УША, рака ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці і Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, левы прыток Нёмана
pdf

УША

Дата стварэння: 21.05.2025 15:55:31

Дата змены: 29.12.2025 13:32:36


Уша́

Рака ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці і Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Левы прыток ракі Нёман. Даўжыня 105 км.

Асноўныя прытокі: Змейка, Сноўка, Гарадніца, Цятранка — злева; Радунька, Міранка — справа.

Пачынаецца каля вёскі Качановічы Нясвіжскага раёна, упадае ў Нёман на ўсход ад аграгарадка Ярэмічы Карэліцкага раёна.

Плошча вадазбору 1220 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,3 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,5 ‰. Шырыня ракі ў вусці 35 м, хуткасць цячэння — 0,3 м/с.

Даліна не выражана, схілы забалочаныя. Пойма двухбаковая, забалочаная, шырыня разліву ў ніжнім цячэнні да 2,5 км, у верхнім і сярэднім — ад 100 м да 1 км.

Рэчышча на працягу 10,1 км каналізавана: ад вытоку да сажалкі Дзікая (7,3 км) і ад пункта за 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Еськавічы да паўночнай ускраіны вёскі Круты Бераг Нясвіжскага раёна (2,8 км).

Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгаход у канцы сакавіка.

Прымае сцёк меліярацыйных каналаў.

Каля горада Нясвіж на рацэ ланцужок сажалак, утвораных плацінамі: Альбянская, Бернардзінская, Дзікая, Дзявочая, Замкавая, Свіцязь. Сажалкі часткова выкарыстоўваюцца для рыбаводства.

Даліна ракі шчыльна заселена, рака працякае вялікую колькасць населеных пунктаў. Найбуйнейшыя з іх — горад Нясвіж і гарадскі пасёлак Гарадзея.