Дата стварэння: 21.05.2025 15:26:45
Дата змены: 29.12.2025 10:44:22
Крыва́я
Іншая назва: Xвашчоўка.
Рака ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Даўжыня 46 км.
Левы прыток ракі Друць (басейн ракі Дняпро). Асноўны прыток — рака Ржаўка (злева).
Плошча вадазбору 242 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,6 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,8 ‰. Лясістасць тэрыторыі вадазбору 27 %.
Пачынаецца за 1,5 км на захад ад вёскі Станаўка, вусце за 0,5 км на поўдзень ад вёскі Сенчукі.
Цячэ па паўднёвай частцы Аршанскага ўзвышша. Даліна на значным працягу добра распрацаваная, трапецападобная, шырынёй 0,6–1 км, у вярхоўі не выражана. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, вышынёй 20–30 м, парэзаныя ярамі і сеткай меліярацыйных каналаў, пераважна адкрытыя, у ніжнім цячэнні парослыя лесам.
Пойма вузкая, лугавая, шырынёй 0,2–0,5 км, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае.
Берагі стромкія, месцамі абрывістыя, вышынёй 0,5–1 м.
Рэчышча каналізавана на працягу 19,7 км: ад вусця канала К‑3 да паўднёвай ускраіны вёскі Жураўлі (6,1 км) і ад аўтамабільнай дарогі Масква — Мінск да вёскі Воўкавічы (13,6 км). На астатнім працягу рэчышча звілістае, шырынёй у межань 5–8 м, у ніжнім цячэнні да 10 м. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 69 % аб’ёму гадавога сцёку.
Рака прымае сцёк меліярацыйных сістэм.