Дата стварэння: 07.08.2025 14:46:54
Дата змены: 26.01.2026 09:53:21
Бобр
Рака ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці, Крупскім і Барысаўскім раёнах Мінскай вобласці. Даўжыня 124 км.
Левы прыток ракі Бярэзіна (басейн ракі Дняпро). Асноўныя прытокі: Можа, Еленка, Пліса (злева), Нача (справа).
Плошча вадазбору 2190 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Агульнае падзенне ракі 69,4 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,56 ‰.
Пачынаецца на заходніх схілах Аршанскага ўзвышша каля вёскі Рафалова Талачынскага раёна, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шырынёй 1–2 км.
Схілы ў вярхоўях спадзістыя, ніжэй — стромкія, вышынёй да 15–20 м.
Пойма высокая, няроўная, месцамі забалочаная, шырынёй 300–500 м. Затапляецца вадой на глыбіню ад 0,5–0,8 м у верхнім цячэнні да 1–1,2 м у ніжнім на 15–20 сутак.
Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, шырыня ракі ў межань 6–25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 44 %, летне-асенняй межані 40 % гадавога сцёку. Калі адбываецца разводдзе, то максімальнае перавышэнне ўзроўню над межанным дасягае ў ніжнім цячэнні 2,5 м. Замярзае рака ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. У пойме меліярацыйныя каналы.
Водзяцца шчупак, быстранка, верхаводка, язь, пячкур, галавень, ялец, плотка, мянтуз, акунь, ёрш звычайны, краснапёрка, бычок-пясочнік (пясчанік, падкаменшчык), лешч і інш.
На рацэ знаходзяцца горад Крупкі і гарадскі пасёлак Бобр, вусце на тэрыторыі ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Чарневіцкі».