Дата стварэння: 18.02.2025 09:57:05
Дата змены: 04.03.2025 14:33:08
Вае́нныя злачы́нцы
У міжнародным праве — арганізатары, падбухторшчыкі, кіраўнікі, выканаўцы і саўдзельнікі злачынстваў супраць міру (планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны), ваенных злачынстваў (парушэнне законаў і звычаяў вайны), злачынстваў супраць чалавецтва (забойствы, вынішчэнні, зняволенні і іншыя здзекі ў адносінах да цывільнага насельніцтва).
Нормы пра адказнасць ваенных злачынцаў замацаваны ў шэрагу міжнародных дагавораў і пагадненняў [Гаагская (1907) і Жэнеўская (1929) канвенцыі], а таксама ў нацыянальным заканадаўстве розных краін (у СССР — Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавіка 1943).
Па ініцыятыве СССР 30 кастрычніка 1943 г. прынята Маскоўская дэкларацыя аб адказнасці нямецкага боку за ўчыненыя зверствы, падпісаная СССР, ЗША і Вялікабрытаніяй. Дэкларацыя замацавала палажэнне пра тое, што германскія салдаты, афіцэры і члены нацысцкай партыі, адказныя за зверствы, забойствы і іншыя злачынствы, учыненыя на тэрыторыі часова акупіраваных імі краін, будуць адасланы ў гэтыя краіны для суда і пакарання за іх злачынствы. Гэтымі дакументамі была створана юрыдычная база пакарання ваенных злачынцаў.
У СССР 2 лістапада 1942 г. была створана Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў для выяўлення і расследавання злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых, вызначэння нанесеных імі страт, устанаўлення асоб ваенных злачынцаў з мэтай перадачы іх пад суд.
Пытанне аб адказнасці галоўных ваенных злачынцаў, злачынствы якіх не звязаны з пэўным геаграфічным месцам, было канчаткова вырашана Лонданскім пагадненнем СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і часовага ўрада Францыі ад 8 мая 1945 г. (да яго далучыліся яшчэ 19 дзяржаў). Пагадненне прадугледжвала, што галоўныя ваенныя злачынцы будуць пакараны сумесным рашэннем урада саюзнікаў, для чаго было вырашана заснаваць Міжнародны ваенны трыбунал (статут яго зацверджаны 20 студзеня 1945). На падставе гэтых дакументаў у 1945–1946 гг. праведзены Нюрнбергскі працэс над галоўнымі ваеннымі злачынцамі нацысцкай Германіі.
У выяўленні і справядлівым пакаранні ваенных злачынцаў (гл. Судовыя працэсы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых) была зацікаўлена і Беларуская ССР, якая у гады вайны перажыла страшэнныя бедствы і панесла незлічоныя страты. Гітлераўцы спалілі і разбурылі на тэрыторыі Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, каля 11 тыс. вёсак (з іх 628 спалена разам з жыхарамі), знішчылі больш за 3 млн савецкіх грамадзян, вывезлі ў Германію на катаржныя работы каля 380 тыс. чалавек. Матэрыяльныя страты, нанесеныя рэспубліцы, склалі 75 млрд руб. (у дзяржаўных цэнах 1941; гл. Акупацыйны рэжым, «Выпаленая зямля», Генацыд, Карныя аперацыі, Лагеры смерці, Населеныя пункты Беларусі, знішчаныя разам з жыхарамі ў 1941–1944 гг. нямецка-фашысцкімі захопнікамі).
Адказнасць за ўчыненыя на тэрыторыі Беларускай ССР злачынствы ляжыць: на камандаванні вайсковых часцей і злучэнняў гітлераўскай арміі і войск СС; на генеральным камісары генеральнай акругі «Беларусь» В. Кубэ (22 верасня 1943 знішчаны мінскімі падпольшчыкамі); на пераемніку В. Кубэ на пасадзе генеральнага камісара, начальніку СС і паліцыі ў генеральнай акрузе «Беларусь» (а з 1943 — пачатку 1944 і на астатняй акупіраванай тэрыторыі Беларусі) обергрупенфюрары СС К. фон Готбергу (пазбег пакарання, скончыўшы жыццё самагубствам у брытанскім палоне 31 мая 1945); на ўпаўнаважаным рэйхсфюрара СС Г. Гімлера па барацьбе з партызанамі ў Беларусі і вышэйшым кіраўніку СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі обергрупенфюрары СС Э. фон дэм Баху-Зялеўскім (з-за пазіцыі союзнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі не панёс пакарання за злачынствы, здзейсненыя на савецкай тэрыторыі); на камандуючым ахоўнымі войскамі і начальніку тылавога раёна групы армій «Цэнтр» генерале пяхоты М. фон Шэнкендорфу (памёр у 1943) і інш.
На Першай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН дэлегацыя Беларускай ССР прапанавала праект рэзалюцыі (прыняты 13 лютага 1946) аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў, перадала спіс больш як на 1,2 тыс. ваенных злачынцаў, што чынілі здзекі і гвалт на часова акупіраванай тэрыторыі рэспублікі. Аднак ніводны з названых у спісе ваенных злачынцаў не быў выдадзены заходнімі дзяржавамі для прыцягнення да адказнасці там, дзе ён учыніў злачынствы.
Беларуская ССР адна з першых падпісала 27 студзеня 1969 г. Канвенцыю аб непрымяненні тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва (прынята 23‑й сесіяй Генеральнай Асамблеі ААН 26 лістапада 1968). У Канвенцыі адзначаецца, што пакаранне ваенных злачынцаў — важны фактар папярэджання ваенных злачынстваў, умацавання даверу і супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэння міжнароднага міру. У СССР, Бельгіі, Францыі, Польшчы і іншых краінах прыняты спецыяльныя законы аб непрымяненні тэрміну даўнасці да нацысцкіх ваенных злачынстваў. Не можа быць дадзена ваенным злачынцам і права прыстанішча (Дэкларацыя ААН аб праве прыстанішча 1967).
У пасляваенныя гады, парушаючы нормы міжнароднага права, урады некаторых заходніх дзяржаў (перш за ўсё ЗША, ФРГ, Канады) вышуквалі розныя прычыны, каб схаваць ваенных злачынцаў і выкарыстаць іх у халоднай вайне супраць СССР, і не выдавалі іх краінам, дзе яны ўчынілі масавыя забойствы, дамагаліся вызвалення з турмаў ужо асуджаных злачынцаў.
Згодна з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 3 снежня 1973 г., усе ваенныя злачынцы падлягаюць вышуку, арышту, судовай адказнасці і пакаранню ў выпадку прызнання судом іх віны.