ГРЭЗА, рака ў Магілёўскім і Быхаўскім раёнах Магілёўскай вобласці
pdf

ГРЭЗА

Дата стварэння: 21.05.2025 15:23:37

Дата змены: 29.12.2025 10:22:07


Грэ́за

Рака ў Магілёўскім і Быхаўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Даўжыня 51 км.

Левы прыток ракі Друць (басейн ракі Дняпро). Асноўны прыток — рака Язва (злева).

Плошча вадазбору 458 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,5 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,7 ‰. Гушчыня рачной сеткі 0,4 км/км².

Лясістасць тэрыторыі 58 % (мяшаныя лясы з перавагай хвойных парод, растуць пераважна ў ніжнім цячэнні).

Пачынаецца каля паўночна-ўсходняй ускраіны вёскі Загрэззе Магілёўскага раёна, вусце на паўднёвай ускраіне вёскі Вязьма Быхаўскага раёна.

Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шырынёй 1–1,5 км.

Схілы спадзістыя, вышынёй 2–7 м, месцамі да 12 м, пераважна адкрытыя, у ніжнім цячэнні парослыя лесам.

Пойма двухбаковая, часткова парэзана старарэччамі і канавамі, шырынёй 0,4–0,5 км. Падчас разводдзя ў сярэднім і ніжнім цячэнні затапляецца на глыбіню да 0,5 м на 5–6 сутак.

Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу. Шырыня ракі ў межань у верхнім цячэнні 4–6 м, ніжэй — каля 10 м.

Берагі ўмерана стромкія, адкрытыя, пад лугамі.

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 55 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка — 1‑й дэкадзе красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,7 м. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у 3‑й дэкадзе сакавіка.

У пойме ракі Студзёнкаўскае вадасховішча.

Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў.