Касцюко́вічы
Горад, цэнтр Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, на р. Жадунька. За 144 км на паўднёвы ўсход ад г. Магілёў, за 339 км ад Мінска, 3 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (на лініі Крычаў — Унеча); вузел аўтадарог на Клімавічы, Хоцімск, Сураж, Краснаполле.
У 1939 г. у Касцюковічах было 6 092 жыхары.
Нямецкія войскі 12 жніўня 1941 г. прарвалі фронт абароны 13‑й арміі на р. Сож паблізу ад горада і ў гэты ж дзень акупіравалі Касцюковічы.
Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 846 чалавек, у т. л. у Касцюковічах 382 яўрэі (на помніку пазначана лічба 380), якія былі расстраляны 3 верасня 1942 г. каля чыгуначнай станцыі Камунары; амаль поўнасцю спалілі горад.
У горадзе і раёне дзейнічалі Касцюковіцкі падпольны райкам КП(б)Б і Касцюковіцкі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада 13‑я Касцюковіцкая, партызанская брыгада 5‑я Клятнянская; партызанскі атрад 44‑ы, партызанскі атрад 124‑ы Касцюковіцкі, партызанскі атрад 2‑і Хоцімскі і партызанскі атрад «Валянціна Маёрава»; выдавалася падпольная газета «Сталинский призыв», орган Касцюковіцкага падпольнага райкама КП(б)Б.
Партызаны і падпольшчыкі 13 жніўня 1943 г. узарвалі ў Касцюковічах прадпрыемства акупантаў, што вырабляла шпалы і брусы для чыгункі, вывелі са строю лесапільны завод і электрастанцыю.
Касцюковічы вызвалены 28 верасня 1943 г. ciламі 120‑й гвардзейскай (генерал-маёр М. К. Масленікаў) і 283‑й (палкоўнік В. А. Канавалаў) стралковых дывізій 41‑га стралковага корпуса (генерал-маёр В. К. Урбановіч) 3‑й арміі Бранскага фронту ў ходзе Бранскай аперацыі 1943 г. з удзелам 2‑й Клятнянскай партызанскай брыгады (камандзір Ц. М. Каротчанка; дзейнічала на тэрыторыі сучаснай Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі).
У Касцюковічах знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў і партызан; савецкіх воінаў, партызан і мірных жыхароў; камсамольцаў-падпольшчыкаў; адзіночныя пахаванні воінаў Чырвонай арміі — малодшага палітрука В. М. Гаражанкіна, радавога М. М. Сізава і невядомых; магіла ахвяр фашызму; на магілах пастаўлены помнікі;
мемарыяльны комплекс воінам-землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны;
памятны знак партызанскім фарміраванням, якія дзейнічалі на тэрыторыі Касцюковіцкага раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны;
Алея Славы, створана ў гонар шасці Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Касцюковічаў і Касцюковіцкага раёна — Ф. М. Аўхачова, А. Н. Варанцова, М. І. Зіньковіча, В. П. Маргелава, У. А. Скугара, М. П. Судзілоўскага;
мемарыяльная дошка ў гонар воінаў-вызваліцеляў.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1986.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 4: Кадэты—Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997.
Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 5: Кн 1: Магілёўская вобласць / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Касьцюковіцкага раёна / Рэдкал.: М. Р. Барысаў [і інш.]. – Мінск: Вышэйшая школа, 2000.
Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.
Памяць Беларусі. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
Численность населения СССР на 17 января 1939 года. По районам, районным центрам, городам, рабочим посёлкам и крупным сельским населённым пунктам. – Москва: Госпланиздат, 1941.
Свидетельствуют палачи: уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941–1944 гг.: документы и материалы / сост.: В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь, 2009.
Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Могилёвская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; – Москва: Фонд «Историческая память», 2021.
Холокост в Беларуси: трагедия и память: документы и материалы / сост.: В. Д. Селеменев (руководитель) [и др.]. – Минск: Колорград, 2022.
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983. Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.
Ботвинник М. Б. Памятники геноцида евреев Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2000.
Винница Г. Р. Холокост на оккупированной территории Восточной Белоруссии в 1941 – 1944 годах: монография. – Минск: Ковчег, 2014.