СІНАПТЫЧНЫЯ КАРТЫ, карты, якія паказваюць стан атмасферных працэсаў і асобных элементаў надвор’я ў пэўны момант або перыяд
pdf

СІНАПТЫЧНЫЯ КАРТЫ

Дата стварэння: 11.06.2025 15:13:56

Дата змены: 09.02.2026 11:16:46


Сінапты́чныя ка́рты

Карты, якія адлюстроўваюць стан атмасферных працэсаў і асобных элементаў надвор’я ў пэўны момант ці перыяд.

Адрозніваюць сінаптычныя карты прыземныя (паказваюць дадзеныя назіранняў за рознымі элементамі надвор’я каля паверхні), вышынныя (даныя аэралагічных назіранняў на вышынях); складаюць таксама прагнозныя (малююць чаканыя тэмпературы, ападкі, поле ціску і іншыя з’явы на пэўны тэрмін) і дапаможныя, якія ўтрымліваюць значэнні аднаго або двух метэаралагічных элементаў (максімальная і мінімальная тэмпература паветра, колькасць ападкаў, вышыня снегавога покрыва, размяшчэнне струменных цячэнняў і інш.).

На сінаптычных картах праводзяць ізабары, адзначаюць становішча цыклонаў і антыцыклонаў, атмасферных франтоў, зоны атмасферных ападкаў, туманаў і інш.

Дзяржаўная ўстанова «Белгідрамет» выкарыстоўвае аўтаматызаваную геаінфармацыйную сістэму (ГІС Метэа), якая забяспечвае прыём, апрацоўку і выкарыстанне метэаралагічнай інфармацыі для стварэння электронных сінаптычных карт у межах Атлантыка-Еўрапейскага сектара. На аснове аналізу развіцця буйных атмасферных працэсаў, заканамернасцей, якія вылучаюцца пры вывучэнні сінаптычных карт або шляхам лікавых метадаў прагнозу, распрацоўваюцца кароткатэрміновыя (на некалькі гадзін, на суткі) і доўгатэрміновыя (на дэкаду, месяц, сезон) прагнозы надвор’я.