ГАЙНА, рака ў Лагойскім, Смалявіцкім і Барысаўскім раёнах Мінскай вобласці
pdf

ГАЙНА

Дата стварэння: 07.08.2025 14:52:27

Дата змены: 29.12.2025 10:17:02


Га́йна

Рака ў Лагойскім, Смалявіцкім і Барысаўскім раёнах Мінскай вобласці. Даўжыня 100 км.

Правы прыток ракі Бярэзіна (басейн ракі Дняпро). Асноўныя прытокі: рэкі Усяжа (справа) і Цна (злева).

Плошча вадазбору 1670 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Агульнае падзенне ракі 100,7 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 1,01 ‰. Гушчыня рачной сеткі 0,37 км/км².

Пачынаецца за 0,6 км на паўднёвы захад ад вёскі Равячына Лагойскага раёна, у вярхоўі цячэ па паўночна-ўсходняй частцы Мінскага ўзвышша, у ніжнім цячэнні — па Верхнебярэзінскай нізіне, упадае ў Бярэзіну за 1 км на поўнач ад вёскі Весялова Барысаўскага раёна.

Рэльеф вадазбору слабахвалісты, у верхняй частцы ўзгорысты. Лясістасць тэрыторыі 41 %. Даліна трапецападобная, ніжэй ад месца ўпадзення ракі Цны невыразная, шырынёй ад 0,8–1,2 км у верхнім цячэнні да 2,5–3 км у ніжнім. Пойма да вёскі Свідна Лагойскага раёна адсутнічае, на астатнім працягу пераважна двухбаковая (шырынёй 1–1,5 км). У разводдзе затапляецца вадой на глыбіню да 1 м на 5–15 сутак. У 1963 г. і 1985–1987 гг. у вярхоўях на ўчастку ад вытоку да вёскі Кузевічы Лагойскага раёна 9 км рэчышча каналізавана (на астатнім працягу звілістае).

Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 2–4 м, у сярэднім цячэнні 10–16 м, у вусці да 20 м.

Берагі стромкія, часта абрывістыя, вышынёй 1–4 м. Рака адрозніваецца інтэнсіўным разводдзем, на вясновы перыяд прыпадае каля 30 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка — на пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 0,9–1,6 м, максімальная 2,1 м. Рака замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка.

Водзяцца шчупак, быстранка, язь, пячкур, ялец, плотка, мянтуз, акунь, джгір звычайны.

Суднаходная на працягу 30 км да вусця ў перыяд вялікай вады.

Каля аграгарадка Гайна размешчаны гідралагічны пост. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.

На рацэ знаходзяцца горад Лагойск, плаціна і невялікае вадасховішча (у межах горада). На вадазборы ў маляўнічых месцах зоны адпачынку мясцовага значэння Гайна і Лагойшчына. У міжрэччы Гайны і Цны знаходзіцца Хатынскі лес — лясны масіў (плошча больш за 3 тыс. га), у цэнтры якога ўзведзены мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс «Хатынь».