АТМАСФЕРНЫ ЦІСК, ціск атмасфернага паветра на ўсе прадметы і на зямную паверхню
pdf

АТМАСФЕРНЫ ЦІСК

Дата стварэння: 14.10.2024 10:25:31

Дата змены: 29.08.2025 10:24:47


Атмасфе́рны ціск

Ціск атмасфернага паветра на ўсе прадметы і на зямную паверхню; адна з найбольш істотных характарыстык стану атмасферы.

У спакойнай атмасферы ціск у любым пункце роўны масе вышэйляжачага паветранага слупка з адзінкавым сячэннем. Нармальным атмасферным ціскам называецца ціск, роўны масе ртутнага слупка (рт. сл.) вышынёй 760 мм пры тэмпературы 0 °С на шыраце 45° на ўзроўні мора.

Атмасферны ціск — зменлівы метэаралагічны элемент. Ён залежыць ад вышыні паветранага слупка, шчыльнасці паветра, ад паскарэння сілы цяжару, якая мяняецца залежна ад шыраты і вышыні над узроўнем мора.

Асноўнай адзінкай вымярэння ціску ў сістэме СІ служыць паскаль (Па); 1 Па = 1 Н/м². У сістэме СГС (сантыметр-грам-секунда) 760 мм рт. сл. эквівалентна 1013,25 мбар. У сістэме СІ ціск 1013,25 мбар эквівалентны 101325 Па або 1013,25 гПа.

На тэрыторыі Беларусі размеркаванне атмасфернага ціску звязана з умовамі агульнай цыркуляцыі атмасферы ў сярэдніх шыротах Паўночнага паўшар’я і яе сезоннымі зменамі. Максімальны атмасферны ціск адзначаецца зімой у антыцыклонах, мінімальны — у летні перыяд у глыбокіх цыклонах. Сярэдняя шматгадовая велічыня атмасфернага ціску змяняецца ад 982 гПа (горад Навагрудак, 278 м над узроўнем мора) да 1002,5 гПа (горад Брагін, 115 м над узроўнем мора).

За апошнія 100 гадоў самы высокі паказчык ціску (1037,1 гПа) адзначаны ў горадзе Гомель у лютым 1972 г., самы нізкі (942,9 гПа) у Мінску ў снежні 1957 г.

Рэзкія змены ціску неспрыяльныя для здароўя людзей.