pdf

ДОКШЫЦЫ

Дата стварэння: 10.06.2024 16:52:00

Дата змены: 11.09.2024 15:01:49


location Google location Yandex

Докшыцы (месца масавага расстрэлу)


ДОКШЫЦЫ, горад

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у горадзе Докшыцы.

ДОКШЫЦЫ, горад

Помнік на магіле ахвяр фашызму — вязняў гета — у горадзе Докшыцы.

ДОКШЫЦЫ, горад

Помнік Вызвалення ў горадзе Докшыцы.

До́кшыцы

Горад, цэнтр Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, каля вытокаў р. Бярэзіна. За 187 км на захад ад г. Віцебск, за 130 км ад Мінска, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янава (на лініі Маладзечна — Полацк), на аўтадарозе Бягомль — Глыбокае.

У 1940 г. у Докшыцах было 4 106 жыхароў.

З 1940 г. цэнтр раёна.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

Докшыцы акупіраваны 9 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 4 931 чалавека, у т. л. у гета ў Докшыцах, пры ліквідацыі якога 29 мая 1942 г. загінула 2 653 чалавекі.

У раёне дзейнічалі Докшыцкі падпольны райкам КП(б)‌Б і Докшыцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада імя Л. М. Даватара, партызанская брыгада імя ЦК КП(б)‌Б, партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага (Віцебскай і Вілейскай абласцей), партызанская брыгада імя У. І. Леніна (Віцебскай вобласці), асобны партызанскі атрад «Баявы»; выдавалася падпольная газета «Партизанская правда», орган Докшыцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

У Докшыцах стаяў буйны нямецкі гарнізон, які неаднаразова быў разбіты партызанамі (гл. Докшыцкі бой 1943 г., Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943 г.).

Докшыцы вызвалены 2 ліпеня 1944 г. воінамі 306‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр М. I. Кучаравенка) 1‑га стралковага корпуса (генерал-лейтэнант М. А. Васільеў), часткай сіл 10‑й гвардзейскай танкавай брыгады (палкоўнік М. У. Волкаў), 1203‑м самаходным артылерыйскім палком (падпалкоўнік А. I. Сяроў) 43‑й арміі 1‑га Прыбалтыйскага фронту, а таксама 1‑м партызанскім атрадам (камандзір Р. Е. Ахоненка) партызанскай брыгады «Жалязняк» у час Полацкай аперацыі 1944 г.

У Докшыцах знаходзяцца:

  • брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў і партызан; магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);

  • помнік Вызвалення;

  • помнік ахвярам Халакосту на мемарыяльных яўрэйскіх могілках.

Помнік ахвярам Халакосту на мемарыяльных яўрэйскіх могілках у горадзе Докшыцы.
Помнік ахвярам Халакосту на мемарыяльных яўрэйскіх могілках у горадзе Докшыцы.