебскай і Вілейскай абласцей) і партызанская брыгада імя С. М. Будзённага (Вілейскай вобласці), якія ўваходзілі ў Вілейскае партызанскае злучэнне, а таксама партызанскі атрад «Баявы» і партызанскі атрад «Трэція».
На тэрыторыі раёна каля в. Чарэмшыцы базіраваліся Вілейскі падпольны абкам КП(б)Б і Вілейскі падпольны абкам ЛКСМБ, выдаваліся «Сялянская газета», орган Вілейскага падпольнага абкама КП(б)Б, газета «Молодёжная правда» і бюлетэнь «Молодёжь Белоруссии в борьбе за Родину» — органы Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ; з восені 1943 г. у раёне дыслакацыі брыгады імя К. Я. Варашылава базіравалася аператыўная група ЦК КП(б) Літвы; каля в. Лужы ў 1943 г. знаходзіўся партызанскі аэрадром.
Партызаны неаднаразова (увосень 1942, летам 1943) нападалі на варожы гарнізон у Мядзеле (які налічваў да 300 салдат і афіцэраў), з снежня 1943 г. брыгада імя К. Я. Варашылава блакіравала яго і ўтрымлівала блакаду да падыходу часцей Чырвонай арміі.
Мядзел вызвалены 4 ліпеня 1944 г. партызанамі брыгады імя К. Я. Варашылава (камандзір I. Н. Крысаў) і воінамі 850‑га стралковага палка (палкоўнік Д. К. Марозаў) 277‑й стралковай дывізіі 72‑га стралковага корпуса 5‑й арміі 3‑га Беларускага фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944 г.
У Мядзеле знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму — загубленых у верасні 1942 г. яўрэяў Мядзела (за 2 км на поўдзень ад горада па аўтадарозе Мінск — Нарач, на беразе возера Баторына); на магілах пастаўлены помнікі);
помнік на месцы расстрэлу яўрэяў Мядзела ў жніўні 1941 г. (за 1,5 км на поўдзень ад горада па аўтадарозе Мінск — Нарач, ва ўрочышчы Мхі);
помнік на месцы расстрэлу савецкіх актывістаў і падпольшчыкаў 22 студзеня 1942 г.;
мемарыяльныя дошкі Героям Савецкага Саюза Д. К. Марозаву і А. С. Бычку, а таксама ў гонар вызвалення Мядзела ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.