Дата стварэння: 11.06.2025 14:08:33
Дата змены: 13.03.2026 10:05:15
Агракліматы́чнае раянава́нне
Дзяленне тэрыторыі згодна з паказчыкамі спрыяльнасці кліматычных умоў для земляробства. Падзяляецца на агульнае, якое дае магчымасць цалкам вызначыць агракліматычныя рэсурсы для сельскай гаспадаркі, і спецыяльнае, прызначанае для вырашэння канкрэтных вытворчых задач.
Першае агракліматычнае раянаванне тэрыторыі Беларусі выканана ў 1934–1935 гг. А. І. Кайгародавым на аснове аналізу сярэдняй тэмпературы вегетацыйнага перыяду, працягласці інтэрвалаў з асобнымі тэмпературамі паветра і гадавых сум ападкаў.
У аснову агракліматычнага раянавання, прапанаванага ў 1958 г. Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыяй, былі пакладзены сума тэмператур вышэй за 10 °С і працягласць залягання ўстойлівага снегавога покрыва.
Раянаванне, выкананае А. Х. Шклярам, абапіралася на фізіка-геаграфічныя правінцыі, улічваліся сумы тэмператур паветра за цёплы перыяд года (з тэмпературамі паветра вышэй за 10 °С), каэфіцыент увільгатнення Іванова (адносіна колькасці ападкаў за цёплы перыяд года да велічыні выпаральнасці за гэты ж перыяд), кантынентальнасць клімату, колькасць дзён з тэмпературамі паветра ад 5 да 15 °С і іншыя паказчыкі. Усяго вылучаліся 3 агракліматычныя вобласці з 6 падвобласцямі і 19 агракліматычнымі раёнамі.
У апошніх схемах тэрыторыя Беларусі падзелена на 3 агракліматычныя вобласці (з улікам тэрмічных рэсурсаў вегетацыйнага перыяду і ўмоў забеспячэння яго вільготнасцю):
Паўночную (умерана халодная зіма з устойлівым снегавым покрывам, умерана цёплы вегетацыйны перыяд, устойлівае увільгатненне);
Цэнтральную (умераная зіма з частымі адлігамі зімой, цёплы вегетацыйны перыяд, няўстойлівае у вільгатненне);
Паўднёвую (мяккая кароткая зіма, найбольш працяглы вегетацыйны перыяд і няўстойлівае ўвільгатненне).
З канца 1990‑х гг. у выніку пацяплення клімату адбыўся распад Паўночнай агракліматычнай вобласці і з’явілася новая, больш цёплая агракліматычная вобласць на поўдні Беларусі (Паўднёва-Усходняя), якая характарызуецца самай кароткай і цёплай у межах Беларусі зімой і найбольш працяглым цёплым вегетацыйным перыядам.