pdf

ЛЁЗНА

Дата стварэння: 14.04.2023 11:11:36

Дата змены: 11.11.2024 16:10:06


location Google location Yandex

Лёзна (помнік на магіле ахвяр фашызму)


ЛЁЗНА, гарадскі пасёлак

Помнік на магіле ахвяр фашызму ў гарадскім пасёлку Лёзна.

ЛЁЗНА, гарадскі пасёлак

Вайсковыя могілкі на вуліцы Леніна ў гарадскім пасёлку Лёзна.

ЛЁЗНА, гарадскі пасёлак

Вайсковыя могілкі на паўночнай ускраіне гарадскога пасёлка Лёзна.

ЛЁЗНА, гарадскі пасёлак

Помнік вызваліцелям у гарадскім пасёлку Лёзна.

Лёзна

Гарадскі пасёлак, цэнтр Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці, на р. Мошна. За 40 км на паўднёвы ўсход ад г. Віцебск, за 280 км ад Мінска. Чыгуначная станцыя (на лініі Віцебск — Смаленск). Аўтадарогамі звязаны з гарадамі Віцебск, Смаленск (Расія) і інш.

Да 1938 г. мястэчка.

У 1939 г. у Лёзне было 4 111 жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У пачатку вайны, з 3 па 10 ліпеня 1941 г., у в. Чарнаручча каля Лёзна працаваў ЦК КП(б)‌Б; тут было сфарміравана 29 груп, адпраўленых за лінію фронту для разгортвання партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі. У абарончых баях на поўдзень ад Лёзна вызначылася 153‑я стралковая дывізія (палкоўнік М. А. Гаген). З 17 ліпеня яна ва ўмовах поўнага акружэння некалькі дзён вяла цяжкія баі з праціўнікам, у раёне в. Дабрамыслі (15 км на поўдзень ад Лёзна) прарвала кальцо акружэння, фарсіравала р. Чарніца, прайшла з баямі па тылах ворага і злучылася з часцямі Чырвонай арміі, захаваўшы арганізацыю і баяздольнасць.

Лёзна акупіравана 17 ліпеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раённым цэнтры і раёне загінуў 2 901 чалавек, у т. л. у Лёзна 1 717 мірных жыхароў. Гітлераўцы стварылі ў Лёзна гета, вязні якога былі расстраляны ў лютым 1942 г. у Адаменскім рове каля гарадскога пасёлка (на гэтым месцы ў лютым — сакавіку 1942 было загублена звыш 1,2 тыс. або, па іншых звестках, звыш 1,5 тыс. яўрэяў з Лёзна, в. Калышкі і іншых навакольных вёсак).

На тэрыторыі раёна дзейнічалі: Лёзненскі падпольны райкам КП(б)‌Б і Лёзненскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 16‑я Смаленская, партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава і партызанская брыгада Лёзненская, партызанскі атрад «Меч» і партызанскі атрад А. С. Пятрова; выдавалася падпольная газета «Ленінскі сцяг», орган Лёзненскага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

У 1943 г. фашысты ператварылі гарадскі пасёлак у добра ўмацаваны пункт абароны з разгалінаванай сеткай траншэй, акопаў, дзотаў і бліндажоў.

Лёзна вызвалена 8 кастрычніка 1943 г. воінамі 134‑й (палкоўнік С. С. Чарнічэнка) і 158‑й (генерал-маёр I. С. Бязуглы) стралковых дывізій 84‑га стралковага корпуса, 4‑й знішчальна-процітанкавай артылерыйскай брыгады (палкоўнік М. П. Саўлевіч) 39‑й арміі, 47‑й механізаванай брыгады (падпалкоўнік Р. Е. Міхайлаў), 28‑й гвардзейскай танкавай брыгады (палкоўнік Я. М. Кавалёў) і 1820‑га самаходнага артылерыйскага палка (маёр I. С. Гара) рухомай механізаванай групы Калінінскага фронту ў ходзе наступлення на віцебскім напрамку. Савецкія пехацінцы на працягу трох дзён (6–8 кастрычніка), штурмуючы кожны дом і кожны агнявы пункт, ва ўзаемадзеянні з танкістамі выбілі ворага з пасёлка і чыгуначнай станцыі.

У баях за Лёзна вызначылася 5 часцей і злучэнняў, якім было прысвоена ганаровае найменне «Лёзненскія» (гл. Лёзненскія вайсковыя злучэнні і часці).

Працоўныя раёна, каб аддзячыць за вызваленне, сабралі на будаўніцтва танкавай калоны «Вызвалены лёзненец» 900 тыс. руб. Калона была перададзена 28‑й гвардзейскай танкавай брыгадзе.

У Лёзне знаходзяцца:

  • двое вайсковых могілак, дзе пахаваны савецкія воіны, якія загінулі ў 1941–1943 гг.; магіла ахвяр фашызму (на пахаваннях устаноўлены помнікі);

  • помнік вызваліцелям;

  • помнік землякам — работнікам МТС, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны;

  • Алея Славы.


Літаратура
  1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985.

  2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 4: Кадэты—Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997.

  4. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 10. Кн. 3: Віцебская вобласць / Рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019.

  5. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1992.

  6. Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.

  7. Памяць Беларусі. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.

  8. Численность населения СССР на 17 января 1939 года. По районам, районным центрам, городам, рабочим посёлкам и крупным сельским населённым пунктам. – Москва: Госпланиздат, 1941.

  9. Справочник о местах принудительного содержания гражданского населения на оккупированной территории Беларуси, 1941–1944 / сост.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Гос. ком. по арх. и делопроизводству Респ. Беларусь, 2001.

  10. Свидетельствуют палачи: уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941–1944 гг.: документы и материалы / сост.: В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь, 2009.

  11. Холокост в Беларуси: трагедия и память: документы и материалы / сост.: В. Д. Селеменев (руководитель) [и др.]. – Минск: Колорград, 2022.

  12. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Витебская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; Москва: Фонд «Историческая память», 2020.

  13. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983.

  14. Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.

  15. Ботвинник М. Б. Памятники геноцида евреев Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2000.

  16. Винница Г. Р. Холокост на оккупированной территории Восточной Белоруссии в 1941 – 1944 годах: монография. – Минск: Ковчег, 2014.